Г. Міклашэвіч. Вершы
Слуцкаму краю
Зямля мая, пад небам сінявокім
Красуешся і вабіш чысцінёй.
Чаруюць лёгкакрылыя аблокі…
Маё натхненне ты і гонар мой.
О, як багата колераў і красак –
І акрыляе думак маладосць.
Душы маёй і сэрца абавязак
Любіць і славіць гэту прыгажосць.
Твае палі, лугі і пералескі
Гукаюць – я шчаслівая бягу.
Так без прастораў сумна мне і цесна,
Яны разгоняць горыч і тугу.
Грыбы, суніцы, спелыя ажыны,
Тваіх лясоў багацце не злічыць
Бярозы стройныя і юныя рабіны,
Мне без зямелькі роднай не пражыць…
І я жыву з надзеяй і любоўю,
З падзякай за бязмежны рай.
Душа мая напоўнена табою
Мой ненаглядны слуцкі край.
Роднай мове
Мне сёння шчасна ад твайго святла
О, мова, прыгажэйшая у свеце !
З маім народам ты вякі жыла,
Няхай і сёння чуюць цябе дзеці.
Я ўсё нутро сваё і ўсю душу
Пускаю праз струмень твой жыватворны,
З табой чытаю, думаю, пішу,
Лаўлю акорд мажорны і мінорны…
Пявучая, крынічная мая,
Ты родная і блізкая да скону…
Ты ў шуме дрэў, у трэлях салаўя…
Ты для мяне свяцейшая ікона…
Паслаў з нябёс сам Бог ці чарадзей,
Тулюся да цябе, нібы да маці…
Ляці, спявай, вяртайся да людзей,
Гучы і сёння ў беларускай хаце!
Майму слаўнаму гораду
Мой слаўны горад, зноўку ты цвіцеш
Аздоблен працавітымі рукамі
Табе мой шчыры і натхнёны верш
Ты жыў і будзеш жыць вякамі.
Ты сёння прыгажэеш на вачах:
Гамоняць рэхам слуцкія завулкі,
Прыемна нос казыча смачны пах
Каўбаскі слуцкай, свежай здобнай булкі.
Твой гонар і сумленне – землякі
Шчыруюць дбайна на палях радзімы
Вядомыя ў свеце слуцакі
Народ свій славяць родны і адзіны.
Жыццё віруе ў школах і садках
З дзіцячым смехам горад маладзее
Тут талентам адкрыты светлы шлях
У моладзь наша вера і надзея.
Сафію мудрую шануюць землякі
Ім слуцкі пояс блізкі і знаёмы
І храмы, перажыўшыя вякі
Ўслаўляюць верай шчыраю, нястомнай.
Мой мілы Слуцк, у засені бяроз,
Па берагах Случы шумяць ракіты…
Удзячна, што з табою звёў нас лёс.
Табе мая любоў, мая малітва…