Цяпло паэтычнай душы Клеччыны

24 лютага ў межах тыдня роднай мовы ў Клецкай сярэдняй школе №2 ладзілася сустрэча з членам Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Галінай Нупрэйчык і мясцовымі паэтамі Аляксандрам Жукоўскім, Юрыем Эвертам , Вольгай Лабажэвіч. Мерапрыемства “Цяпло паэтычнай душы Клеччыны” было арганізавана і праведзена раённай бібліятэкай сумесна з настаўнікамі школы і літаратурным аб’яднаннем “Голас”.

Вучні старэйшых класаў уважліва слухалі паэтаў-землякоў, задавалі пытанні, удзельнічалі ў размове. Шмат вершаваных твораў прагучала пра непаўторную прыгажосць роднай мовы, яе адметнасць, самабытнасць.

Галіна Нупрэйчык і Вольга Лабажэвіч пазнаёмілі прысутных з аўтарскімі і калектыўнымі кніжнымі выданнямі, прачыталі беларускамоўныя вершы рознай тэматыкі і формы. Прысутным прыйшоўся даспадобы трапны гумар Аляксандра Жукоўскага. Юрый Эверт пасля чытання лірычных вершаў віртуозна сыграў на баяне і праспяваў уласнае “Клецкае танга” на словы члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Ліліі Мялешка. Сустрэча атрымалася змястоўнай, цёплай і карыснай для вучняў.