Дваццаць гадоў на літаратурна-музычнай ніве
Пісьменнікі Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі прынялі актыўны ўдзел у святочных мерапрыемствах з нагоды 20-гадовага юбілею народнага клуба паэтаў і кампазітараў “Жывіца” пры абласным цэнтры народнай творчасці. Гэты аматарскі калектыў аб’ядноўвае вакол сябе творчых людзей з розных куткоў Міншчыны, з’яўляецца лідэрам сярод больш чым дваццаці самадзейных літаратурна-музычных калектываў рэгіёна. Многія жывічане сталі членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі, паспяхова працуюць у розных літаратурных жанрах.
У нядзелю ў сталічным Доме літаратараў адбыўся справаздачны канцэрт калектыву, якім нязменна кіруе паэтэса, дзіцячая пісьменніца, кампазітар Ірына Карнаухава. Са сцэны тэатральнай залы гучалі музычныя творы на вершы пісьменнікаў аддзялення: Уладзіміра Цануніна, Людмілы Круглік, Ірыны Карнаухавай і іншых. Гучалі мілагучныя паэтычныя радкі з вуснаў такіх аўтараў як Галіна Нічыпаровіч, Тамара Бярэзіна, Віктар Кажура, Таццяна Цвірка, Галіна Нупрэйчык.
З прывітальным словам ад імя старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Карлюкевіча, а таксама з асабістымі віншаваннямі выступіў старшыня Мінскага абласнога аддзялення пісьменніцкай арганізацыі Леанід Крыванос. Сярод жадаючых павіншаваць творчы калектыў былі і прадстаўнікі Мінаблвыканкама, абласнога цэнтра народнай творчасці, Беларускага фонда міру, Саюза музычных дзеячаў. Павіншаваць юбіляраў прыехалі іншыя творчыя калектывы вобласці.
Прэс-служба МАА СПБ