Каб не спыніўся рух мастацкага слова
У Мінскую абласную бібліятэку імя Аляксандра Пушкіна завітаў трэці красавіцкі дзень. Ён няспешна прайшоўся па фае другога паверха, аблашчыў позіркам чараду карцін на сцяне з верлібрамі і графічнымі малюнкамі, залюбаваўся афармленнем вокладак кніг і паштовак у шкляной шафе… Гэты дзень прывітаў наведвальнікаў літаратурна-мастацкай выставы “Каб не спыніўся рух”, аўтар якой – член Саюза пісьменнікаў Беларусі, празаік, паэт, мастачка Таццяна Каленік. Выстава, адметная арыгінальнасцю, створана па матывах аднайменнай кнігі, што пабачыла свет зусім нядаўна, а яе назва гарманіруе з сённяшнімі з’явамі ў прыродзе: рухам, абуджэннем, вясной.
Вясна гаспадарыла не толькі ва ўтульных бібліятэчных пакоях, але і ў сэрцах людзей. У межах выставы, урачыста адкрытай дырэктарам бібліятэкі Наталляй Мікалаеўнай Вашчыла, ладзілася імпрэза. Яе бліскуча правяла Таццяна Рыгораўна. Пісьменніца дарыла прысутным чароўную прыгажосць верлібраў з глыбокім філасофскім сэнсам, уласныя кнігі, сувеніры.
Цёплымі віншаваннямі адгукнуліся літаратары Рагнед Малахоўскі, Ірына Карнаухава, Аляксей Шаўцоў, Таццяна Цвірко, Галіна Нупрэйчык, Тамара Бунта, Валянціна Быстрымовіч, Тамара Залесская, Аліна Легастаева, Вольга Рацэвіч, Лізавета Палеес.
Памятныя падарунакі – карціны – зрабілі мастачкі Святлана Раманава і Наталля Жыгамонт. З зачараваннем слухалі паэтэсу-песенніцу Алену Маслоўскую, якая выконвала ўласныя творы пад акампанемент гітары. Рэжысёр Мінскага гарадскога тэатра паэзіі Святлана Яфрэмава парадавала слухачоў яскравым акцёрскім талентам. Чытальніца Таццяна Плашчынская шчыравала творамі любімых паэтаў. Выступілі з вершамі і члены літаратурнага аб’яднання “Слова”, што працуе пры бібліятэцы № 3 імя Уладзіміра Маякоўскага.
Самая юная госця мерапрыемства, Юлія Кавальчук, прыехала з Гомеля. Яна – аўтар праекта “Новинки литературных журналов”. Яе ж пяру належыць анатацыя да кнігі “Каб не спыніўся рух”.
З добрымі пажаданнямі і падарункамі завіталі калегі па творчым цэху і працы, аднакласнікі, чытачы, сябры. Выдатны настрой, радасць сустрэчы, высокі эмацыянальны пад’ём не адпускалі прысутных на працягу ўсяго мерапрыемства.
Тры гадзіны праляцелі імгненна. Свята майстэрства пяра і алоўка, шчодра аздобленае паэзіяй, музыкай, водарам кветак, памятнымі дарункамі, атрымалася прыгожым, змястоўным, непаўторным.
Галіна Плакса