«Цэ-цэ, або цалуйце цешчу»
Так называецца новая кніга члена Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Аркадзя Жураўлёва, што пабачыла свет у маладзечанскай друкарні “Перамога”.
Аркадзь Жураўлёў не перастае здзіўляць: яшчэ не паспела “абветрыцца” друкарская фарба зборніка выбраных казак “Чароўныя словы” (дарэчы, намінаванай на Нацыянальную літаратурную прэмію Беларусі 2022 года), як свежы сюрпрыз ад нашага аўтара.
У новым зборніку пад адной вокладкай А. Жураўлёў сабраў свае лепшыя гумарыстычныя творы, што друкаваліся на старонках сатырычнага часопіса «Вожык», іншых выданняў Беларусі і Расіі. Многія творы напісаны ў апошнія гады – камедыйныя сцэнкі ў адну дзею «Здзелка», дзе галоўнымі героямі выступаюць былыя калегі аўтара. Не менш сучасныя захапляльна-дынамічныя сцэнкі «Сюрпрыз», «Жыць на радасць», дзе галоўныя героі – хцівы кіраўнік прадпрыемства, руплівая жанчына-развядзёнка, што прыняла прымака-выпівоху, але дзякуючы сваёй жаночай кемлівасці перавыхавала небараку ў прыстойнага чалавека, і рыбак-паляўнічы, які цураўся хатняй гаспадаркі дзеля сваіх мужчынскіх забаў таксама стаў прыкладным сем’янінам. Гэтыя творы ўжо запатрабаваныя народнымі тэатрамі краіны.
Цікавымі падаюцца апавяданні «Адзін забыўся, другі не панюхаў», «Пальчыкі абліжаш», «Юзік», «Палюбоўнік у заложніках» інш. Павучальная для некаторых сучасных мужчын – казка для дарослых «Як Заяц заляцаўся».
Творы, змешчаныя ў зборніку прыемна здзіўляюць свежасцю, нечаканасцю, а часам і гарэзлівасцю аўтарскага погляду на наша паўсядзённае жыццё. І кожны твор – нагода для ўсмешкі.
Аркадзь Жураўлёў таксама выступае ў ролі перакладчыка. У кнізе можна пазнаёміцца з апавяданнем на беларускай мове рускага сатырыка М. Зошчанкі «Шчасце». Таксама прадстаўлены творы, якія ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны.
«Гумар Аркадзя Жураўлёва з асаблівым стылем, з алегарычным намёкам і загадкавым паўсмехам у падтэксце, з “гаранскім” (маецца на ўвазе родная вёска Гарані на Смаргоншчыне) каларытам, дзе заўжды былі і байкі, і жарты. Нездарма яго ў 1998 г. рэдактар В.Болтач запрашаў у штат часопіса “Вожык’’ – пісаў ва ўступным слове да кнігі заўчасна адышоўшы ў лепшы свет сябар аўтара, цудоўны паэт і гумарыст, былы кіраўнік секцыі сатыры і гумару ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі Мікола Шабовіч.
Прэс-служба МАА СПБ