Фестываль беларускай кнігі
26 лістапада на Бярэзіншчыне адбыўся традыцыйны фестываль беларускай кнігі “Кніжныя гарызонты”. У Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбыліся сустрэчы беларускіх пісьменнікаў з бярэзінскімі кнігалюбамі- прыхільнікамі прыгожага пісьменства. Старшакласнікам была адрасавана творчая сустрэча з паэтам, намеснікам старшыні Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, рэдактарам аддзела паэзіі штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва” Рагнедам Малахоўскім “Я малюю фарбамі душы”. Рагнед Юр’евіч шчыра падзяліўся з маладымі сучаснікамі сваімі творчымі набыткамі і поглядамі на ролю сучаснай літаратуры ў грамадстве. Жадаючыя маглі набыць паэтычныя зборнікі аўтара з аўтографамі.
Пісьменніца, настаўніца па адукацыі, кіраўнік сталічных студый юных літаратараў Іна Фралова парадавала бярэзінскіх школьнікаў сваімі вершамі і сюжэтамі цікавых апавяданняў, пазнаёміла са сваімі маляўніча аформленымі кніжкамі для дзяцей, адказала на пытанні зацікаўленых юных чытачоў, Аўтографы аўтара на падораных выданнях сталі для школьнікаў асаблівым знакам сяброўства.
Трэці год запар у Бярэзінскай раённай бібліятэцы ў фармаце літаратурнай восені ладзяцца фестывалі беларускай кнігі “Кніжныя гарызонты” з удзелам членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пасля сустрэч пісьменнікаў з бярэзінскімі чытачамі на бібліятэчнай пляцоўцы, традыцыйна праходзяць пасяджэнні за круглым сталом пісьменнікаў, бібліятэкараў школьных і публічных бібліятэк, настаўнікаў літаратуры Бярэзінскага раёна. Сёлета ўсіх з’яднаў круглы стол “Дарослыя праблемы дзіцячай літаратуры”. Удзельнікамі дыскурса сталі І. Фралова і Р. Малахоўскі. Ішла зацікаўленая размова аб значнасці жанру дзіцячай літаратуры, адказнай місіі пісьменнікаў, бібліятэкараў і настаўнікаў у справе выхавання падрастаючага пакалення, аб асаблівай запатрабаванасці твораў для падлеткаў. У ходзе стасункаў удзельнікі круглага стала падзяліліся творчымі падыходамі да папулярызацыі беларускай кнігі. Такія сустрэчы-дыялогі карысныя і самім пісьменнікам, і прыхільнікам іх таленту.






Крыніца: 















