Быць самім сабой!
“Творчаму чалавеку падчас выступлення на сцэне неабходна лёгка пераўвасабляцца ў акцёрскую ролю. А вось у жыцці яму важна заставацца самім сабой”. Так з юнацтва лічыць выпускнінк каледжа мастацтваў і гістарычнага факультэта БДУ, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, удзельнік народнага калектыву паэтаў і празаікаў “Выток” Антон Анісовіч. І на сваёй творчай вечарыне ён вершаваным радком абгрунтаваў гэтую думку. Прайшла яна 7 лютага ў Дзяржынскай раённай цэнтральнай бібліятэцы. Бо творчы рост Антона Браніслававіча адбыўся менавіта тут, у бібліятэчным асяроддзі ў сяброўскіх дыскусіях з калегамі-“вытокаўцамі”.
На паэтычнай споведзі паэта-земляка прысутнічалі ганаровыя госці: начальнік аддзела культуры Дзяржынскага райвыканкама Аляксандр Станкевіч, галоўны спецыяліст Святлана Іоська, старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос, пісьменнікі Кастусь Цыбульскі, Людміла Круглік, Віктар Сабалеўскі, Дзмітрый Вінаградаў, мастак-карыкатурыст Анатоль Гармаза, а таксама шматлікія прыхільнікі таленту Антона Анісовіча.
Завіталі на сустрэчу і Уздзенскія калегі па пяру з літаратурнага аб’яднання “Нёманец”.
Падчас мерапрыемства ў выкананні ансамбля народнай песні “Гуляначка” Путчынскага ДК гучалі песні як на словы і музыку Антона Анісовіча, так і напісанныя ў суаўтарстве з Тамарай Кашчэва і Аленай Жукоўскай. Знаёма і ў той жа час незвычайна прагучала вядомая песня “Всё пройдёт” у перакладзе Антонам Браніслававічам на беларускую мову.
На працягу вечарыны жыццёвыя паэзаразважанні харызматычнага і таленавітага, закаханага ў жыццё і родную мову Антона Анісовіча натхнялі прысутных то на ўсмешкі, то на роздум. Таму што ў кожным вершы паэт-земляк то з гумарам, то сур’ёзна сцвярджаў неабходнасць быць самім сабой. Як бы цяжка гэта ні было. Бо нельга знайсці сваё шчасце, спрабуючы быць кімсьці іншым.