ДОБРЫЯ ТРАДЫЦЫІ
Пісьменнікі Мінскага абласнога аддзялення прадаўжаюць добрыя традыцыі знаёмства падрастаючага пакалення са сваімі творамі і кнігамі.
На мінулым тыдні старшыня Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, паэтэса, дзіцячы пісьменнік і перакладчыца Святлана Быкава сумесна з супрацоўнікамі Выдавецкага Дома “Звязда” наведала Дзяржынск, дзе правяла адразу тры сустрэчы з вучнямі сярэдніх навучальных устаноў горада.
Першая сустрэча адбылася ў Дзяржынскай гімназіі, дзе ў актавай зале яе чакалі вучні двух трэціх класаў навучальнай установы. З цікавасцю дзеці слухалі вершы з кнігі Святланы Быкавай “Солнечный зайчик” і пазнаёміліся з галоўнымі героямі кнігі казачна-фантастычных гісторый пад назвай “Мечты сбываются или космические приключения Тёмы и SOULарика”, выдадзеныя ў ВД”Звязда”. Напрыканцы сустрэчы здеці з задавальненнем разгадвалі вершаваныя загадкі пісьменніцы, а самыя актыўныя з іх атрымалі на памяць ад Выдавецкага Дома “Звязда” сувеніры – календарыкі. 

Наступнае месца творчай сустрэчы – Гімназія №1 горада Дзяржынска. У актавай зале навучальнай установы сабраліся 120 чалавек – вучні з пяці чацьвёртых класаў. Яны цікава правялі час, слухаючы вершы і казкі, якія чытала Святлана Быкава, разгадвалі яе загадкі. Напрыканцы сустрэчы дзеці задавалі пісьменніцы шмат пытанняў, атрымалі ў падарунак ад яе буклеты з вершамі і календарыкі Выдавецкага Дома “Звязда”, набылі яе кнігі. Апошняя сустрэча адбылася ў дзіцячай чытальнай зале Дзяржынскай цэнтралізаванай раённай бібліятэкі. Вучні чацьвёртага класа адной з сярэдніх школ горада таксама пазнаёміліся з творчасцю вядомай беларускай дзіцячай пісьменніцы, атрымалі падарункі і набылі яе кнігі.

















