Б. Зубкоўскі. Прыгоды ў Вусць-Балачанцы

П’еса ў трох частках з каментаром аўтара

 

                                                        «Эти места – Устье, Болочанка, Березянка

                                                                          Стали для меня священными»

З ліста Я.Коласа да Т. Ганчаровай ад 14.03.1955г.

  

Частка першая.

Дзеючыя асобы.

  1. Якуб Колас, 55 гадоў.
  2. Янка Купала, 55 гадоў.
  3. Міхась Міцкевіч, сын Якуба Коласа, 12 гадоў.
  4. Марыя Дзмітрыеўна Міцкевіч, жонка Якуба Коласа
  5. Ніна Андрэеўна Клеўка, калгасніца, маці Чэся і Мікіты.
  6. Чэсь Клеўка, 12 гадоў.
  7. Мікіта Клеўка, 10 гадоў.
  8. Клемус Жук, старшыня калгаса, 35 гадоў.
  9. Дзятка Анатоль, 11 гадоў.
  10. Дзятка Галіна Яфрэмаўна, маці Анатоля і Мікіты.
  11. Язэп Рымашэўскі, калгаснік, 37 гадоў.
  12. Артысты Віцебскага рамантычнага тэатра:
  13. С. Малчанаў
  14. А. Ільінскі
  15. Ц. Сяргейчык
  16. М. Былінская
  17. В. Дарвішаў, рэжысёр спектакля “ У пушчах Палесся”.

 Дзея першая.

З’ява першая.

 На лавачцы каля хаты калгасніка Клеўкі двое хлапчукоў абмяркоўваюць нейкую важную навіну.

Фэлька Рымашэўскі. Артысты да нас прыехаць збіраюцца з канцэртам. Нават стрэльбы з сабой прывязуць.

Чэсь Клеўка (здзіўленна). Навошта на канцэрце стрэльбы? Не на паляванне артысты збіраюцца.

Фэлька Рымашэўскі (ступіўшы басанож ў цёплую яружыну пры дарозе). Стрэльбы прывязуць. Я сам чуў, як дзядзька Колас майму тату расказваў.

На дарозе паказаўся бацька Фэлькі. Вядзе каня на пашу. На шыі каня медныя званочкі. Параўняўшыся з хлапчукамі, Язэп Рымашэўскі дае сябрам заданне.

Язэп Рымашэўскі. Покуль я з канём упраўлюся, то вы нарвіце яраю каля Балачанкі і ў хату прынясіце.

         Чэсь (да Фэлькі). А навошта той аер?

         Фэлька. Ён добра пахне. Гасцям лёгка дыхаць будзе водарам.

Чэсь. А я што. Я для артыстаў з дому сала прынясу. У нас сала смачнае, з чырвонымі атожылкамі. Мама дазволіць.

         Фэлька. Так хочаш на канцэрт трапіць?

Артысты прыехалі ў Вусце апоўдні.

Якуб Колас, які летаваў у хаце Язэпа Рымашэўскага з сям’ёй сустракае гасцей надворы. Марыя Дзмітрыеўна запрашае артыстаў на абед, частуе гасцей крышкамі – бульбяным супам з цыбулінкай.

Дарвішаў В. Смакацішча. У нас на Віцебшчыне пра гэту справу кажуць: емінка пахучая.

Марыя Дзмітрыеўна падае гасцям у гліняных місах-латушках блінцы.          Абсмакаваўшыся, артысты ўзяліся за справу. Паадзявалі на ногі суконныя снягоўкі, на галовы ўсклалі саламяныя капялюшы, узялі зброю ў рукі.

Рэпетыцыя распачалася каля гумна Язэпа Рымашэўскага. Колас, прысеўшы на лягак, што мясціўся каля летаўніка дроў, каманду артыстам аддае, вучыць, як правільна словы прамаўляць на народны манер.

Паглядзець на артыстаў збегліся ўсе вусцянцы з пяці хатак вёскі. У кожнага артыста стрэльба ў руках. А ў жанчыны-артысткі ў швэндары (вязанай кофце з застёжкамі) толькі кагарэжнік.

         Маці Чэся (сыну). Ну і каго яна збіраецца ім лупцаваць?

Клемус Жук, старшыня калгаса “Пуцілавец” ( пачуўшы рэпліку Ніны Клеўка). Можа таго апоўзлага Саўку, што здрадзіў партызанам, што ўступілі з Чырвонай Арміяй у барацьбу з белапалякамі.

У падзеі спектакля пад адкрытым небам уцягваюцца ўсе вусцянцы. Актыўна апладзіруюць неамбітнаму дзеду Талашу, партызанскаму атаману, хваляць мужнага Букрэя. Артыст, што быў за дзеда Талаша ўвесь час бегаў у хату Язэпа папіць бярозавага квасу. “Усмят я,- кажа. Горача тут у вас”.

         Чэсь (да Фэлькі). А стрэльбу з сабой у хату бярэ.

Фэлька (разважліва). Правільна робіць. Раптам белапалякі сюды прысунуцца. Чым бараніцца будзеш ?

І тым часам артыст, что быў за Талаша, звярнуўся да Чэся і Фэлькі з просьбай. Папрасіў, каб хлапчукі, прыхапіўшы вядзерца, прынеслі з Балачанкі вады. Зняўшы кашулю, артыст папрасіў, каб сябры палілі вадой яму на шыю і спіну.

Абстаноўка ў спектаклі накаляецца. Асабліва ў час суда над саўкам Мільгуном.

Дарвішаў (за апытанкай да вусцянцаў). Што будзем рабіць, людцы? Здраднік Мільгун з войтам знюхаўся. З шапкі-кушнеркі гатовы душу войту прадаць. Стрэнць войту, як ліхой скуле, вылупак.

Язэп Рымашэўскі (узняўшыся з травы). Асіна па Саўку даўно плача.

Маці Чэся (гнеўна). Пасадзіць нягодніка на хлеб і ваду. Ледзь не падвёў партызан да гібелі.

         Язэп Рымашэўскі. Распусціў свае ногі-лыгі. Нос у яго бутальковы.

Маць Чэся. П’яніца ён. Апівош няшчасны. Матыку яму ў рукі. Няхай у поле ідзе, барозны робіць.. Альбо парэзаныя дровы ў клат няхай кладзе, гультай, пустадумак.

Клемус Жук. Ну такіх, Андрэеўна, у калгас мы не бярэм. Няўстойлівы Саўка элемент.

Разгневаны бацька Чэся кідаецца на Саўку з кулакамі. Але не выцяў, не паспеў.

         Якуб Колас. Не чапай яго, Ігнат Андрэевіч. Бог яму суддзя.

Саўка апускаецца на кулечкі. Просіць літасці ў партызан на каленях.

Дзед Талаш. Прэч з вачэй. На ўсе чатыры бакі ідзі. Каб у вёсцы мы цябе больш не бачылі.

         Клемус Жук. Правільнае рашэнне. Не месца нягодніку ў калектыве.

Дарвішаў аб’яўляе перапынак. Артысты абступілі Коласа, які расказвае пра смешныя жыццевыя гісторыі.

Якуб Колас. У адным сяле жыў-быў выдатны разбяр па дрэве. Бегам часу пакінуў майстар сыну бярозавую лыжку. Іван як сядзе за стол есці, бацьку і ўспомніць. А жонка Марыя сварыцца. Чаго, дакарае гучна сёрбаеш? Вазьмі звычайную лыжку, кажа.

         Язэп Рымашэўскі. А муж змаўчаў?

Якуб Колас (выцершы хусцінкай узмакрэлы твар). Ды не. Параіў Марыі: “А ты іншую сукенку апрані. Тую, што твая маці пашыла табе перад нашым вяселлем”.

         Дарвішаў (рэжысёр). Узняў Іван Марыі настрой.

Якуб Колас. Марыя сапраўды падабрэла. У вёсцы, кажа, і цяпер хваляць твайго бацьку. Лепшы бондар на ўвесь раён быў. Такія бочкі і дзежкі ніхто цяпер не робіць. А Іван сваё вядзе. А твая маці лепшай свачкай на вёсцы была даводзіць. Кабеты ў чаргу выстройваліся, каб пашыла ім які ўбор.

         Клемус Жук. Паразумеліся аднак.

Якуб Колас. Паразумеліся. Падабрэла Марыя. “Чаго сядзіш з лыжкай у руцэ! Сёрбай, ужо дазволіла”.

Дарвішаў (задуменна). Павучальная гісторыя. Прытча, лічы, з намёкам.

На прыканцы пастаноўкі Канстанцін Міхайлавіч прадставіў вусцянцам акцераў, назваўшы пайменна ўдзельнікаў спектакля “У пушчах Палесся” – С. Малчанава, А. Ільінскага, Ц. Сяргейчыка, М. Былінскую.

Дарвішаў (запрашае артыстаў на паклоны, аб’яўляе вусцянцам). Менавіта ў гэтым асноўным саставе акцёрскім мы павязем у Маскву на Дэкаду беларускага мастацтва нашу пастаноўку. Ад вашых вытокаў вусцянскіх пайдзе яна да ўсесаюзнага гледача.

Каментарый дыктара. “Спектакль пра народны гераізм па матывам аповесці Якуба Коласа “Дрыгва”, паказаны на прыканцы 30-ых гадоў у Маскве, з’явіўся адлюстраваннем жыцця палешукоў, увасабіўшы рысы нацыянальнага характару народа – смеласць, мудрасць, дасціпнасць, стойкасць, вынослівасць, нянавісць да ворагаў у гады грамадзянкай вайны ў рэспубліцы”,- пісалі маскоўскія газеты. І быў тут у гэтай ацэнцы і ўнёсак вусцянцаў з Пухавіччыны. Яны паставілі артыстаў на крыло, даўшы ім пуцёўку ў сталіцу.

                                                                                “І Вусця я на

                                                                                          Бадэн не змяняю”

Я. Колас

Дзея другая.

З’ява другая.

 Мікіта Клеўка брыжкаваў у новай шапцы з канца ў канец па вясковай вуліцы покуль не трапіў на вока дзядзьку Коласу, які адпачываў у Вусці.

Пісьменнік падзівіўся ўбранству Мікіты, патрымаў у руках шапашнік, змайстраваны са сцябла азёрнага чароту.

         Якуб Колас. Няйначай дзед табе такі падарунак выжварыў?

Мікіта. Ён мне і пускалку зрабіў. Палку такую, распілаваную зверху, каб туды, у шкарубінку, у зазор, каменьчык можна было пакласці.

Якуб Колас (спахмурнеўшы). Дык ты са сваёй стрэльбай усіх птушак у Вусці паразганяеш.

Мікіта (пачырванеўшы). А я іх не пужаў. Да нас пад страху птушкі ўжо прыляталі. Але доўга не былі. Прыляцелі і назад.

         Якуб Колас. І колькі іх было?

         Мікіта. Адна і яшчэ адна.

Якуб Колас (зацікаўлена). Няўначай гэта ластаўкі завіталі да вас. Пры выглядзе тваёй стрэльбы напужаліся, відаць, калі больш не прыляталі пад вільчак.

Мікіта. Не ўсе ластаўкі вяртаюцца. Дзед мне расказваў, што адна ластаўка паляцела за трыдзевяць зямель у пошуках маністаў з казачнага дрэва.

Якуб Колас. За моры сінія, кажаш, падалася. Відаць птушцы мулка было на чужбіне.

Мікіта. Сілы, казаў дзед, ластаўцы вярнуцца дадому, бракавала. А я ластавак не пужаў. Ух, мусіць, пятух наш настрашыў.

Якуб Колас. Пятух ваш сапраўды грозны, бачыў. Сукаленкі на нагах нібы латы (усміхаецца).

         Мікіта. Ён з курамі ў шкоду лезе, так і лезе, жах.

         Якуб Колас. А можа ваш кот напужаў ластавак?

Мікіта. Можа і ён. Ён у нас такі памаўзлівы, такі памаўзлівы. Дзед пасля таго, як ластаўкі трохі пабылі, Васіля з хаты не выпускае. Васіль цяпер пад стражаю, кажа дзед. Прашкапіўся Васіль (уздыхае).

         Якуб Колас. А мне не верыцца, што Васіль такі ўжо даядлы ў вас.

Мікіта (стаіць на сваім). Даядлы, даядлы. І чаплавухі. Вушы адтапыраныя адрасціў. А вы не маглі б ластавак вярнуць?

Якуб Колас. То давай пройдзем да вашай хаты. На месцы паглядзім, что да чаго там..

На дворышчы Клеўкі Якуб Колас цікавіцца, у які бок паляцелі ластаўкі.

         Мікіта (махнуўшы рукой). За вароты. Туды, адкуль сонца свяціла.

Якуб Колас. У вас вядро з вадой спушчана ў хаце са столі. То ты ў конаўку вады набяры і сюды прынясі мне.

Мікіта просьбу Канстанціна Міхайлавіча выканаў.

Якуб Колас (набраўшы прыгаршню замліцы з прызбы). А цяпер набяры ў рот жывой вадзіцы на ўсе шчокі і пырсні мне на далоні.

Колас перакідвае зямліцу за вароты, у паднябессе (славечна прамовіўшы: “не на паручу кідаем птушкам, а на жытло”). Пасля такой замовы Якуба Коласа ластаўкі ўляцелі пад страху вокаімненна.

Мікіта (да Коласа). Бачыце, бачыце. У дзюбках іх па бадзюльцы акраплёнай зямліцы з нашай прызбы.

Якуб Колас (весела). Ну, з наваселлем, Мікіта.. А цяпер давай пройдзем у хату і папросім дзеда, каб ката выпусціў на волю.

Мікіта. Ён дома. Пляце палукаш з ракіціны. Дзед вырабляў рабро вячанка. Яшчэ ўчора. А я яму лазу падаваў (хваліцца). З дзедам не засумуеш.

Дзея трэцяя.

З’ява трэцяя.

 Кожны дзень Дзяніс спяшаецца да хаты з блакітнымі акяніцамі. Там чакае яго казка.

Дзяніс (да маці). Мінулы раз Марыя Дзмітрыеўна расказвала казку пра Кацігырошка. Моцны, відаць, быў той Кацігырошка, калі змея заджаў.

Ніна Андрэеўна, маці Дзяніса. Вось падрасцеш, крынічку з чароўнай вадой адшукаеш, асілкам станеш, усе камяні з калгаснага палетку пасцягваеш (перадае сыну з рук у рукі гладыш з малаком). Глядзіш, на каменьчык не ўзбіся, лужынку абыходзі, мурожніку пільнуйся.

Трымаючы ў руках гладыш з залацістым абадном, хлапчук спыняецца каля сянец хаты Язэпа Рымашэўскага. Вельмі захацелася яму, каб сенцы самі перад ім раскрыліся. Ад такога моцнага-моцнага жадання Дзяніса сенцы сапраўды адчыніліся. Хлопчык не паспеў нават да клямкі дакрануцца.

Марыя Дзмітрыеўна (на парозе хаты). Я ўжо табе на пярэйму іду. Праходзь (ветліва запрашае). Сядай на зэдлік. Цябе з акенца ўгледзела. Бачу, мой памочнік ідзе.

Хлопчык здагадваецца, што Марыя Дзмітрыеўна абед рыхтуе. Вось только дзядзькі Коласа не бачна. Няйначай, падаўся на рыбалку да Чорнай алешыны. У тым месцы (разважае пра сябе) добра краснапёркі бяруцца і чырвона-паласатыя акуні з бацькаву далонь.

Тым часам, Марыя Дзмітрыеўна ўзяла з камоды, дзе посуд стаіць, відэлец, перакінула аладкі з патэльні ў талерку, Дзянісу падае.

Марыя Дзмітрыеўна. Вось табе пачастунак. Пакуль я табе казку буду расказваць, дык ты еш, мой харошы.

Тры аладкі з’еў Дзяніс. Чацвёртая сама ў рот прасіцца.

Марыя Дзмітрыеўна (завіхаючыся каля прымуса). Паклікала царэўна сваіх братоў перад небяспечнай дарогай. Падмацуйцеся, кажа ім, а сама на бяліткіх сурвэтках падносіць братам дзве талеркі з дзвюма чырвонымі-чырвонымі яблыкамі. Не сакрэт, Дзяніска, што былі ў тых яблыках чароўныя зарняты. Ад бяды яны ратавалі.

Тут Дзяніс у сваю талерку зірнуў. А там, на самым донцы, чырвоныя-чырвоныя яблыкі ляжаць. Намаляваныя, праўда. Але акурат такія самыя, пра якія Марыя Дзмітрыеўна яму расказвала толькі што.

Дзея чацвёртая.

З’ява чацвёртая.

 Чэсь Клеўка з братам Мікітам прыходзяць да хаты Язэпа Рымашэўскага з намерам запрасіць Фэльку на рыбалку. На дворышчы хлапчукі сустрэліся з Якубам Коласам, які завіхаўся каля студні. Выслухаўшы хлапчукоў, Канстанцін Міхайлавіч згаджаецца паклікаць Фэльку з хаты, але толькі пры адной умове – калі сябры адгадаюць загадку.

Якуб Колас. Дык слухайце, жывая, халодная, празрыстая. З зямлі напірае, сустрэчы чакае .

         Чэсь Клеўка. З кім сустрэчы?

         Якуб Колас. З вамі.

         Мікіта Клеўка. Вада.

Якуб Колас. Горача, горача. Аднак не тое. У лёд у мароз не бярэцца (падказвае).

         Чэсь Клеўка. Крыніцай завецца.

Якуб Колас. Ага. Натрапіў я каля Вусцянскага грудка на чароўную мясцінку. Іду, чую нешта шапоча ў траве пад гарушкай. Падыходжу, бачу струменьчык праз пласты замлі прабіваецца. Думаю, дапамагчы яму трэба.

Мікіта Клеўка. Дык мы разграбём тое месца рукамі, прынясём з дому гладышы, напоўнім жывой вадой. Усіх вусцянцаў пачастуем.

Чэсь Клеўка. Гладыш мы можам пакінуць каля крынічкі. Чый тата будзе ісці на сенакос натоліць смагу.

Якуб Колас. Згодзен з табой. Кубак ці збан мы пакінем каля крынічкі. Але ж гэтага недастаткова. Калодзеж трэба пабудаваць. Каб не перавялася вадзіца.

Мікіта Клеўка (здзіўленна). Калодзеж? Для гэтага цвікі патрэбны, дошкі ды ..

Якуб Колас. А калі без дошак і цвікоў. Падумайце добра. Заўтра чакаю вас з раніцы з адказам.

         Чэсь Клеўка. Хоцькі-няхоцькі, як кажа наш тата, а мусіш думаць.

Да аперацыі падключаецца Анатоль Дзятка, сябра Чэся і Мікіты.

Анатоль Дзятка. А вы дужа не хвалюйцеся. Выхад ёсць. У нас пад павеццю дзяжа ляжыць. Мама ў ёй цеста замешвала. Тата цяпер новую зрабіў. Старую і ўкапаем.

Чэсь Клеўка. Ты яшчэ цэбар прыцягні з дому. Лепш ужо бочку выкарыстаць. У нас такая ёсць. На панарадах ляжыць без дна.

Дзядзька Колас бочку ўпадабаў. Дубовая, клёпкі моцныя.

Якуб Колас. Тата чапаласу не даў? (запытальна паглядзеў у бок Чэся).

Мікіта Клеўка. Не, дазвол атрыманы. Кажа тата, каб там і ліха гарэла, а крынічку неабходна зберагчы.

Дзядзька Колас паперадзе пайшоў з рыдлёўкай. Сябры след у след за ім. Дзятку лацвей. Ён ідзе, левай рукой размахвае. Канец бочкі ў яго на правым плячуку. Чэсева ж левая рука занята. Трэба ж бочку падтрымліваць. Так што перад сабой, акрамя спіны Анатоля, Чэсь і не бачыць нічога. Затое ён ведае, куды яны бочку нясуць і дзеля чаго. А гэта галоўнае.

Хлапчукі спыніліся каля струменьчыка, перадыхнулі трохі.

Мікіта Клеўка. Вадзяны вузельчык, зямлёй пабелены, сонейка пазалаці.

Вузельчык крынічны пасля замовы Мікіты ўспыхнуў чырвоным полымем, нібы кнот у лямпе. Паслухаўся Мікіту. Ды як не паслухаць, калі ён так шчыра просіць.

Якуб Колас. Зараз я квадрат размечу (бярэцца за рыдлёўку). Дзёран будзем складаць побач. Як укапаем бочку (разважае ўслых) – тады абкладзем верх. Прыгожа будзе.

Вось ужо і жоўты пясок пачаў брацца. А дзядзька Колас, здаецца, і стомы не ведае. Працуе і працуе. Пясок, аднак, адкідае ў бок не спяшаючыся, прыглядаецца, каб струменьчык не згубіць.

Якуб Колас (да Мікіты). Табе будзе заданне. Спусціся да Балачанкі, дзе там мяльчэй, нарві аеру і прашаруйце з Чэсем бочку ўнутры. З пяском. Пасля неабходна вымыць яе, затым пакупаць.

         Анатоль Дзятка (здзіўленна). А навошта?

Якуб Колас. А каб плямінак не было на вадзе. Твой тата захоча набраць вадзіцы, а зверху бруд. Ці ж стане ён піць?

Анатоль Дзятка. А калі камарыкі ўляцяць у бочку? Таксама ж нядобра.

Якуб Колас (выпрастаўшы спіну). Камарыкі, кажаш? Смачнейшая вада ад іх. Камарыкі можна.

Усё зрабілі сябрукі, як дзядзька Колас загадаў. Наступіў самы ўрачысты момант. Бочку апускалі. На грунт марудна, без спешкі.

Добры настрой ахапіў усіх. Урачыста паселі на траву. На заўтра хлопчыкі зноў прыйшлі да крынічкі. Чакалі камарыкаў, якія ўмеюць падсаладзіць вадзіцу. Ды з’явіліся жаданыя гасцейкі толькі праз два дні. Спорна і бордзенька таўклі яны сябрынай мак над калодзежам.

Якуб Колас (сябрам). Вось цяпер можна вадзіцы паспрабаваць (зачарпнуў з самаробнага калодзежа паўнюткую конаўку жывога крышталі). Адстаялася вадзіца. З сённяшняга дня вы станеце асілкамі.

         Чэсь Клеўка. З аднаго разу?

         Якуб Колас. Не, калі будзеце прыходзіць сюды кожны дзень.

Дзея пятая.

З’ява пятая.

 Была раніца і, па разліках Чэся, чорт, разбегшыся ад пасаку лесу, пакурэй са сваёй хэтрай у зацішнае балота гнаць смалу.

Праўда, з раніцы дзядзька Колас, які летаваў у Вусці, пра чорта не думаў у той дзень. Прызнацца шчыра, не думала пра гэтага вурдалака і мама Чэся. Згледзеўшы дзядзьку Коласа ў вышыванай бела-васільковай кашулі, падпярэзанага паясочкам, успляснула рукамі.

Клеўка Ніна Андрэеўна. Вы, Канстанцін Міхайлавіч, не раўнуючы, як на фэст сабраліся. Золка ж у лесе раніцай.

Якуб Колас (смеючыся). У лес я, Ніна Андрэеўна, заўсёды як на свята іду. Ад бацькі, Міхаіла Казіміравіча, ляснога чалавека, у мяне завядзёнка такая.

Чэсь Клеўка. Не буду апранаць плюшаўку. Дзеўскае адзенне. У ёй толькі даглядацца хадзіць у хлеў (заупарціўся).

Хлопчык просіць картовы пінжачок у дарогу. Маці згоджваецца.

Клеўка Ніна Андрэеўна. Ты ж глядзі, дзядзька Колас святочна ўбраўся. У балацяніцу не ўбіся. Канстанцін Міхайлавіч далей Вусцянскага грудка не быў, відаць. Інакш не браў бы цябе, вісуса, за праваднікі.

Клеўка Ніна Андрэеўна (да Коласа). Ён жа ў падпасках хадзіў, усе паплавы аблётаў (узняла аўтарытэт сына).

Цудоўны настрой Чэся сапсаваўся за вёскай. Хлапчук наступіў незнарок на звычайны дажджавік у траве. Упасці не ўпаў, але паслізнуўся.

         Якуб Колас (спакойна). Той бяды, добра што не выцяўся.

У Чэся ад гэтых слоў моцы пабольшала. Пачаў ён усе “порхаўкі”, што трапляліся пры дарозе, чаравіком збіваць.

Якуб Колас ( дастаючы з парусінавых штаноў сцізорык). Патрымай маю вярэньку.

Ёмка падкалупнуў пульхны, бялюткі, круглы дажджавік, разрэзаў на дзве часткі.

         Якуб Колас. У вярэнцы соль у мяне ў газеце. Пашукай.

Пасыпаўшы на мякаць дажджавіка, кладзе палоўку сабе ў рот.

Чэсь ад страху вочы заплюшчыў. Ці можа ён спакойна глядзець, як дзядзька Колас паміраць стане. Адкрывае адно вока. Бачыць, стаіць Канстанцін Міхайлавіч перад ім жывы і здаровы. Другое вока расплюшчыў. Дзядзька Колас ужо астатнюю палову “порхаўкі” дажоўвае.

Чэсь пачынае складваць у ручкі дажджавікі.

         Чэсь. Няхай цяпер сарокі-балабокі ласуюцца.

Наляцеў лёгкі свежы ветрык, аблашчыў твары мужчын, на хвойку ўзабраўся.

         Чэсь Клеўка. Ветрык гужаецца (паказвае рукой на галіну дрэва).

Якуб Колас (дастае з кішэні блакнот). Ветрык у гамаку, кажаш. Першы раз чую.

Чэсь думае, што дзядзька Колас стане нешта маляваць, выняўшы аловак з кішэні. А Колас і не думае пра маляванне. Піша сабе да піша нешта ў блакнот. А што піша – Чэсь не ведае.

Чэсь (пасмялеўшы). А я таксама нештачкі ведаю. Жоўты чорт з жоўтым лапцем у балота зачасаўся, дзядзькі Коласа спужаўся.

Якуб Колас (падумаўшы). У кубёл чорт заглянуў, мышка вочы навастрыла, частавацца запрасіла.

         Чэсь (загарэўся). І пра мядзведзя ведаеце?

Якуб Колас. Чуў і пра мядзведзя. Угнявілі яго зайцы, не прынеслі місу мёду, не     знайшлі ў лесе калоду.

Пасля слоў дзядзькі Коласа Чэсь да чорта адразу падабрэў. Не такі ён ужо і страшны. А вось да мядзведзя ў Чэся ніякай сімпатыі і прыхільнасці. Мог бы той і сам калоду ў лесе адшукаць. А як уздумаў пра чорта, які атрымаў дазвол паспрабаваць скрылёк сала, дык адразу апетыт у хлопчыка з’явіўся. Аж слюнкі пацяклі з пота.

Чэсь Клеўка (бубніць сабе пад нос). Першы клас купіў кілбас, другі жарыў, трэці еў, чацвёрты ў дзірачку глядзеў.

         Якуб Колас. Паслухай Чэсь, а чаму чорт рыжы?

Чэсь. Рыжы і есць рыжы. У балоце ўсё рыжае. Чорт зубамі як шкляпне, як тупне кавялай, дык  ўсё і жаўцее адразу (пракаўтнуў сліну).

На скрыжаванні дарог, прысеўшы на траву, спадарожнікі паснедалі. Што і казаць: вымерхаліся мужчынкі ў хадзе.

         Якуб Колас (глянуўшы ўперад). Прама пойдзеш?

         Чэсь. У Даўгак зойдзеш.

         Якуб Колас. Улева збочыш?

         Чэсь. На Блужскае поле ўскочыш.

         Якуб Колас. Управа падацца?

         Чэсь. Без галавы застацца. Там балота (папярэдзіў).

Якуб Колас. Ат давай, браце, марсянём управа (махнуў рукой). А калі чорт каторага за штаніну ці за крысо ўхопіць, то ўдвух мы да мо яму рады.

Чэсь успамінае пра перасцярогу мамы. Ды хіба ж ты з дзядзькам Коласам збяжышся. У яго што ні крок, то вярста.

         Якуб Колас. Ты, Чэсь, каля дуба пабудзь, а я ў разведку скокну.

“Эх,эх” – пойшоў раптам трывожны пошчак па балоце. Чэсь, падкасаўшы абедзве штаніны – вопрамецца ў балота.

Канешне ж дзядзька Колас ужо ўбачыў чорта, спусціў сухастоіну, ціцаўе робіць, каб у смяртэльным баі сысціся не на жыццё, а на смерць з нячыстай сілай. Не кідаць жа дзядзьку Коласа ў бядзе, калі бітва распачынаецца. Паспець бы толькі.

Якуб Колас (паказвае). Ідзі сюды, тут суха, вады няма. Смялей. Збірай грыбы. Процьма іх, хоць хлеў закладай. Не балота, а абрус-самабранка.

І сапраўды. Стаяць у карычневых парасончыках бабкі на купінках, свецяцца знічкамі паспяваючыя журавіны.

Чэсь намерыўся падняць пацерку-журавіну, а натрапіў на гняздо. А ў гняздзе – яйкі.

Чэсь(пра сябе). Вось чаму іх курка, наша Маня, дома не нясецца. Відаць, сюды дапяла ўжо. Зрэшты, які разлік, разважае Чэсь, ей па балоце сноўдацца. Каля хаты добры шпацыр, такі прастор: струменіць крынічка, пяску ўдосталь, траўка зелянее. Захацелася папіць – калі ласка. У цёплым пясочку пакупацца – на здароўе. Не, не магла Маня сюды забрысці (разважае пра сябе). Часу ў яе і так мала. З вывадкам ледзь упраўляецца, вечна бегае, шукае цыплянят.

Чэсь нахіляецца над гняздом. Нейкія незвычайныя ў ім яйкі. З крапінкамі.

Якуб Колас (спыняецца каля Чэся). Пайшла качка ў прочкі аж да самае ночкі ( вынімае з гнязда яйка, падносіць да сонца). На прасвет узялі, а што бачым. Так.

         Чэсь. У сярэдзіне яйка сонейка, толькі чорнае.

Якуб Колас (згаджаецца). Ладная аблачынка. Хутка ў качкі дзеткі з’явяцца (кладзе яйка зноў у гняздо). Давай, браце, улева брацца, каб не папудзіць качку. Вось-вось з’явіцца яна на сваё седала.

У яе цяпер абедзенны перапынак. З купінкі на купінку прыг-скок-ды і зблудзілі мужчынкі. Як скінуць вокам – стаяць у рост Чэся сцяной асінкі ды сасонкі наўкола.

         Якуб Колас. Дарэмна я не ўзяў компас  (са шкадаваннем).

Чэсь. Трэба ўгледзець вершаліну дуба, што пры выхадзе з балота расце.

Канстанцін Міхайлавіч апускаецца на колічкі, аддае загад.

Якуб Колас. Забірайся мне на рамёны. У цябе вочы маладыя, добра бачаць.

Чэсь разгубіўся. Садзіцца на купіну, разуваецца, а сам са страхам на кашулю дзядзькі Коласа паглядае. Каб ту не папэцкаць прыгожую валошкавую кашулю.

Канстанцін Міхайлавіч на сваіх магутных плячах узнімае Чэся высока-высока, аж пад неба. А рукі хлопчыка ў сваіх трымае. Чэсь углядаецца, круціць галавой сюды-туды.

Чэсь (радасна ўсклікнуўшы). Бачу вершалінку дуба, бачу. Ад нас непадалёку.

Грыбнікі выбіраюцца на сухое.

Якуб Колас. Ты ведаеш, чорт, можа, нагу зламаў, уцякаючы ад нас. Але, думаецца мне, ці не зрабілі мы з табой памылку. Не трэба было кранаць качынае яйка. Адчуе качка, што яйка пачапалі, і можа пакінуць гняздо назаўжды.

         Чэсь. Дык мы ж не ведалі.

Якуб Колас (глуха). Вось і я шкадую, што бяды мы нарабілі. Навука нам абодвум.

Настрой грыбнікоў быў сапсаваны.

 

Дзея шостая.

З’ява шостая.

 Прыгожую, вабную мясціну аблюбаваў Якуб Колас для адпачынку. Вось ужо другое лета запар прыязджае ён з сям’ёй у Вусце. Вёсачка невялікая – усяго пяць хат. Побач рака. Дно ў ей жоўценькае, нібы шапка сланечніку. Тры крокі ступіў – і перад табой ужо лес. У канцы чэрвеня прайшлі тут цёплыя дажджы.

Якуб Колас (у хаце да жонкі). Хутка пойдуць жоўтыя маслякі. Добра было б Янку запрасіць у госці. Паветра ў Вусці пахучае, нібы карыца.

         Марыя Дзмітрыеўна. А гаспадар супраць не будзе?

Якуб Колас. Папярэдне з ім дамовіўся. Ён аддае ў наша распараджэнне пуню для начлегу. Там і сена досыць. Знойдзецца месца для Янкі, Міхаські нашага.

Пасля размовы з Марыяй Дзмітрыеўнай Канстанцін Міхайлавіч садзіцца за напісанне ліста. Аднесці канверт у Балачанку папрасіў Фэльку Рымашэўскага.

Якуб Колас. Скокні ў суседнюю вёску, укінь у паштовую скрыню. А каб не было сумна ў дарозе, прыхапі і майго Міхаську.

Фэлька. Тры кіламетры – не адлегласць для маладых ног. Так твой тата кажа.

Міхась. А давай мы скароцім дарогу. Выражам па дубцу ў ельніку, пасядзем на каней – і наперад.

         Фэлька (згаджаецца). Давай. А пісьмо, відаць, важнае нейкае?

Міхась. Тата дзядзьку Янку ў госці запрашае. Ён хварэў на запаленне легкіх. Тата штодня да яго ў лякарню хадзіў. Дактары сказалі, што трэба Купалу лясным паветрам дыхаць часцей, каб не хварэў (прышпорвае свайго каня).

Іван Дамінікавіч з’явіўся ў вёсцы праз тыдзень, трэцяга ліпеня 1938 года. Ён вылез з машыны, агледзеўся, крыху паслабіў гальштук, каб не было мулка шыі.

Шафёр легкавушкі. То вазьміце свае шахматы (перадае Івану Дамінікавічу загорнуты ў газяціну пакунак).

Купала, сунуўшы пакунак пад паху, накіроўваецца ў бок хаты дзядзькі Язэпа Рымашэўскага.

Тым часам вусцянская дзятва абступіла чорны здарожаны “Шэўрале” з нумарам БН-57-20. Найбольш пашанцавала Фэльку Рымашэўскаму: шафёр запрасіў яго ў кабіну. Чэсь Клеўка нават пакрыўдзіўся: на яго ніхто не звяртае ўвагі, а Фэлька сядзіць у машыне, рулю круціць, звысоку паглядае на ўсіх праз шкляное акенца легкавушкі.

Шафёр легкавіка. Катаць буду (паабяцаў). Але толькі тых, хто ў наступны клас з пяцёркамі перайшоў.

Пасля гэтох слоў Чэсь канчаткова страціў надзею трапіць у кабіну. Пацягнуўся сумны на дворышча дзядзькі Язэпа. Бачыць: госць з дзядзькам Коласам пад ліпай, у зацішку ў шахматы гуляюць.

Якуб Колас. Давядзецца, відаць, ахвяраваць пешкай (седзячы насупраць госця на зэдліку).

         Янка Купала (абвяшчае). А я мяркую перайсці ў атаку.

Якуб Колас. Ты, Яначка, здаецца мне, задужа адкрываеш караля. Можа, табе памочніка даць (весела паглядае Канстанцін Міхайлавіч на Чэся).

Янка Купала. Дапамога не пашкодзіць (згоджваецца). Ідзі, братка, кінь вокам, як горныя супраць ветру пруць. Можа ўдвух дамо ім рады?

Чэсь глядзіць на дошку, але што адбываецца на ей – зразумець ніяк не можа.

Якуб Колас (дае параду). Я на тваім месцы, Яначка, падключыў бы фярзя да атакі.

Янка Купала (барабаніць пальцамі). Твая перавага на ферзевым флангу, Каласок, вымагае ад нас з хлапцом пільнай увагі.

Чэсь чырванее: у шахматы ён ніколі не гуляў. Які ён дарадца госцю?

Праўда, Чэсь паспеў ужо прыгледзецца да скакуна-каня: ён стаіць то на белым, то на чорным полі. Конь гэты падобны на іх калгаснага Буланчыка: такі ж шпаркі і хуткі. Чэсь паспеў палічыць і колькасць чорных клетак па дошцы: цэлых трыццаць дзве. Столькі ж і светлых. А ўсіх шэсцьдесят чатыры.

         Чэсь (прызнаецца). Я не ўмею гуляць у шахматы.

Янка Купала. Гэта я зразумеў. Вось скончым партыю з Коласам – за тваю навуку возьмемся (паабяцаў).

Чэсь (усклікнуў здзіўленна). Ого! Зноў конь пераскачыў на чорную “купіну”.

         Якуб Колас. Гэта яму дазваляецца.

Двойчы выходзіла з хаты Марыя Дзмітрыеўна. Запрашае на абед.

Якуб Колас. Пачакай, Марусечка. Аб’явіўся ў нашым шахматным каралеўстве кароль малады.

Янка Купала. Сядай на зэдлік. Запомні, Чэсь, першае правіла: перад гульнёй шахматную дошку трэба пакласці так, каб злева было чорнае поле. А цяпер давай расставім фігуры. Яны размяшчаюцца па клетках двух бліжэйшых радоў.

Якуб Колас (уключаецца ў размову). Пачнем. Вось гэтыя, бялюткія фігуры, гані ў куткі: адну ў левы, другую ў правы. Гэта дзве ладдзі. Цяпер бяры ў рукі коней. Мы іх паставім на дошцы побач з ладдзямі.

Іван Дамінікавіч перадае Чэсю яшчэ дзве фігуры.

         Янка Купала. Малайчына (пахваліў). Побач размяшчай сланоў.

Якуб Колас (каменціруе). Ну, на жывых сланоў яны, скажам, мала падобны. Назву такую яны атрымалі ў старажытнай Індыі, дзе былі вынайдзены шахматы.

У першым радзе заставаліся свабоднымі два палі.

         Янка Купала (падказвае). Гэта месца для фярзя і караля.

Фярзя паставілі на левае поле побач са сланом. Усе восем “купін” другога раду занялі пешкі.

Янка Купала (задаволена пацяраючы рукі). Парадак. Пешка ходзіць толькі ўперад.

         Якуб Колас (удакладняе). Па адной клетачцы.

Чэсь, аднак, не разумее, чаму пешка скача.

Янка Купала (тлумачыць). Яна мае права на двайны скачок. Да самай апошняй гарызанталі пешка можа ісці “пераступаючы”.

         Чэсь (разгублена). Як гэта “да апошняй гарызанталі”?

         Якуб Колас (строга). Скажы, ці лазіў ты праз плот у чужы сад.

Чэсь (прызнаецца). Лазіў. У дзядзькі Дзяткі яблыкі смачныя. Нам з Фэлькам пакаштаваць захацелася.

Якуб Колас (усміхаецца) Плот стаяў вертыкальна. А плот не павалілі часам?

Чэсь (зніякавеўшы). Ён сам абрынуўся. Мы адзін раз толькі лазілі (апраўдваецца).

Якуб Колас. Перавялі, значыць, плот з вертыкальнага становішча ў гарызантальнае. Я сам у дзяцінстве (заўважыўшы збянтэжанасць Чэся) у чужыя сады любіў лазіць.

Тры дні адпачываў Янка Купала ў Вусці. Тры дні працягвалася вучоба Чэся. Ад’язджаючы ў Ляўкі на сваю дачу, Іван Дамінікавіч звяртаецца да Чэся.

Янка Купала. Добры шахматыст з цябе атрымаецца. Шахматы пакідаю табе, каб другіх навучыў гуляць. А сёння згуляем з табой на развітанне. Дай мне слова, аднак, што ў сады чужыя больш лазіць не будзеш – сорам браць чужое.

Чэсь (вінавата). Мы папрасілі з Фэлькам прабачэння у дзядзькі Дзяткі. А ён нам белага наліву вынес з саду. Не сварыўся нават.

         Янка Купала (парушыў няёмкае маўчанне). Твой ход, Чэсь.

Дзея сёмая.

З’ява сёмая.

 Анатоль Дзятка, даведаўшыся, што Якуб Колас збіраецца па грыбы на Вусцянскі грудок, паведамляе пра гэта Чэсю Клеўка.

         Чэсь (выслухаўшы сябра). Звесткі дакладныя? Не прыдумляеш?

Анатоль. Абсалютна. Мы павінны апярэдзіць яго, раней прыйсці на грудок. Назбіраем грыбоў самі і тады …

Чэсь (перабіваючы). Не думаў, што ты здольны на такое. Скнара, вось хто ты.

Анатоль. Ды ты не перабівай. Я прапаную правесці аперацыю з сакрэтам.

Чэсь (выслухаўшы Анатоля). Усе шанцы ў такім разе за тое, што правалу не павінна быць. Па-першае, дзядзька Колас у лесе абачлівы, спяшацца не будзе.

         Анатоль. Гэта раз (загнуў на руцэ палец).

Чэсь. Па-другое (загнуў другі палец). З маршрута не збочыць. Справа – рака, злева – балота. Так?

Анатоль (трасянуўшы бялявай чупрынай). Ды і я пра тое. Будзем дзейнічаць па адным плацдарме (перайшоў на мову вайскоўцаў).

Чэсь. У адным напрамку. Мы будзем ісці паперадзе дзядзькі Коласа. Нібы разведчыкі (удакладніў буйны спец у ваенных справах).

         Анатоль (падагульніў). За намі выйгрыш у часе.

Аб адным сябры шкадавалі – не было ў іх бінокля. Спадзяваліся абодва, калі занялі пазіцыю за ядлоўцавым кустом, на востры зрок і шпаркія ногі.

         Анатоль (шэптам). Ідзе. І з кошыкам. Мама родная!

         Чэсь. Кошык кошыкам, а арэхавы кій ты бачыш у яго руцэ?

Пры выглядзе кія Анатоль пачынае паціху здаваць у лес, назад, нібы рак.

Калючыя дрыжыкі пабеглі па спіне Чэся, які прыгадаў, як спрытна ходзіць у руках ягонай мамы хатні чапельнік і дзяркач.

Назіркам, падбадзёрваючы адзін другога, сябры падаліся ў глыб хвойніку.

Чэсь (шопат загаду). Пачнем аперацыю. Я – налева, ты – направа. Збор каля Змяінай алешыны.

Каля трох хвоек-сястрыц Чэсь падрэў чатыры чырвоныя куртаценькія баравічкі.

         Чэсь. У мяне баравікі пайшлі расці на шасці пнях.

Анатоль (калі сябры сустрэліся ва ўмоўленым месцы). А ў мяне на трох.

Чэсь (завеўся). Дык ты ж пад сівы мох заглядай. З такім стараннем, як у цябе, мы з лесу да ночы не выберамся.

І Анатоль пачынае больш старанна прыглядацца да бугаркоў, прысыпаных ігліцай. Спарней і весялей пайшла справа.

“Тук-тук” – нешта ў лесе. Аперацыя завяршалася.

         Чэсь (падае думку). Трэба загаварыць гэту мясціну.

         Анатоль. Як гэта загаварыць?

Чэсь. Закалдаваць. Каб ніхто, акрамя дзядзькі Коласа, не прыйшоў сюды раней.

Як закалдаваць мясціну, хлопцы не ведаюць.

Анатоль. Давай так зробім. Ты больш набраў грыбоў. Табе трэба аббегчы дзесяць разоў вакол пня. Мне – шэсць.

Чэсь аббег дзесяць разоў вакол пня і паваліўся зняможана на мох.

“Тук-тук”,- нехта ў лесе.

Чэсь (падхапіўшыся з долу). Можа гэта дзядзька Колас кіем па дрэве стукае, папярэджвае, каб не блазнавалі. Маўляў, не буду грыбы браць, не маю патрэбы ў вашых паслугах.

Анатоль (падбадзёрыў). Яшчэ што прыдумаў. Ён жа нас не бачыў. А гэта дзяцел дрэва лечыць. Чуеш, як у хвою лупіць (прамовіў невясёлым голасам).

Сябры вырашаюць зайсці з тылу, паглядзець, што робіцца на пнях. Нізам, лагчынай прайшлі да той мясціны, адкуль пачыналася аперацыя. Баяліся, каб з дзядзькам Коласам не сустрэцца. На першым пні ляжаў рубель, прыціснуты баравіком зверху. На другім пні – два, на трэцім – тры, на чацвёртым – чатыры рублі.

Чэсь (аслупянеўшы ад здзіўлення). Вось табе і маеш. Дык ён і нам грыбоў пакінуў, не ўсе, выходзіць, забраў.

Па дарозе дадому, хлапчукі заўважылі каля берага Балачанкі адзінокую ластаўку.

         Чэсь. Папіць вады прылятала. І чамусьці адна.

Анатоль. Памятаеш, як дзядзька Янка, калі прыязджаў да Коласа, казаў, што на Дняпры, на яго дачы ў Ляўках, ластаўкі гнёзды ў берагах парабілі. Беражанкі, казаў, як і людзі, селяцца каля ракі.

         Чэсь. Мала ён пабыў у нас. Усяго тры дні.

Анатоль. А мне даў патрымаць компас у руках. Вучыў як ім карыстацца.

Чэсь. А перад ад’ездам ганяў нас з братам. Назавіце, кажа, птушак, што ў Вусці прыжыліся. За правільны адказ адзнаку ставіў. Сцізорыкам на зямлі. І ўсё дапытваўся ў мяне, чаму кветкі акацыі апоўдні пахнуць. Я не ведаў. А ён кажа: “Гэта да перамены надвор’я”.

Анатоль. А маім сёстрам Аньцы і Тані загадаў прынесці некалькі курыных пер’яў, крыху поўсці, зверабою. Загадаў абодвум заплюшчыць вочы. А сам праводзіў па руцэ зёлкамі вышэй локця і ўсё пытаў, чым ён дакрануўся да рукі.

         Чэсь. А навошта гэта ён рабіў?

Анатоль. Мой тата казаў, што гэтым самым дзядзька Янка правяраў сястрычак маіх на павышаную адчувальнасць.

Чэсь. А мяне з братам вучыў вызначаць узрост хвойнага дрэва па кальчаках, нават сонечны гадзіннік зрабіў на зямлі з тычак. Ды гэта што. Майму тату расказаў дзядзька Янка цікавую гісторыю пра хлопца і дзяўчыну.

         Анатоль. Раскажы. Ты ж, відаць, слухаў таксама?

Чэсь. Закахаўся хлопец у дзяўчыну. Мачаху пазнаёміў з ёй. Ды не спадабалася дзяўчына мачысе. Хлопец у другі раз прывёў каханку ў хату. Благаславення папрасіў, бо вянчацца надумаў.

         Анатоль. Мачаха, канешне, дала ад варот паварот ім.

Чэсь. Ды не. Падносіць ветліва ім два келіхі віна. Загадвае, каб выпілі адначасова. Маладыя як выпілі віно, дык сэрцы іх сталі. Атрутнае было тое віно. Юнака і дзяўчыну пахавалі па разныя бакі царквы. На магіле хлопца з часам дуб вырас. А на магіле дзяўчыны – бярозка.

         Анатоль. І усё, усё..

Чэсь (працягвае). Над царквой неўзабаве дрэвы і сышліся веццем. “Нават смерць іх не разлучыла”, – дзівіўся пачутаму мой тата.

За размовамі хлапчукі падыйшлі да хаты Язэпа Рымашэўскага. Прынеслі грошы, пакінутыя Якубам Коласам на пнях.

Грошы Марыя Дзмітрыеўна не ўзяла.

Марыя Дзмітрыеўна (смеючыся). Прыняў дзядзька Колас вашу гульню. А грошы вы чэсна і сумленна зарабілі. Падручнікі сабе набудзеце перад новым навучальным годам.

                                                               “Уж очень люблю Устье, Болочанку.

                                                Я даже не размеживаю их,

                                                    Ибо это моя вторая родина”.

З ліста Якуба Коласа да М. Прозаравай ад 21.04.1952г.

  

Дзея восьмая.

З’ява восьмая.

 Раніца. На беразе Балачанкі двое хлапчукоў – Чэсь і яго брат Мікіта.

Чэсь. Сарока-вароўка кашу варыла. На дарозе скакала, гасцей сазывала. Гэтаму дала, гэтаму дала (раскідвае хлебныя шарыкы ў ваду).

Мікіта (у тон брату). Баба Яга-касцяная нага, у ступе сядзе, памялом след замятае (раскідвае хлебныя шарыкі ў рэчку). Ой! (усклікнуў спалохана).(да Чэся) Паглядзі што гэта робіцца. Рака ўспенілася. Няйначай чорт з ведзьмай вянчаецца.

Чэсь. Больш шарыкаў кідаць у ваду не будзем. Гарох будзем пасыпаць калі Анатоль прынясе (кідае погляд у бок палетка, адкуль павінен з’явіцца сябра).

Нарэшце засопшыся з’явіўся Анатоль.

         Чэсь (з дакорам). Будзеш казаць, што маці на раку не пускала.

Анатоль. Ледзь упрасіў. А ты сам вінаваты. Падлез пад вакно і крычыш: “Збірайся. Я пайшоў. Чакаю каля Чорнай алешыны”.

         Чэсь. Усё ж адпусціла.

         Анатоль. Адпусціла. Утопішся, сказала, дадому не прыходзь.

         Чэсь. Табе трэба было адразу сказать пра на сакрэт.

Анатоль. Трэба пароль прыдумаць. Вось падладзіш ты пад наша вакно і даёш сігнал: Фір-то-фір-ля. Фір-збор-фір-ля, Фірка-фірля, Фіргор-фірнай фіра-фірле-фіршы-фірны.

Чэсь. Прыдумаеш. Фірты нейкія. Думаеш твая мама не зразумее, куды я цябе заву. Зноў будзе казаць, што я цябе з дому зваджу. Ну дык прынёс гарох?

         Анатоль. Прынёс (дастае з кішэні жменьку пражанага гароху).

         Чэсь. Мала.

Рака зноў успенілася.

         Анатоль. Чорт бушуе пад вадой.

Чэсь. Гэта відаць шчупак за плоткай ганяецца. Сыпані ім гароху. Можа супыніцца, пражора зубастая.

Мікіта, брат Чэся. Прыманкі хопіць. Уяўляю, як акуні жыраваць начнуць.

Чэсь (жартам). Дык хаця б зазубень застаўся цэлы. Слухай, Анатоль, а ты ўпэўнены, што дзядзька Колас на рыбалку збіраецца?

Анатоль. Я як малако адносіў, дык бачыў, як дзядзька Колас з рыдлёўкай завіхаўся каля забора, дзе ў Язэпа дзявасіл расце.

Мікіта. Дык можа ён карэньчыкі дзявасілу выкапваў. А табе падалося, што чарвякоў шукаў. Марыя Дзмітрыеўна лекавыя травы сушыць. Ну і дзявясіл. Сюды да збору.

Анатоль. Ты глуздом паварухай. Цяпер жа лета. Хто дзявасіл летам капае. Чуў я, як дзядзка Колас сыну Міхасю загадваў, каб патэльню паскроб, цеплай вадой змыў. Для рыбы значыцца ўсё гэта.

Чэсь. На гэты конт я табе так скажу. Будуць, як кажа мая мама непярэліўкі, каля дзядзька Колас зараз з’явіцца. Вобегам вылезе, як кажа мой тата, тады наша справа.

Мікіта, брат Чэся. А што б ты рабіў, калі б дзядзька Колас прыйшоў?

Анатоль. Ведаць не ведаю. Але справа наша павісне тады на павуцінцы. Аддаю ў заклад галаву.

Чэсь. Рыбы хопіць. Памятаеш ( да Анатоля), як летась артысты прыязджалі да нас. Пасля канцэрта з вудачкамі да ракі падаліся. Акунёў вядро нашморгалі.

Мікіта, брат Чэся. А артыст той, што за дзеда Талаша быў, распрануўся і рыбу ў берагах рукамі шукаў. Шмат плотак выкінуў на бераг.

Тут Чэсь і узяў на вока мужчыну ў панаме, што з боку жытневага палетка паказаўся. Чэсю аж у пяту заалола. У руках дзядзькі Коласа вядзерца, за спіну вудачкі перакінуты. Ён гэта. Анатоль намерыўся, згледзеўшы Коласа, збірацца даць лапаты, але Чэсь спыняе яго.

Чэсь. Абстаноўка ўскладняецца. Уцякаць няёмка. Улову не атрымаецца (паглядзеў на сонца). Рыба ўжо паспрабавала нашага гасцінца.

         Анатоль. Дык што ты прапануеш?

         Чэсь. Замры. І слухай.

Анатоль замёр, але ненадоўга.

Анатоль (адмёр сам па сабе, па сваёй ахвоце). Дык што рабіць будзем? (да Чэся).

         Чэсь. А што табе твой тата кажа?

         Анатоль. Тата? Ну, ён параіў бы схадзіць за розумам.

Чэсь. Дык хто табе перашкаджае так і зрабіць (дастае з кішэні пакамечаны сшытак).

Анатоль (пра сябе). Знайшоў занятак. Нават і аловак з дому прыхапіў. Маляваць, відаць, збіраецца. Анатолю думаць, а Чэсю маляваць. Ёсць розніца. Ёсць. Можна і разам было падумаць, што рабіць.

Чэсь ( у думках). Розніцы няма ніякай. Задача адна перад імі: неабходна адцягнуць увагу дзядзькі Коласа ад ракі. Вось толькі Анатолю няма чым рукі заняць. Не пайшоў далёка за розумам. Годзе таптацца, стань каля мяне ( падзывае сябра). Зрабі выгляд, што парады мне даеш. Я зараз воблака маляваць пачну.

Чэсь малюе воблака.

Анатоль. Нешта ў цябе не тое атрымліваецца (не згаджаецца з ходам думак мастака). Не воблака, а мядзведзь нейкі.

Чэсь (памеціўшы хвост чатырма кружочкамі зверху). Дык гэта ж і ёсць воблака – мядзведзь. Глянь на неба.

Анатоль. Дзе ты бачыў, каб у мядзведзя хвост звісаў да зямлі (пакеплівае над сябрам).

Чэсь (паказвае рукой на незвычайнае воблака). Дык гэта ж табе не лясны звер, а паветраны. Я, калі захачу, магу яму снежную шапку зверху прымаляваць. Каля мядзведзя дзве аблавушкі з ваты ляжаць пад самым носам. Большую мы і выберам.

Анатоль (незласліва). У кажух яшчэ да самых пят, як у дзядзькі Рымашэўскага, апрані Мішку.

Анатоль аднім заплюшчаным вокам глядзіць у сшытак, а другім вядзе назіранне за сцяжынкай: няхай не думае дзядзька Колас, што толькі Чэсь пры справе, а ён, Анатоль, проста лынцы б’е. А калі дзядзька Колас сумняваецца, што толькі адзін Чэсь малюе, дык гэта зусім дарэмна.

Анатоль (у бок). Вось прымаляваў жа нябеснаму мядзведзю Чэсь калматы хвост. А навошта ён? У мядзведзя хваста наогул няма. Мама кажа, што ён балотнаму чорту яго пазычыў. Скажы Чэсю пра гэта, пакрыўдзіцца. А чорт мядзведзю наўрад ці хвост верне! Чорт ім смалу памешвае. І не апёкса ніводнага разу (зіркае раз-пораз у бок сцежкі).

Дзядзька Колас ужо ў дзесяці кроках. А Чэсь на гэта – нуль увагі.

         Анатоль (у бок). Мастак знайшоўся мне.

Якуб Колас (прывітаўшыся). Даўно, брацця вожыкі, бавіце тут час (размотвае вудачкі).

         Чэсь (пачырванеўшы). З раніцы купаемся, загараем.

Брат Чэся, адышоўшы ад алешыны, палез у ваду. Апошні нырэц – купальны канец кажа.

Покуль дзядзька Колас даставаў з бляшанкі нажыўку, Чэсь непрыкметна падае брату знак: маўляў, малайчына, добра прыдумаў, сядзі ў рэчцы і не вылазь. І яшчэ пальцамі паварушыў у паветры, даючы зразумець Мікіту, каб даў большую нагрузку на ногі пад вадой.

Якуб Колас, стоячы за спіной Чэся, паглядае як той вымаўлёўвае брата ў вадзе. У Чэся на пераносіцы аж кропелькі поту выступілі. Такая ўвага да яго занятку. Чэсь нават акрайчык языка з рота выкаціў, малюючы Мікіту ў вадзе.

Якуб Колас (заўважыў адносна плыўца). Тут табе просты аловак не паможа. Сіні трэба. Скажы нябогу, каб з вады вылазіў. Сакалеў ён, так і прастудзіцца можна.

Чэсь (адрываючы погляд ад сшытка). Вось зараз яшчэ алешыны дамалюю.

Паглядзеўшы на надрэчныя дрэвы, Чэсь вачам не паверыў. Сонейка, адбіўшыся ў рачной вадзе, пусціла на алешыны хвалі святла. Хвалі бруіліся, пагойдваліся, ішлі чародкай адна за другой роўным парадкам па ўсім беразе ракі, дзе раслі дрэвы.

Якуб Колас (адчуўшы настрой хлопчыка). А ты раней такога не заўважаў.

Чэсь моўчкі пакруціў галавой.

Якуб Колас (да Мікіты). Досыць табе ўжо, ягамосць, пялёхацца, вылазь на бераг. Хопіць дрыжыкі прадаваць (бярэ з рук Чэся сшытак і пачынае разглядаць малюнкі).

Шэрыя воблакі, цёмная рака, нават гарлачыкі нейкія невыразныя. Вядома ж адным алоўкам намалявана.

Якуб Колас. Мне яшчэ дадому патрапіць трэба (пачынае збіраць вудачкі).

Мікіта (вылез нарэшце з рэчкі). А вы заўтра прыходзьце. Раніцай на тым тыдні. Да ў прытулак на сямідырку тут шчупака ўцюпаў.

Анатоль. Ага, вялікага шчупака ўвабраў. Раніцай няма адбою ад рыбы. Дапраўды.

Якуб Колас (зацікаўленна). А хто гэты Даўпрытулак? Не ведаю я ў вёсцы такога.

Анатоль. Гэта наш Васіль Дзятка. Яго ўсе так у Вусці завуць. У ягоным стозе сена каля хаты, заяц перазімаваў. Дзядзька Васіль не праганяў. Няхай жыве, кажа, калі ахвоту мае.

Адвячоркам Колас завітаў у хату Клеўкі. Ён прынёс Чэсю набор каляровых алоўкаў і бліскучы пенал у падарунак.

 

Дзея дзявятая.

З’ява дзявятая.

 У сшытку Дзяніса Дзяткі з’явілася карова Маліна, кот Васіль, курка Маня. Гэта пасля таго, як дзядзька Колас падараваў хлопчыку набор рознакаляровых алоўкаў.

Клеўка Ніна Андрэеўна, маці Дзяніса. Ты свой сшытак з малюнкамі Марыі Дзмітрыеўне пакажы.

Выслухаўшы маці, Дзяніс накіроўваецца да хаты Язэпа Рымашэўскага.

Марыя Дзмітрыеўна разглядае  малюнкі Дзяніса, дзівіцца фантазіі хлапчука.

Марыя Дзмітрыеўна. Курка нібы жывая ў цябе атрымалася (хваліць малюнкі). Ёмкая яна, відаць у вас. Бачу ногі курцы ты прырабіў, апрануў Маньку ў паркалёвую сукенку. Дзюбу размаляваў у чырвоны колер. Не забыўся пра пшанічныя зярняты. І яшчэ седала прымаляваў. Аднак седала навошта?..

         Дзяніс. Ну, гэта.. каб Маня неслася.

         Марыя Дзмітрыеўна. У вашай Мані дзяцей не злічыць.

         Дзяніс. Багата.

Марыя Дзмітрыеўна. Бачу я, вунь колькі жоўтых куранят намаляваў ты каля яе. Выгадуе яна дзяцей – тады і чакай ад Мані яйка.

Дзяніс. Ды не простае, а залатое (узрадаваўся, што іх Маня зноў пачне несціся).

Марыя Дзмітрыеўна. І кот у цябе атрымаўся. Вось толькі чамусьці без вусоў ён.

Дзяніс. Мама казала, што Васька калі спаў, дык мышы яму падклалі гарачую галавешку пад шчаку.

Марыя Дзмітрыеўна (жахнулася). Падсмалілі вусы! Здавён мышы не ў ласцы з катамі. Каты, кажуць, даручылі ім ахоўваць нейкія важныя паперы, ну а мышы пагублялі іх. А з вачыма Васіля справа ясная. Вочы ў Васіля, канешне, ёсць. Але ж днём ён дрэмле, ніколі не адкрывае іх, а ноччу – тым больш. У Васіля, відаць, вочы будуць хутчэй зялёныя. Ты папазірай за ім (параіла). Зялёны аловак у цябе ёсць?

Дзяніс. Ёсць, нават два. А можа, яны чырвоныя? Васіль заўсёды сядзіць на прызбе і нібы плача ад гора.

Марыя Дзмітрыеўна (згаджаецца). Можа і чырвоныя. Ты пасябруй з Васілём. Тады ўсё і даведаешся. З ім трэба трывалыя стасункі наладзіць, каб Васіль не сумаваў на адзіноце.

Марыя Дзмітрыеўна (разглядае малюнак з прырэчнымі алешынамі). Сонечныя, серабрыстыя ў цябе яны на малюнку. Увесну паспрабуй пільна прыгледзецца да іх. Але не зблізку, а кроху здаля. І што ў цябе атрымаецца на паперы, мне прышлі. Я адрас пакіну.

У красавіку Дзяніс з мамай адправілі ліст у Мінск. На малюнку, які ўклалі ў канверт, рачны бераг быў у чырвоным тумане. Вольхі цвілі, падставіўшы пад сліпучае сонца свае бурштынавыя завушніцы.

Спраўка.

(чытае артыст са сцэны)

У 1938 годзе Вусце ссялілася. Вусцянцы перабраліся ва ўзбуйненыя вёскі (Балачанка, Пухавічы).

Перабраўшыся з сям’ёй у Беразянку ў чэрвені 1939 года, Якуб Колас, пражываючы ў хаце Леаніда Шчэрбы, выказаў светлую сумоту ў паэтычных радках.

Я чую – з Вусця даносяцца гукі:
Пявун заспявае, – адлічыць часінкі,
І смех бестурботны дзятвы ля адрынкі,
І крык распачлівы плаксівай дзяўчынкі,
Рып студні, сякеры мерныя стукі.

Успомню любоўна убогія хаткі,
І груд мой вусцянскі, і бераг зялёны,
Дзе гнуткія лозы б’юць рэчцы паклоны.
Я знаю вусцянцаў і ўсе іх імёны –
Язэп Рымашэўскі, Жук і тры Дзяткі.

Ды Вусце сягоння глухне, нямее,
Змаўкае і голас у ім чалавечы –
Нясуць маё Вусце шырокія плечы.
Стаяць недаўменна адны толькі печы,
І клён каля плоту асірацее.

Ну, што-ж? Бывайце! — скажу я зычліва. –
Будуйцеся ў вёсцы на новай мясціне
У дружнай і шчырай калгаснай сябрыне.
Хай добрая доля вас не пакіне:
Багата жывіце вы і шчасліва!

 

У Беразянцы паэт працаваў над новым варыянтам п’есы “Вайна вайне”, расказваў свайму маскоўскаму сябру Гарадзецкаму пра пераезд і вёску з 19 гаспадарак і “несколько слов о моём месте. Оно очень тихое. С одной стороны сосновый лес, вернее грядки сосняка, прерываемые песчаными пустырями. Но дальше тянется большой лесной массив. С другой стороны широкая, очень красивая долина Свислочи со старыми дубами, Свислочь здесь прекрасна. Попадаются на ней такие уголки, от которых трудно отвести глаз. Есть прямо такие идеальные курортные места. Я живу в домике лесника. Он освободил его целиком, а сам перешел в соседний домик, оставшийся одиноким без хозяина. Своим кабинетом я более чем доволен. Здесь стоит мой рабочий стол. На нём две чернильницы да разбросанные в  беспорядке листки моих черновиков. Тут же перед глазами мой неизменный спутник жизни – барометр, бритвенный прибор». (Тэкст даецца з кнігі М.У. Мушынскага “Якуб Колас. Летапіс жыцця і творчасці” Мінск. “Мастацкая літаратура” 1982 г., стр. 300)

Даваенная Беразянка славілася руплівымі гаспадарамі. Дбайныя гаспадары-беразянкаўцы шчыравалі ў полі, на фермах. Садзілі бульбу, сеялі лён і ячмень. Святкавалі дажынкі.

У вёсцы паэт пасябраваў з мясцовым старшынёй калгаса “Пуцілавец” Клемусам Жукам, які ў час фашысцкага ліхалецця перадасць у 1943 годзе праз лётчыкаў, прыляцеўшых у атрад да партызан, ад яго, камісара атрада імя Чапаева, пісьмо Якубу Коласу, дастаўленае паветранымі рамэзнікамі.

У Маскву праз лінію фронта і ўручанае работнікам Мінфіна пісьменніку ў Ташкенте, куды пераехала ў час вайны Акадэмія навук. У адказе на ліст К.А. Жука паэт паведамляў: “Ад усяго сэрца я вітаю Вас, а ў Вашай асобе ўсіх барацьбітаў за гонар, за годнасць і славу народа. Нам цяжка. На нашы плечы ўзвалены ўсе цёмныя сілы Еўропы, але мы вынесем гэты цяжар, скінем з сваіх плеч, і перад намі, як і перад усім праціўным чалавецтвам, расчыняцца прасторныя дарогі ў той свет, які будуе ўжо дваццаць пяць гадоў наша Савецкая зямля”. (тэкст пісьма Клемусу Жуку даецца па кнізе М.У. Мушынскага “Якуб Колас. Летапіс жыцця і творчасці” Мінск. “Мастацкая літаратура” 1982 г., стр. 361).

У спаленую фашыстамі Беразянку Якуб Колас прыедзе ў 1947 годзе, сустрэнецца са старшынёй калгаса К.А. Жукам, моўчкі пастаіць каля просценькага памятніка загінуўшым беразянкаўцаў, пройдзе да месца, дзе распачыналася ў 1940 годзе будаўніцтва іх з Марыяй Дзмітрыеўнай хаткі, успомніць пра той дзень, калі святкавалі дажынкі.

З калгаснікамі ва ўрочышчы Яхімаўшчынра ў даваенны шчаслівы час.

Частка другая.

Дзеючыя асобы.

  1. Клемус Ануфрэевіч Жук, старшыня калгаса “Пуцілавец”.
  2. Якуб Колас, народны пісьменнік, 58 гадоў.
  3. Марыя Дзмітрыеўна Міцкевіч, жонка Якуба Коласа.
  4. Міхась Міцкевіч, сын Якуба Коласа
  5. Аленка Жук, дачка старшыні калгаса, 13 год.
  6. Калгаснік сельгасарцели “Пуцілавец”.
  7. Плытагоны.
  8. Насця Клеўка, калгасная звеннявая.
  9. Васіль Паскробка, калгаснік.

 Дзея першая.

З’ява першая.

 Аленка Жук, сустрэўшыся на вясковай вуліцы з Міхасём Міцкевічам паведамляе яму, што сёння будзе моцны дождж. Таму трэба сядзець у хаце і чытаць кніжкі.

Міхась (злуючыся). Зноў ты дражнішся. На небе ні воблачка, а ты кажаш дождж. Варажбіка мне знайшлася.

         Аленка. А я кажу пойдзе. Вось пабачыш.

         Міхась. А мы з татам у грыбы збіраемся (з выклікам).

Аленка. З пустымі кашамі верніцеся. А ў цябе зуб на зуб пападаць не будзе (паспачувала).

Міхась (махнуўшы рукой). Не бярэм мы цябе з татам у лес, вось ты і злуешся.

Міхась пра Аленчына папярэджанне тату нічога не сказаў. Ці мала што можа ўзбрысці ў галаву гэтай задзіры.

А нядаўча сапраўды напаткала тату і сына. Не паспелі яны дайсці да лесу, як усыпаў спорны дождж. Нават не ведалі грыбнікі, куды падзецца. Вымаклі, адным словам, да ніткі.

Якуб Колас. Дык кажаш папярэджвала Аленка, што сапсуецца надвор’е.

Міхась (губляецца ў здагадках). Можа яна, тата, сапраўды варажбітка якая?

Якуб Колас (здзіўленна). Усё можа быць. Аб гэтым ты даведаешся, калі запросіш Алёнку ў грыбы.

З Аленкай Міхась сустрэўся толькі пад вечар.

         Міхась. Раніцай мы з татам у лес збіраемся. Можа, і ты з намі?

Аленка. Заўтра можна. Заўтра цёпла будзе (упэўнена; не падаўшы выгляду, што пакрыўдзілася на Міхася).

Хлопчыка разбірае цікавасць. Усё ж ведае Аленка нештачкі. Трэба абавязкова даведацца пра яе сакрэт.

Ды не так лёгка выведаць у Алёнкі тайну. Умее яна трымаць язык за зубамі.

У лесе Міхась падрэзаў рыжаваты грыб. Назвы яго не ведае. Вырашае звярнуцца да Алёнкі за дапамогай.

Аленка. У лесе розныя грыбы сустракаюцца. Гэта – ляднік. Мая мама называе яго падбабкай.

Якуб Колас (спыніўшыся каля Міхася і Алёнкі). Розніцы сапраўды няма. Ляднік альбо падбабка (падтрымаў дзяўчынку).

У лесе дзяўчынка ішла следам за Міхасём. Той нямала грыбоў прапусціў. Аленка некалькі разоў вяртае Міхася назад.

Аленка. За табой, як кажа мая мама, не ўстрэнчыш. Нават грыбы не паспяваюць.

Міхась, шчыра кажучы, не пра грыбы думаў, а ўсё пра той дождж, які цабаніў увесь дзень пасля светлага ранку. Адкуль і чаму ён з’явіўся? Няйначай Аленка пастаралася, хаця не хоча прызнацца, што наваражыла.

Міхась (у думках). Нават тата сказаў, што ўсё можа быць. А Міхась тату верыць. Кідаць словы на вецер ён не стане.

         Міхась (да Алёнкі). А давай і заўтра ў грыбы сходзім. Згодна?

Аленка (перапытаўшы). Заўтра? Адказ я табе магу даць толькі перад заходам сонца. Самашто перад заходам сонца (паўтарыла).

         Міхась. Перад заходам дык перад заходам.

Вечарам Міхась пастукаўся ў дзверы дзядзькі Клемуса.

         Міхась. Дык пойдзем у грыбы, Аленка?

         Аленка. Збіраюся. Пагодка не падвядзе.

Міхась (падпусціў шпільку). Адкуль ты ведаеш? Можа з раніцы навальніца пачнецца.

Аленка (запэўніла). Дажджу не будзе (вядзе Міхася ў агародчык).

Дзяўчынка падводзіць Міхася да раслінкі з ружовымі кветкамі.

Аленка. Гэта мальва. Неба з раніцы блакітнае і чыстае, а кветкі загадзя на дождж паказваюць, пялёсткі складаюць (растлумачыла).

Міхась. Дык і тады табе кветка сказала, што дождж будзе? Ну, учора, калі мы з татам вымаклі. А як жа назаўтра?

Аленка. А пра заўтра нам паведаміць чарадзей, што вісіць над варыўней.

Міхась (перасмыкнуўшы плячыма). Загадкі адны. Зноў ты нешта прыдумляеш.

Аленка бярэ Міхася за рукі і падводзіць да павука-крыжавіка, што жыве пад страхой.

         Аленка. Я з ім ужо раілася. Можаш і ты пагаварыць.

Міхась перамінаецца з нагі на нагу. Глядзіць на павука і нічога не разумее. Якія адносіны мае “крыжавік” да надвор’я.

Аленка. Павук-крыжавік на заходзе сонца ў сетцы сваёй застаўся. Значыцца, заўтра суха будзе (дакляруе).

Міхась (да Алёнкі). А хто табе пра гэты сакрэт расказаў? (сумеўшыся).

Аленка. Тата. А яму ягоны тата, мой дзядуля. Тата старшынёй калгаса працуе (пахвалілася). Яму трэба ведаць, якое надвор’е будзе наперад, каб упраўляцца.

Дома Міхась падзяліўся Аленчыным сакрэтам з татам. Ці праўду гаворыць Аленка? Верыць і не верыць Міхась, што можа быць так, як Аленка кажа.

Якуб Колас. А мы ноччу можам з табой праверыць, ці спраўдзіцца яе прагноз. Ёсць і ў мяне верная прыкмета.

         Міхась (здзіўлена). Як гэта ноччу?

Якуб Колас. Ты зараз спаць кладзіся. Я цябе  калі певень дасць сігнал пабуджу.

Канстанцін Міхайлавіч, як і абяцаў, пабудзіў Міхася да ўсходу сонца.

Басанож дабеглі трушком да Свіслачы, паселі каля рэчкі на росны мурожнік.

         Якуб Колас. Зараз канцэрт будзем слухаць.

Цьгу-ук (парушыла цішыню ночы нябачная птушка).

         Якуб Колас (шэптам). Салавей.

Цьгук-цюк-юк, юк (падае голас птушка). Юк-юк-ук (рассыпаюцца трэлі па лазняку).

         Якуб Колас. Давай падлічым, у колькі каленцаў песня (прапануе).

Салавей змоўк.

         Якуб Колас. І мы маўчок.

Сядзіць Міхась на беразе, дыхнуць баіцца.

Угік-ую-ую (даляцела з кустоў).

Міхась. Раз, два..

Угік, ую, ю, юк, юк, улік – ляціць з кустоў.

         Міхась (пасумаваў). Шэсць.

Якуб Колас. Не спяшайся (папярэдзіў). Давай нанава. Спачатку выслухай усю песню. Як змоўкне салавей, такой наступны нумар і лічы.

         Міхась. Дык ён спявае не так, як пачынаў (здзіўлена).

Якуб Колас. Праўда твая (парадаваўся адкрыццю Міхася). Салоўка ў адну столку песню не складае.

І як ні стараўся Міхась падлічыць каленцы песні, усё роуна збіўся.

Якуб Колас. Ну, нічога (супакоіў). Ён цяпер да світання будзе спяваць.

Салавей ужо цёхкаў не змаўкаючы. Прыхінуўшыся да цёплага татавага плячука, Міхась слухае незвычайную начную мелодыю.

Якуб Колас. Калі салавей спявае усю ноч, будзе цёплы сонечны дзень.

Міхась. Выходзіць, што Аленка праўду казала, калі абяцала добрае надвор’е на заўтра.

Якуб Колас (удакладняе). На сёння. Хутка сонца прывітае зямлю і наступіць новы дзень, сынок.

Дзея другая.

З’ява другая.

 Пад абед каля хаты Леаніда Шчэрбы спынілася фурманка. Старшыня калгаса “Пуцілавец” Клемус Андрэевіч Жук зайшоў у хату, у якой летаваў з сям’ёй Якуб Колас. Даў ветлівае “Здравствуйте”, зняў свій запылены зялёны картузок.

Клемус Жук (да Якуба Коласа). Заўтра дажынкі ў нас. Ад імя хлебаробаў запрашаем вас у госці з жонкай.

         Якуб Колас. І дзе збіраецеся ладзіць свята?

Клемус Жук. Прама ў полі, ва ўрочышчы Якімаўшчына. Тамака будем спраўляць паранкі.

Урочышча Колас ведаў: менавіта туды прапанаваў ён у мінулым годзе даставіць на прыканцы зімы на калгасны палетак арганіку. Колас летась сапраўды спрычыніўся да добрай справы. З’ездзіў да кавалерыстаў вайсковай часці, што айбавалася каля Мар’інай Горкі, дамовіўся ў ваенным гарадку з камандзірам адносна завозу “конскага золату” у сельгасарцель “Пуцілавец”.

Клемус Жук. А ўраджай у нас сёлета неблагі. З гектара, абмалаціўшы зерне, па 12 цэнтнераў пацягнем.

Якуб Колас (усміхаючыся). У вас там пад жыта ў Якімаўшчыне гектараў 20 бадай адпушчана. Вось давайце ваш паказчык перамножым на плошчу засеву. Колькі ляжа ў засекі калгасныя падлічым (наблізіўся да лічыльнікаў на стале).

Клемус Жук. Добры рахункавод, Канстанцін Міхайлавіч, з вас атрымаўся б. А на наступны год, мяркую, да…мся стопудовага збору ўраджаю з гектара. Каб толькі (працягваў) вайны не было (з надзеяй і трывогай паглядзеў на Канстанціна Міхайлавіча).

Раніцай наступнага дня падвода Клемуса Жука з дзвюма перакладзінамі ўпоперак воза стаяла ўпоплеч з хатай Шчэрбы. У дарогу прыхапілі з сабой Марыю Дзмітраўну, якая беражліва трымала ў руках на вышываных рушніку баклаты пірог. Пірог не крамны, не з горада. Сама пякла падарунак  жнеям, завіхаючыся ўчора каля печы аж да першых пеўняў.

Радасна сустрэлі Якуба Коласа жнеі. Харавым спевам прывецілі жанкі гасцей. Рэхам азвалася песня:

Зялёны дубочак

Шырокі лісточак –

Куды вецер вее,

Туды голля гнуцца.

Па ветру да мілага,

Усе весці нясуцца.

 

Малая Ганначка Крэз з Бабоў шустра падбегла да Канстанціна Міхайлавіча і ўсклала васільковы вянок на галаву Коласа, які прыгнуўся насустрач.

         Якуб Колас (прысеўшы на цыбачкі). Сама спляла?

         Ганначка (зачырванелася). Сама.

Колас пацалаваў дзяўчынку. Тым часам старшыня калгаса, прыняўшы з рук жонкі Коласа буклаты пірог, стаў сцізорыкам наразаць жнеям пахучую здобу.

Настрой узняла Марыя Дзмітрыеўна. Спеўку дала, жанкі падхапілі:

Сядлай, мілы, каня,

Каня вараненькага,

Прыязджай, мілы,

Не кідай, мілы,

Мяне маладзеньку.

Мелодыю падхапіў старшыня калгаса, выдаў басам:

За гарой бяроза

Вецце гне,

Там наша Настачка

Вянок уе.

Увішая Насця Клеўка азвалася, арліцай падляцела да старшыні калгаса, трымаючы ў адной руцэ малаток, у другой серп.

Насця Клеўка (скрыжаваўшы над галавой Жука гэтыя прылады). Ка мне, дзеўкі. Роўненька станьма ўсе як адна каля старшыні ў два рады.

Якуб Колас (выява сярпа і молата яго расчуліла). Купалу б сюды (шапнуў Марыі Дзмітрыўне), нагадаўшы радкі сябра:

Вам на памяць серп і молат,

Даравала доля,

Каб з вас кожны быў

Як волат, не гнуў плеч ніколі.

Якуб Колас. Дайце, жанчыны, “Лявоніху”, як-ніяк свята ў вас (прапанаваў).

         Жнеі. Дык музыкі няма.

         Якуб Колас. А мы пад язык. Ды з прыцмокам.

Танцаваў босы. З настроем. З душой. Пад апладысменты жней танцаваў. І старшыня калгаса кінуўся ў круг, пачаў адплясваць. Далі жару і жнеі. Падбачэніўшыся, у круг уляцела-ускочыла Насця Клеўка, звення, звонка агласіўшы наваколле.

Эх Лявоніха, Лявоніха,

Душа ласкавая,

Чаравічкамі палясківала.

Адыходзіў ш вечнасць прыгожы дзень, выпраменьваючы святло і цеплыню сэрцаў беразянцаў, пра якіх, выступаючы на шостай сесіі Вярхоўнага савета БССР у Гомелі ў 1944 годзе ў прыватнасці пра Клемуса Жука, Якуб Колас раскажа дэпутатам: “Хто, напрыклад, ведае скромнага старшыню калгаса – Клемуса Жука, майго блізкага суседа, калі я жыў летам на дачы ў калгасным пасёлку. Яго хату спалілі фашысты, дабро разграбілі, і ён са сваёй дачкой падаўся ў лес да партызанскага атрада. Маё пісьмо не дайшло да яго. Вось чаму я палічыў патрэбным сказаць аб гэтым чалавеку-барацьбіту сесіі Вярхоўнага Савета”. (тэкст выступлення Якуба Коласа даецца згодна публікацыі ў часопісе “Полымя” №12 за 2007 г. артыкула Б. Зубкоўскага “Прыстанак – Свіслач”, стр. 190).

Аўтарскі каментар да к…а Якуба Коласа.

В художественных наблюдениях писателя находишь удивительный сплав зрительных и слуховых ассоциаций. Якуб Колас часто очеловечивает природу. Обновление природы – акт торжественный, созвучный настроению трудового человека.

Заботясь о воспитании патриотических чувств, Якуб Колас каждый раз подчёркивал, что родина начинается с близких сердцу мест, дорог, деревень. И каждый раз читатель частично утоляет жажду открытия неизвестного. (Б. Зубковский «Природа и жизнь», статья литературоведческая, стр. 30-31 в журнале московском «Детская литература» №6, 1978г).

Дзея трэцяя.

З’ява трэцяя.

 З удзелам чытальніка, майстра размоўнага жанру ў пераказе таго, што адбываецца на сцэне.

Сумнавата аднаму на рыбалцы. Няма з кім словам перакінуцца. Даведаўся б Паскробка пра настрой Канстанціна Міхайлавіча, параіў бы: “Калі непярэліўкі – уцякай, братка”.

Словамі сыпле Паскробка нібы з прыполу.

Зімой любіць пайсці на попрадкі, пглядзець, як вясковыя маладзіцы прадуць кудзелю. Не ўтрымаецца, скажа: “Па такім прадзіве звекавуеце, маладзіцы, у дзеўках. Ніводная замуж не выйдзе”. На Паскробку не крыўдуюць. Сумна было б на вёсцы без яго. Умее Паскробка падахвоціць да працы, умее добрае слова сказаць, не закрануўшы самалюбства. Дум у Паскробкі – што дзірак у рэшаце, кажуць беразянкаўцы. Пачуе Паскробка пахвалу ў свой адрас, засмяецца: “У рай у лапцях не дойдзеш. Працаваць трэба, хлопцы”.

Паскробка ніколі нікога не асуджае. Нават перасцерагае аднавяскоўцаў: “Не судзі, братка, папа, калі чэрці ёсць. А то з камара можна і вала зрабіць”.

Што ведае Паскробка, шчодра дзеліцца сваімі назіраннямі з беразянкаўцамі. Летась да старшыні калгаса Клемуса Жука звярнуўся.

Паскробка. Сёлета яловых шышак у лесе не бачу. Ураджаю яравых не чакай.

Клемус Жук. Дык жа сасновых процьма (заўважыў старшыня), аб чым гэта гаворыць?

Паскробка. Ячмень, значыцца, уродзіць. Верная прыкмета, зяцёк, наконт гэтага.

Клемусу таксама палец у рот не кладзі: і на кані ён бываў, і пад канём. Адказаў у тон Паскробку.

Клемус Жук. І курыца, надараецца, пеўнікам спявае. І сарока ў адно пёра не родзіцца.

Кожную надзельку з раніцы Паскробка ладзіць лазню. Коле дровы, цешыцца.

Паскробка. У лазні венік гаспадар, а ў печы качарга. Няма ў старых касцях сугрэву (спачувае сам сабе, жаліцца Коласу).

         Коласу Паскробка, завіхаючыся на дрывотні, неяк сказаў:

Паскробка. Кожна ліса свой хвост хваліць (выпрастаўся, адклаў сякеру ў бок). Дай бог памерці хоць сёння, але не нам.

Паскробку надобрылася, але жартаваць не пакідаў.

Паскробка. Ведаеш, Міхаська, (звярнуўся стары да сына Коласа, прысеўшы на цурбанчык). Жыў на свеце цар Дадон. Пабудаваў са шкла ён дом. Ідзем, паглядзіш, мамцы раскажаш.

         Міхась са смеху кладзецца.

Паскробка (працягвае). А табе, Каласок, праспяваю песню пра маладзіцу (зацягнуў глухаватым голасам): У панядзелак я лазню тапіла, а ў аўторак у лазню хадзіла, у сераду ў чадзе праляжала, у чацвер галаву расчасала, у пятніцу добры людзі не пралі, у суботу бацькоў паміналі, а ў нядзелю на вяселлі гулялі. Гах (прытопнуў голай пяткай і ўзяўся зноў за сякеру).

Учора прынёс Паскробка ў хату лесніка, дзе летавала сям’я пісьменніка, дзве пляцёнкі. Працягвае Марыі Дзмітрыеўне свае вырабы.

Паскробка. Была ліпка, а стала карзінка. Падарунак вам. Ад сэрца.

Сядзеў, размаўляў, ціха казаў, што ў пасёлку на Благавешчанне ішоў спорны дождж. А калі так, то грыбоў восенню будзе шмат па гэтай прыкмеце. А ураджаю не будзе збожжавых, бо на Івана Купалу росы задужа буйнымі не былі. Марыя Дзмітрыеўна пра здароўе спытала.

Паскробка (аджартаваўся). Не пытай у кошкі ляпёшкі, а ў сабакі бліна. Надоечы не даў мне твой гаспадар папрацаваць, адабраў сякеру. Сам калоў дровы для лазні. Беражэ мяне.

Якуб Колас (таксама кінуў жарт). З сякерай папрацаваць – добрая справа, бах-бах і клетка, сеў у куток дый печка.

Госця пачаставалі. А вось ад рыбалкі стары адмовіўся.

Паскробка. Лютню хачу падладзіць. Не дае мая мандаліна гуку. А кайстру табе дам з сабой. Няхай торба мая паперадзе ідзе, акунькоў прынясе.

За справамі ў Паскробкі дня не відно: то ён цяслярыць, то фарбуе, то габлюе. Калгасны свіран адзін выбеліў. Той што сонейка стаў.

У пачатку лета пры хаце зладзіў Паскробка вышку, усцягнуў на яе цэбар. Колас справу ўхваліў, нават занатаваў у сшытку:

 

Ён любіць жыць сваім адумам,

А сам на выдумку дасуж.

Ён змайстраваў цішком, без шуму

Для асалоды свае душ.

Тое, што рыба сёння ловіцца, Канстанцін Міхайлавіч павінен быць удзячны Паскробку. Той накапаў на балоце валяр’янавага кораня, зрабіў адвар, параіў у прахалоджаным настоі нейкі час патрымаць чарвякоў.

Паскробка (дакларуе). Зазубень акуні сарвуць. Рыба шалее, калі ўчуе пах валяр’яны.

Якуб Колас (падумаў пра сябе, выцягнуўшы з вады плотку). Усё ж шкада, што Паскробка адмовіўся ад рыбалкі ў каторы раз.

Ён дацягнуўся да калочка, да якога была падвязана суровая нітка з замацаванай рагулькай-алешынкай унізе. Нітку прапусціў праз жабры плоткі, апусціўшы затым усю звязку ў ваду каля прынесенай кімсьці і ссунутай у раку дошкі-дылёукі.

І Міхась заўпарціўся, не пайшоў з бацькам на рыбалку. Стаў баяцца ракі хлопчык. Прычына ёсць, аднак. Днямі гулялі хлопчыкі-беразянкаўцы каля ракі. Каменьчыкі ў ваду кідалі. Любаваліся, як гусак вёў за сабой па струнцы чародку гусей. Хораша плыў, не ныраў. І раптам на вачах дзятвы знік пад вадой. Толькі кругі пайшлі. Хлопчыкі замерлі. Гусак так і не паказаўся больш на паверхні Свіслачы.

Міхась. Вадзянік!

Узяла тут дзятва вэрхал, усе вобегам у вёску кінуліся, да Паскробкі прыбеглі ўспацелыя, узбуджаныя.

Паскробка (пытае, хітра прыжмурыўшы вока). Нячыстая сіла пад вадой атайбавалася ў Свіслачы? А што наконт гэтага думае мая ўнучка Шурачка? (цягнуў час стары).

Паклікалі Шурачку (тая з даёнкай завіхалася каля каровы). І дзяўчына не ведала. Куды прапаў гусак.

Паскробка. Каб адказаць на гэта пытанне, браце, трэба спярша добра напіцавацца, паспрабаваць маёй верашчакі (выдатны кулінар Паскробка рыхтаваў гэтую мучную страву з сала, каўбасы, свіных рабрынак).

У хлопцаў слінкі ажно пацяклі з рота.

Паскробка. Вось і добра (ухваліў апетыт гасцей). Цяпер давайце думаць думу. Хто гусака спляжыў. Нешта, аднак, не так мы робім (працягваў вялікі гумарыст). Каб атрымаць адказ, трэба спярша ў маім гамаку пагушкацца. Ідзем да яблынь.

Пагойдаліся хлопчыкі ў гамаку. Супакоіліся ды зноў пытаюць у Паскробкі, хто ўсё ж гусака ўцюпаў. Не хацеў адпускаць стары гасцей з дворышча, сказаць быў вымушаны праўду.

Паскробка. Гусака сом увабраў. Ён, нягоднік, у Свіслачы ў яміне сядзіць, цмок пракляты з вусішчамі (яшчэ больш паддаў страху малым). Сом, вядома, не акула, але за лытку ўхапіць можа. Так што купацца на раку без бацькоў не раю, брацця-вожыкі.

Міхась пра бачанае і чутае расказаў дома бацьку.

Якуб Колас (падумаў пра сябе). Вытрымаў Паскробка выхаваўчы момант, але на гэты раз ці не перабраў меру?

Колас дастаў з кішэні сшытак, аловак (гэтыя рэчы браў заўсёды з сабой). Лёгка клаліся радкі на паперу:

Ён знае шмат якіх прафесій,

Ён і цясляр, ён і сталяр,

І першы грыбнік ва ўсім лесе,

І не абы-які пчаляр.

Ідзе, жыве сваім манерам,

Нідзе не хібіць у пуці.

Ён раз быў нават акушэрам,

Бо ўсё трапляецца ў жыцці.

Застаўся задаволены рыфмай: у пуці – у жыцці. Дакладная рыфма, пахваліў сябе Канстанцін Міхайлавіч. Адарваўшыся ад сшытка, паглядзеў на раку. Калена Свіслачы мела, відаць, дачыненне да таго, што плыт узнік з-за лукі, нібы прывід.

Каля высечанай у барвенні выемкі, куды ўкладаецца вясло, стаяў смуглявы, нібы цыган, плытагон.

Плытагон (гучна папярэдзіў). Беражы вуды, бацька, знясе лавай.

Плыт яшчэ не параўняўся з рыбаком. Плытагон у бравэрцы, верхняй мужчынскай вопратцы з саматканага сукна, у бахілах (рыбацкіх ботах з высокімі халявамі), раптам адкінуў убок бусак, спрытна прабег па шанцавіне ганка.

Плытагон (просіць). Мультанчыку, бацька, не знойдзецца? Вушы пухнуць без курыва каторы дзень.

Курыва ў Канстанціна Міхайлавіча было. Ён без высілак дацягнуўся да пачкі “Казбеку”. Плыт жа трапіў на быстрак. Канстанцін Міхайлавіч зразумеў, што спазніўся. Дык і пачак да плыта не даляціць. Бязважкі ён.

Якуб Колас (паспеў крыкнуць). Кормнік твой дзе?

Плытагон. Ззаду ў хвасце.

Данесліся да Канстанціна Міхайлавіча яго словы, калі той на вачах знікаў з поля зроку. Канстанцін Міхайлавіч падкасаў адну штаніну, затым другую. Зняўшы свой стары фетравы капялюш, зрабіў некалькі плаўных рухаў. Узад, уперад.

Капялюш апусціўся на хваёвыя бярвенні.

Якуб Колас. Пайшоў, васпане! Папяросы вам (згледзеўшы нарэшце кормніка). Малады ваш вунь памірае без курыва.

Стары сціпла падзякаваў.

Кормнік. Сын гэта мой. Высах як лапа. Каханку на румку пакінуў. Дык во бесіцца. А каханка тая задужа бяла.

Якуб Колас (выгукнуў наўздагон). Абы ў працы ёмкай была.

А плыт трывалы: хваёвыя бярвенні падвязаны да лісцевых, каб ганок не асядаў у вадзе. Макушкі ўперадзе, камлі ззаду. Майстры рабілі так, збіваючы платы, і на яго радзіме, на Нёманшчыне.

Неяк адразу ўзняўся настрой. І ці многа для гэтага трэба? Перакінуўся вось парай слоў – і ўжо весела на душы стала. Уяўленне дамалёўвала сітуацыю: вядома, у бацькі з сынам спрэчка. Але ж гэты цыганкаваты закаханы па вушы хлопец не кіне дзяўчыну. А бацька пакутуе. Давядзецца смірыцца старому. Перад сілай любові засланку не паставіш. Так сказаў бы, напэўна, Паскробка. Ну, а бацька плытагона? Ён прычакае ўнукаў. І тыя з часам пройдуць гэтай дарогай дзеда, якая нясе зараз абодвух, сына і бацьку, у блакітную далячынь.

Якуб Колас (у думках). Жыццё не спыніць. Нікому. Неадольнасць гэтага жыцця ў каранях закладзена. У Паскробкавых, Коласа, Клемуса Жука, старшыні калгаса. Галоўнае (разважаў) светаўспрыманне чалавека, схільнасць асобы рабіць дабро. А плыт, як і жыццё, недзе імчыць уперад.

Прайшоў плыт – рыбы не будзе. Пачаў збіраць вудачкі. Да вёскі ішоў берагам ракі. Песціцца ў кустах Свіслач. Хораша тут. Усміхнуўся, згледзеўшы ў траве свій капялюш. Каля капелюша ляжала звязка сушанай рыбы. Гасцінец ад плытагонаў. Значыцца, бацька з сынам, магчыма, памірыліся, усміхнуўся сваім думкам. То і добра. А сушанай рыбай ён пачастуе Паскробку. Той прынясе з адрыны квасу. Рыба і квас – наедак багоў. Канстанцін Міхайлавіч паскорыў крок. Вось ужо і хвойнікі любыя паказаліся з-за павароту дарогі. Ён зараз прысядзе паміж імі, дастане свій сшытак. Пальюцца радкі нязмушана.

 

Ёсць тут сем хвой.

На хвоі – казка,

Пад кожнай хвояй халадок.

Стаяць яны, ну як графіні.

Я запалонен імі ўшчэнт.

І кожнай з іх, як той жанчыне,

Гатоў сказаць я камплімент.

Зрабіў першы накід. Шпарка ходзіць аловак.

З-пад хвой-красунь,

Як на далоні,

Відаць і хаты, і двары,

І агароды ўсе, і гоні

Па бераг Свіслачы стары

Прастору цьма сярод палянкі,

Сядзіба кожная і двор

Свой выгляд мае, свой узор,

І ў тым прывабнасць Беразянкі.

Зноў падумаў пра Паскробку. На такіх людзях трымаецца свет. Адкрыты, шчыры, мудры, памяркоўны.

А вечерам у хаце, дзе жыў Якуб Колас у Беразянцы, гарэла доўга лямпа. Канстанцін Міхайлавіч дапісваў свой аповед, які ўвойдзе ў 16-ы раздзел паэмы. Паставіў кропку. Перачытаў пра сябе:

Ёсць у яго яшчэ таланты,

Ён з мёду робіць хвацкі квас,

І дар ён мае музыканта,

Утне на скрыпцы іншы раз.

І шмат дзялілі мы з ім часу

І на сяле, і за сялом.

Хвалу я складваў яго квасу

У дзень выходны за сталом,

Не толькі квас – была і стопка,

Не ганьбавалі мы і ёй.

Пілі з натхнёнаю душой –

І я, і сябар мой Паскробка.

Патушыў лямпу. За акном святлела. Летняя ноч у абдымку з досвіткам, падумаў ён. Як хутка праляцеў час.

Колас адчуваў: напісанае сёння цаглінкай ляжа ў буйны вершавана-эпічны твор.

 Частка трэцяя.

Заключная.

 Якуб Колас: “Мне радасна заязджаць у Балачанку. І не таму, што вельмі ўжо прыдатныя там грыбныя мясціны, такія прывабныя для сэрца заядлага грыбніка. Я адчуваю сябе там, хоць і ў малой меры, членам добрай калгаснай сям’і, і я ўклаў у іхнюю працу сваю невялікую даніну”. (Артыкул “Трыццаць савецкіх год”, часопіс “Полымя” 1949 год, №1)

Дзеючыя асобы.

  1. Анатоль Дзятка, пенсіянер.
  2. Паўлік Дзятка, вучань Балачанкаўскай пачатковай школы.
  3. Якуб Колас, народны пісьменнік, 69 гадоў.
  4. Фэлька Заяц, вучань Балачанкаўскай пачатковай школы, 11 гадоў.
  5. Міхась Корань, вучань Балачанкаўскай пачатковай школы, 11 гадоў.
  6. Андрэй Шчэрба, калгасны шафёр, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, 39 гадоў.
  7. Анька Жук, дзяўчына год 9.
  8. Сцёпка Заяц, хлопчык гадоў 6, брат Фэлькі.
  9. Ніна Аляксееўна Свірыдовіч, настаўніца пачатковых класаў Балачанкаўскай школы.
  10. Кузьма Паддубоцкі, хлопчык гадоў 8.
  11. Галіна Іванаўна Паддубоцкая, калгасніца.
  12. Алесь Жаўнерчык, вучань Балачанкаўскай пачатковай школы.
  13. Верачка Тумашык, вучаніца Балачанкаўскай пачатковай школы.
  14. Аленка Дзярушка, вучаніца Балачанкаўскай пачатковай школы.
  15. Антон Ліпніцкі, вучань Балачанкаўскай пачатковай школы.
  16. Ясік Улькевіч, хлопчык гадоў 8.
  17. Даніла Міцкевіч, сын Якуба Коласа.
  18. Клаўдзія Пятроўна Ажгірэй, маці Ганначкі.

 Дзея першая.

З’ява першая.

 Дзядзька Колас адпачываў у Балачанцы. І даведаўся, што пяцігадовую Ганначку ўсе крыўдзяць. І кот, і певень, і сабачка. Завітаў ён у хату, дзе жыла дзяўчынка.

Якуб Колас. Пакажыце мне таго ката, што Ганначку крыўдзіць. Я яго на аўчыну пушчу!

Дзяўчынка ад страху хаваецца за маміну спіну.

Клаўдзія Пятроўна, маці Ганначкі. Дык ён жа, Пушок, з дому сышоў.

         Якуб Колас. А сабачка той нядобры дзе?

         Клаўдзія Пятроўна. Разам з катом падаўся.

Якуб Колас (здагадаўшыся). І певень-нягоднік таксама з імі ў кампанію?

Ганначка. З імі, з імі (выскачыла з-за мацінай спіны). Яны мяне крыўдзяць, бо згаварыліся. Во, кот мне нос абадраў.

Якуб Колас (заступіўшыся за Пушка). Ты дарэмна на ката нападаеш. Нос у цябе ад сонейка лупіцца.

Ганначка апусціла вочы долу.

Якуб Колас. От я пачакаю, пакуль яны вернуцца (прысеў на лаву). Я з імі разбяруся, з кожным паасобку пагавару.

Сядзіць Якуб Колас на лаве ды пра лясных звяроў расказвае. Ганначка аж рот раскрыла ад здзіўлення, слухаючы, як вавёрка ратавала хворага ката. І арэхі яму прыносіла, і чаем духмяным адпойвала. Слухала, слухала дый кажа: “Я піць хачу”. А сама – ні з месца.

         Маці Ганначкі. Хіба ў вядры вады няма?

         Ганначка (падбегшы да вядра). Ёсць вада!

         Якуб Колас. Вазьмі кубак ды напіся.

Напіўшыся, Ганначка зноў слухае, пра што госць расказвае.

Якуб Колас. Паглядзі, Ганначка, ці не ўсю ваду ты выпіла. Трэба кветкі паліць, што на падаконніку. Бачыш, яны галоўкі апусцілі, пасмяглі.

Ганначка, паліўшы кветкі, не ведае, што рабіць далей. Тупала па хаце, дый успомніла пра дзіва дзівоснае.

Ганначка. Ой, учора з коміна ў суседзяў ішоў чорны дым, а сёння жоўты.

         Якуб Колас (дзівіцца). Што дзеецца. Гэта, відаць, таму, што суседзі ў пятніцу пяклі чорны хлеб, а сёння – белы.

Ганначка смяецца. Доўга яшчэ гаварылі. Знайшоў дзядзька Колас дзяўчынцы занятак па душы. То яна цяпер зярнят курам сыпане, то ў сподачак малака кату налье, то з сабачкам пагуляе.

Кот, певень, сабачка, нібы дамовіўшыся, перасталі крыўдзіць Ганначку.

 

Дзея другая.

З’ява другая.

 Якуб Колас каторае лета прыязджае ў Балачанку на адпачынак. Вельмі палюбіліся паэту гэтыя мясціны, паблізу Мар’інай Горкі – лес, луг, рэчка Балачанка.

У наваколлі Канстанціна Міхайлавіча добра ведаюць старыя, малыя і называюць па-свойму дзядзька Колас.

Вясковая хата. Пасярэдзіне пакоя стол, дзве табурэткі. Каля сцяны кушэтка, на якой размясціліся дзве лялькі і жаласна глядзяць на Ганначку. Маці Ганначкі, забраўшы з-пад пашкі дачкі градуснік, устрывожылася. Дачушку трэба везці ў бальніцу. Але на чым? Усе машыны ў полі. Пачалося жніво. Падыйшоўшы да вакна жанчына заўважыла легкавік каля хаты старшыні калгаса.

Маці Ганначкі. Відаць дзядзька Колас прыехаў. Вось хто нам дапаможа.

         Ганначка. А я піць хачу.

Маці Ганначкі (памацаўшы гарачы лобік дачушкі). Я зараз малачка гарачага дам. Ты паляжы спакойна. Я зараз (выбягае з хаты).

Ніна Сяргееўна расказвае Коласу пра сваю бяду.

Якуб Колас. То ідзіце, збірайце дачушку ў дарогу. Мы зараз пад’едзем. На машыне павязём яе да дактароў у Пухавічы.

Хворую Ганначку садзяць у машыну побач з маці. Аднак легкавік не даехаў да шашы. Забуксаваў, глыбока засеўшы ў калдобінах. Тузаецца туды-сюды як у пастцы.

Шафёр, выскачыўшы з кабіны выхоплівае з багажніка сякеру.

         Якуб Колас. Ты куды?

Шафёр. А ссяку сасонку, колы трэба падважыць. Дый галля спатрэбіцца нямала, каб зачаціць гэту яміну.

Якуб Колас (выбраўшыся з машыны). Пачакай. Тут непадалёку ляснік жыве. Пайду гукну яго хлопцаў. З імі, як бачыш, выцягнем легкавік. А сасонак (папярэджвае) не чапай. Ніводнай.

Праз 15 хвілін Якуб Колас вяртаецца да легкавіка з хлопцамі. Машына ўжо стаіць на цвёрдым.

         Шафёр (зухавата ўзяушы пад казырок). Дазвольце ехаць.

Колас, пагледзеўшы на калдобіну пацямнеў. Калдобіна была засыпана ігліцай з мурашніка.

Шафёр (хваліцца). Я ўвесь мурашаны стажок сюды прыцягнуў. Вёдраў з дзесяць. Вунь з таго сасонніка (паказвае рукой на падлесак).

Ганначку паклалі ў Пухавіцкую бальніцу. Праз 10 дзён дзяўчынка пайшла на папраўку. Маці Ганначкі радавалася за ўдалы зыход лячэннем дачушкі, пры сустрэчы дзякавала Канстанціну Міхайлавічу. Толькі таго шафёра, што адвёз іх у бальніцу, у Балачанцы бальш не бачылі.

Аднаго разу Ганначка не стрымала сваёй цікаўнасці і спытала ў Якуба Коласа пра дзядзечку, што вазіў яе да дактароў у Пухавічы ў лякарню.

         Якуб Колас (у адказ). Яго ў сасонніку мурашы затрымалі і не                            пускаюць. Так ім галоўны мураш загадаў.

         Анька (трывожна) І не адпусцяць?

Якуб Колас. Можа і адпусцяць. Калі ўсе лясныя мурашы даруюць яму тое шафёрскае глупства, разбурыўшы іх хатку.

Дзея трэцяя.

З’ява трэцяя.

 Вяртаючыся з лесу з грыбоў, Канстанціну Міхайлавічу заставалася прайсці на шляху дадому квяцісты лужок. На лужку ён сутыкнуўся з хлопчыкам. Хлопчык лавіў матылёў на лузе.

Ясік прапануе Коласу пагуляць у жмуркі.

Ясік. Ты хавайся ў траву, а я цябе шукаць буду (прыкрыў адно вока далонькай рукі).

Якуб Колас (не згаджаецца). Дык не па правілах гэта. Падглядваць нельга ж.

Ясік (пакрыўджана). А я і не падглядаю. Учора мяне пчала уджаліла (пакранаў рукой балючае месца вышэй шчакі на твары). Другое вока і не бачыць яшчэ.

Якуб Колас (спачувальна). Моцна, відаць, пеканула, калі да гэтага часу баліць.

Ясік прызнаецца, што на лужку ён невыпадкова. Намер мае пчалу тую адшукаць і адпомсціць ёй за крыўду.

Якуб Колас. Сур’ёзная справа. Давай разам пчалу шукаць (прапануе).

Нібы разведчыкі асцярожна падкраліся да пылюшніку.

Якуб Колас (паказвае на пчалу, што паўзе па мяцёлачцы расліны). Твая?

         Ясік (адмоўна пакруціўшы галавой). Мая пафарбаваная была.

Якуб Колас (усміхаючыся) Так бы адразу і сказаў. На гэту раслінку залацістыя не садзяцца. Трэба баркун шукаць.

Адшукалі баркун. Ножкі ў раслінкі кароткія, а кветкі жоўценькія.

Ясік (прыглядаецца да пчалы на кветцы). І гэта не мая. У гэтай толькі адна ножка жоўценькая. А ў той і жывоцік быў пафарбаваны.

         Якуб Колас. А ты дакладна памятаеш, што тулава ў яе жоутае было.

Ясік. Яна як уджаліла мяне, дык на зямлю адразу звалілася (прызнаецца). А я ж яе крыху папужаць хацеў.

         Якуб Колас. Гэта пчолка толькі з вулля выляцела.

З паўгадзіны шукалі залатую пчалу. А яе не відаць было нідзе. Ясік стаміўся і прысеў на траву адпачыць.

         Якуб Колас. Перадыхні. А потым зноў на пошукі накіруемся.

За лужком на астрагал натрапілі. Бачыць Ясік: сядзіць яго пчолка на зеленавата-жоўценькай кветачцы. Ясік ужо і на крыўду забыўся, залюбаваўся, як пчала шчыруе. А тая ўсю кветку аббегла. Пакуль жоўтай пыльцы дабрала.

Якуб Колас. Здымай кепку. Будзем пчолку ў палон браць (уважліва паглядае на Ясіка).

Ясіку расхацелася браць пчалу ў палон. Ахвота прапала.

         Ясік (дзівіцца). І не стоміцца. Снуе туды-сюды і хоць бы што ёй.

Якуб Колас (згаджаецца). Працавітая. Гэтулькі кветак за дзень аблётае, пакуль залацістай стане. А нектар збярэ – мёд будзе.

         Ясік (задумаўшыся). Дык і мы ж з ёй усе кветкі агледзелі.

Якуб Колас (дастаючы з кішэнькі пукаты гадзіннік і глядзіць на цыферблат). Відаць, час нам дадому збірацца. Мама твая счакалася бадай цябе.

Шасцігадовы Ясік Ількевіч ківае галавой у знак згоды.

Каментар аўтара. Канстанцін Міхайлавіч не рызыкнуў расстроіць шасцігадовага хлапчука сумнай гісторыяй пра загінуўшую пчалу. І толькі праз пэўны прамежак часу ўсё ж расказаў балачанкаўскаму Ясіку, што пчала адважваецца ўкусіць чалавека толька абараняючыся і толькі адзін раз: уджаліўшы, пчала памірае. Кожа чалавека (і яшчэ каня) вязкая. Джала з зазубрынкамі застравае, малютка імкнецца паляцець і гэтым самым проста разрывае ўсе ўнутранасці і гіне. А вось у восаў іншая будова джала, без зазубрын і вельмі гладкае. Гэтыя злючкі гатовы нападаць раз за разам на чалавека.

Дзея чацвёртая.

З’ява чацвёртая.

 Палутарку мясцоваму калгасу ў Балачанцы падараваў Якуб Колас. Летам ён прязджаў на кароткі адпачынак. Бачыў, як з раніцы да вечара шчыравалі ў полі калгаснікі. Нялёгкая была ў іх праца, тэхнікі пасля вайны не хапала. Пісьменнік і дапамог арцелі набыць грузавічок. І той часта выручаў вяскоўцаў. На грузавіку і снапы з поля звозілі, і бульбу да буртоў падвозілі, і ў бальніцу, калі хто захварэе, дастаўлялі.

Балачанка. Пры ўездзе ў вёску хата Паддубоцкіх другая па ліку. Устрывожаная гаспадыня не адыходзіць ад ложка захварэўшага сына. Дзе шукаць паратунку ад хваробы? У Балачанцы доктара няма. Ёсць бальніца, але яна ў Пухавічах.

Жанчына вырашае звярнуцца да старшыні калгаса за дапамогай. Накіравалася ў праўленне калгаса.

Галіна Іванаўна. Дапамажы, старшынька. Нядобрыцца Кузьму майму. Набегаўся басанож пасля дажджу. Асіп, шчокі гараць нібы півоні. У лякарню трэба везці хлапца.

Дзятка К. Добра, Іванаўна. Зараз прышлю каласкоў грузавічок. Ідзі збірай сына ў дарогу. Павязеш у Пухавічы хлапца.

У Пухавіцкай лякарні.

Доктар (дылікатна стукае хлопчыка ў спіну). Тук-тук! Хто ў церамочку жыве?

         Кузьма (шэптам). Мышка-нарушка, жаба-квакушка.

Доктар выпісвае рэцэпт на лекі, мікстуру, супакойвае Галіну Іванаўну.

Доктар. Запалення лёгкіх няма, на шчасце. Але пешкі дабірацца дадому не раю.

Галіна Іванаўна. Не хвалюйцеся, доктар. Нас Коласава машына чакае.

Спраўна служыў людзям грузавічок – з жоўтымі пад колер спелага жыта бартамі. Іначай як Коласаў яго ў Балачанцы і не называлі. У назве гэтай гучала ўдзячнасць Якубу Коласу за клопат пра іх, сялян з Балачанкі.

Дзея пятая.

З’ява пятая.

 1951 год. Дзея адбываецца ў Балачанцы. У вёску, атуленую лесам, часта прыязджае пагасцяваць да старшыні мясцовага калгаса Канстанціна Сцяпанавіча Дзяткі народны пісьменнік Якуб Колас.

Хата Дзяткі – першая пры ўездзе ў вёску з правага боку дарогі. Па левы бок дарогі – на мурожніку збіраецца уся балачанская дзятва. Бавяць час гульней у лапту, “махнідрала”. У малых свая гульня – у пікара.

Сёння на лужку з раніцы пакуль двое – Фэлька і Міхась. З боку вёскі імчыць па дарозе, набліжаючыся да іх, грузавая аўтамашына.

Міхась. Ваш сусед Андрэй за бідонамі з малаком на ферму ў Падбярэжжа едзе.

Фэлька. Дзядзька Колас, калі купіў калгасу палутарку, папрасіў Дзятку, каб толькі Андрэю машыну даверылі.

Фэлька. Палутарка – файная машына. І ніз нармальны, едзеш – не зачэпішся за ламачыну якую-небудзь на дарозе. Я двойчы папластунску прапоўз пад палутаркай Андрэя.

         Міхась. Тата не даў табе за гэта?

Фэлька. Тата не ведае. Андрэй прыехаў на абед, паставіў машыну каля хаты. Я туды-сюды глядзь – няма побач нікога. Шась пад днішча. І зусім не страшна. Толькі там цемнавата. Ды што я? Андрэй на фронце пад танкам пабываў. Пад Ржэвам гэта было. Горад такі пад Масквой ёсць, казаў. У час бою нямецкі танк абрынуўся на акопчык, у якім Андрэй знаходзіўся. Ледзь паспеў ён на дно залегчы. Пасля ачомаўся, абтрос зямлю і за бутэльку з гаручай сумессю…

         Міхась (хвалюючыся). Паспеў, паспеў шпурнуць гранату?

Фэлька. Метка кінуў услед танку. Пацэліў пад бензабак акурат. Фрыцы нібы прусакі з люка павылазілі. Андрэй іх (Фэлька кладзе на левую руку сваю правую) тра-та-та з аўтамата. Андрэй за той бой медаль атрымаў ад вайсковага начальства.

Палутарка спыняецца насупраць хлопчыкаў. Шафёр, пасігналіўшы, высунуўся з кабіны і падзывае сяброў.

Андрэй. Вось што, хлапцы. Я зараз у Пухавічы еду. Трэба кінаперасоўку забраць, двіжок, апаратуру. Кіно сёння будзем паказваць пра героя грамадзянскай вайны Чапаева.

         Хлопчыкі голасна: “Ура-ура”.

Андрэй. Вам – заданне. Накажыце рабятам, каб сабраліся усе ў восем гадзін вечара каля маёй хаты.

         Міхась. А дзе пускаць кіно будуць, у вашай хаце?

Андрэй. На вуліцы. Экран нацягнем паміж двух ліпак. Бацькі няхай табурэткі прыхопяць з дому, вы на траве ўладкуецеся. Як той казаў: пятак у кармане і ногі на экране.

         Фэлька. А хто паказваць кіно будзе?

         Андрэй. Мне даручана.

         Міхась. А справіцеся?

Андрэй. Я пасля вайны службу ў вайсковай часці працягваў. Там на кінамеханіка вывучыўся. Дык накажыце ўсім.

         Міхась. Ёсць наказаць, таварыш камандзір (бярэ пад казырок).

Фэлька (тузануўшы Міхася за руку). Да босай галавы руку не прыкладваюць. Вайсковым Статутам забаронена.

Шафёр. Усё ты ведаеш, веставы. У арміі сапраўды не паложана пад казырок браць, калі няма на галаве пілоткі.

         Фэлька. А ў начальства фуражкі.

Андрэй, павярнуўшы ключ запальвання ў шчытку, заводзіць машыну, паволі кранаецца з месца. Машына набірае хуткасць, імчыць у напрамку шашы.

Міхась (горача). Навіна ў мяне, каб ты ведаў. Дзядзька Колас у нядзелю прыязджае… ён дзядзьку Кастусю паштоўку праслаў з Мінска. І адрас зваротны ўказаны.

         Фэлька (недаверліва). Не хлусіш, праўду кажаш?

Міхась. Дзядзька Кастусь госця рыхтуецца сустракаць. Кажа, як надыхаецца Колас нашым паветрам, то адразу кнігу напіша.

Фэлька (паціраючы далонькай свій кірпаты нос). Летась, як ён прыязджаў – у Балачанцы купаўся. Хваліў ваду, што чыстая. Можна, казаў, з ракі піць, зачарпнуўшы квартай. Цікава, ці ўспомніць ен пра сваю крынічку ў Вусці.

         Міхась. Давай лепш падумаем, як будзем госця сустракаць.

Фэлька. А што тут думаць. Пойдзем у нядзелю да “каменкі”, забяромся ў кусты ды будзем чакаць ля шашы.

Міхась. Дык хто ж госця з засады сустракае? Дзядзька Колас будзе ехаць, а ты тут, як Піліп з канапель выскачыш. У мяне другі план сць.

За дзень да прыезду Якуба Коласа сябры паставілі пры уездзе ў вёску вароты: укапалі дзве жэрдкі па баках дарогі, а трэцюю ўпоперак паклалі. Прыйшоў паглядзець за работай будаўнікоў калгасны шафёр Андрэй Шчэрба. Ні слова ні кажучы, схадзіў дадому, прынёс фанерку, замацаваў яе на перакладзіне. На дошчычцы жоўты шар намаляваны з рагулькамі-промнямі. Знізу надпіс зроблены вугольчыкам “Без пароля – нельга”. Звярнула ўвагу на занятак будаўнікоў і Анька Жук.

Анька (звяртаецца да Фэлькі). А чаму ў вас такая доўгая літара “П” атрымалася?

         Фэлька (буркнуўшы пад нос). “П” – азначае, што прыедзе…

         Анька. А хто прыедзе?

Фэлька. Хто, хто? Дзядзька Колас. Праз нашы вароты уязджаць будзе.

Анька. Ой, цікава (радасна скача на адной назе). А мне можна паглядзець?

Міхась. Можна (паказвае на альховую тычку, што ляжыць на зямлі). Станеш з тычкай з правага боку варот. Вось тут (стукае пяткай нагі аб дол). Піку на, трымай (працягвае дзяўчынцы дручок).

         Сцёпка (малодшы брат Фэлькі). Аньцы кап’ё, а мне – не. І я хачу.

Фэлька – Міхасю: Хай бярэ. А то рову наробіць, што ўся Балачанка збяжыцца.

Раніцай сябры падцягнулі да варот табурэткі. Але іх аказалася мала. Міхась прапануе павялічыць іх колькасць, каб табурэткі даходзілі да верхняй планкі варот. Сябры рушылі па хатах. Цётка Анэля пазычыла і цётка Вера таксама. Не адмовіла цётка Агата ў просьбе.

У падрыхтоўку да сустрэчы з пісьменнікам уцягваецца ўся гасцінная Балачанка.

Фэлька (цяжка дыхаючы). Ты ведаеш, колькі ў нашай вёсцы хат?

Міхась. Дваццаць тры.

         Фэлька. Паглядзіш, што тут зараз будзе рабіцца.

Фэлька яшчэ нешта хацеў сказаць, але з-за павароткі паказалася блішчастая легкавушка. Міхась хуценька развеў на пасты Аньку і Сцёпку. Загадаў абодвум узняці пікі ўгору, як толькі дзядзька Колас наблізіцца да іх. Канстанцін Міхайлавіч вылез з легкавушкі, ідзе да варот, усміхаецца ў вусы.

         Якуб Колас (прывітаўшыся). Каманда, бачу, дружная ў вас (акідвае позіркам вывеску на перакладзіне). Для пачатку, відаць, пераклічку трэба зрабіць. Ці ўсе мае сябры тут?

Зброяносцы выцягнуліся па струнцы.

         Якуб Колас. Анька.

         Анька. Я (робіць крок уперад).

         Якуб Колас. Фэлька Заяц.

         Фэлька (не зварухнуўшыся). На варце.

         Якуб Колас. Міхась Корань.

         Міхась (моцна сціснуўшы у руцэ кап’ё). Ёсць… У дазоры стаю.

Якуб Колас (нахіліўшыся над Сцёпкам). А вось гэтага мальчука я нешта не памятаю (пісьменнік дастае з кішэні пінжака цукеркі).

         Фэлька. Гэта мой брат Сцёпка. Нясе службу па ахове мяжы.

Якуб Колас. Ну вось табе за старанне Сцёпка гасцінец (працягвае малому жменю ірысак).

         Сцёпка (з’еўшы ірыску). А вы пароль памятаеце?

Фэлька (напусціўшы на твар выключную строгасць). Без пароля ўезд забаронены.

Якуб Колас. Можа мне удасца як адкупіцца (дастае з кішэні кашалёк з грашыма, працягвае Міхасю чырвонец).

         Міхась (пратэстуючы). Грошай не бярэм.

Якуб Колас. Спраўная варта, сур’ёзная. Непадкупная, бачу я. (Пачынаючы адлік с сябе) Цар, царэвіч, кароль, каралевіч, сапожнік, партны, хто ты будзеш такі? (Спыняецца каля Міхася).

Міхась, запомніўшы, што па лічылцы ён царэвіч, саскоквае з табурэткі.

         Якуб Колас. Вось вам і царэвіч.

         Анька. А мы вас і без пароля прапусцім.

Фэлька (злосна у бок Міхася). Казаў жа табе – не залічваць Аньку ў каманду зброяносцаў. Раскамандавалася тут, да беспарадку падштурхоўвае.

Якуб Колас. Парушэнне ёсць, канешне. Але расфарміроўваць каманду я не спяшаўся б. А пароль я ўспомніў нарэшце. А калі больш дакладна, то пачатак такі: “Хто крынічку ў Вусці знае, то дарогі…”

         Міхась. Не пытае.

         Фэлька. Пароль правільны, уезд свабодны. Уезд дазваляецца.

Міхась. А крынічку мы беражом. Яна нам сілу дала (сціскае кулак і падводзіць руку да пляча). Вось паглядзіце, якія мускулы ў мяне.

Якуб Колас (намацаўшы камяк на руцэ Міхася). Моцныя. Не страшны нам любы вораг, калі такія асілкі ў нас ёсць.

Канстанцін Міхайлавіч падае знак, па якому ўся варта кінулася да машыны. Зараз сябры ў Вусце паедуць, дзе дзядзька Колас летаваў да вайны, дзе бруіць яго крынічка каля Вусцянскага грудка. Выезд аднак затрымліваецца. Да варот сцякаюцца калгаснікі Балачанкі, акружаюць Якуба Коласа з усіх бакоў так шчыльна, што ніякай варце царэвіча не выбавіць яго з людскога палону. Кожны рады госцю. Хто прыйшоў сюды за парадай, хто проста пабачыцца, пра навіны распытаць, пра здароўе госця даведацца.

У Балачанцы святочны настрой. У Фэлькі, Міхася, Анькі, Сцяпана – таксама. Дружына іх згуртавалася, памацнела за сённяшні дзень. А ўсё праз вароты, якія Міхась прыдумаў. Праз гэтыя вароты радасць сустрэчы прыйшла да ўсіх балачанцаў.

 

Дзея шостая.

З’ява шостая.

 Фэлька Заяц і Міхась Корань паведамілі па сакрэту Якубу Коласу, які адпачываў у Балачанцы пра таямнічы востраў пасярэдзіне Свіслачы.

З берага ракі паглядалі хлопчыкі за востравам, згледзелі чаплю, што прамільгнула паміж дрэў, перадражнілі сароку, што лескатала ў гушчары.

Міхась. А яшчэ вяткамі стракозы нібы самалёты праляцелі міма нас. Цэлая пройма. І ўсе да вострава лапануліся.

Фэлька. Толькі каля берага вострава вада ўвесь час хадуном хадзіла, успеньвалася.

Якуб Колас (супакойвае). Ну гэта сом гушкаецца на вадзяных арэлях. Атайбаваўся ў глыбіні ўзрэз і жах наводзіць. Ну, калі вы ўжо зачапіліся за гэты востраў, то трэбы было і назву даць яму.

         Міхась. А мы ўжо назву далі. Толькі гэта наш сакрэт.

Якуб Колас. Ну, самахцом не прымушаю вас агучыць назву. А вось апошнюю літару слова ведаць хацелася б.

         Фэлька. Літара “ны”.

         Якуб Колас (папраўляе). Не “ны”, а “эн”.

Першую літару ў слове назваў Міхась. З літары “б” пачынаецца назва.

Якуб Колас. Востраў Буян. Гэта па цячэнні Свіслачы, дзе вы гізавалі каля прывалка ракі. Так? Прызнавайцеся.

Хлапчукі зразумелі, што дзядзьку Коласа на мякіне не правядзеш. Здолеў ён раскрыць тайну, уміг спакаваў назву вострава. Слова за слова і згадкі перакінуліся ў слаўную гульню. Колас пытае – хлопцы адказваюць. Памыляюцца, думаюць, разважаюць – усё разам.

Якуб Колас (распачынае гульню). А скажыце мне, калі ласка, чым канчаецца лета і зіма?

         Хлопчыкі: літарай “а” (у адзін голас).

         Якуб Колас. А што ў сярэдзіне вішні?

         Міхась (скеміў). Костачка. Дужа цвёрдая яна.

         Фэлька. Літара “ш”.

         Якуб Колас. Малайчына (пахваліў Фэльку).

Паднімаецца з лавачкі.

Якуб Колас. Заўтра прыходзьце. Будзем з мухі слана рабіць (пажартаваў).

На наступны дзень хлопцы зноў накіроўваюцца да сядзібы старшыні калгаса Дзяткі. А Канстанцін Міхайлавіч ужо на лаўцы сядзіць, чакае сяброў.

Па яго заданні ў той жа дзень перараблялі майку ў зайку, казу ў лазу, чыгунок у раток, кулітку ў світку, разгадвалі рэбусы. Весела было і цікава.

Якуб Колас (пераходзіць да новай тэмы). Для каго вупраж прызначана?

         Фэлька (запэўніў). Для конюха.

Міхась. Целяпень ты, Фэлька. Вупраж для каня прымеркавана. А той конь (звяртаецца да Коласа), што вы падаравалі калгасу, цяпер выязны. Конюх Антось драўляныя накладкі на пастронках прырабіў, каб не націраліся бакі Буланчыка.

Якуб Колас. Упраўны наш конюх. Старанны і кемлівы. Казалі мне, што ён яшчэ і кары змайстраваў для перавозкі жэрдзя.

Гульня захапіла. І доўжылая з гадзіну тая слаўная пераклічка.

         Якуб Колас. Паветка для калёс?

         Міхась. Павозніца.

         Якуб Колас. Луста хлеба, Фэлька?

         Фэлька. Апялюха.

         Якуб Колас. Вышкі ў хлеве?

         Міхась (нясмела). Мусібыць, рышты.

         Якуб Колас. Азярод на агародзе?

         Фэлька (упэўнена). Сушня.

Вось толькі Міхась не змог правільна адказаць, якім словам можна замяніць частакол.

Міхась (засумняваўся). Можа прыстаранак? Ці (разважаючы) агароджа.

Фэлька прыходзіць Міхасю на выручку. Слова плот назваў. За што і атрымаў ад Коласа жменю ірысак.

Навука Якуба Коласа не прапала марна. На першых занятках у верасні настаўніца пачатковай школы выклікала Міхася да дошкі.

Ніна Аляксееўна. Напішы на дошцы слоўка, каб у роце адразу смачна стала.

         Анька Жук (з першай парты). Мёд пішы. Або цукар (шэптам).

Ды не паслухаўся Міхась Корань яе. Не прыняў падказку. Слова “хлеб” напісаў. Размашыста. З задавальненнем напісаў на дошцы.

Міхась. Смачней за хлеб нічога няма на свеце. Так дзядзька Колас сказаў нам.

Фэлька Заяц (з апошняй парты). Асабліва калі хлеб з яблыкам. Смакацішча.

Ніна Аляксееўна (усміхаючыся). Правільны адказ. Путны. Самае смачнае слоўка напісаў (прастаўляе ў класным журнале насупраць яго прозвішча выдатную адзнаку).

                                                    “Пад белай страхою стаўся паселак

                                       Прымоўклі навокал лясы

                                                            Мільёны, мільярды халодных вясёлак

                                   Убралі снягоў абрусы”

Якуб Колас “Зімой у Балачанцы”

Дзея сёмая.

З’ява сёмая.

 Была ў народнага пісьменніка любімая мясцінка, куды ён прыязджаў у любую пару года, гасцяваў у старшыні мясцовага калгаса Канстанціна Сцяпанавіча Дзяткі, працаваў у яго хаце над працягам заключнай часткі свайго твора “На ростанях”.

У дзень прыезду ў Балачанку пісьменніка, які меў патрэбу ў духоўных стасунках з сельскай дзятвой, хата старшыні калгаса звідна напаўнялася звонкімі галасамі.

Гаспадыня Марыя Міхайлаўна, выдатная кулінарка, ставіла на стол гражанку з мясам у латушцы, падавала ў металічных кубках кісель з чарніц-галобняў. Іншы раз частавала гасцей блінамі з вінавай мукі, бульбай з мачонікам (салёнымі грыбамі), лянухай (страва з бульбы і свежай капусты, забеленая малаком), духмяным чаем з чомбарам, травяным адварам. Абсмакаваўшыся, балачанкаўская дзятва атрымлівала на дарожку з рук гаспадыні куханкі – здобныя піражкі з начынкай.

-Памажы вам Божа,- казала.

Дзеці любілі цёплы дом старшыні калгаса, партрэт якога ўпрыгожвае мінскі літаратурны музей-мемарыял Якуба Коласа галерэю выдатных людзей, з якімі сябраваў Класік.

Зіма-валачобніца паціху адступала. Праўда з раніцы ціснуў марозік-малодзік, але пад абед падалі ўжо сакавіцкія капяжы. У падстрэшшы хат балачанцаў шчыравалі захмялелыя вераб’і. Хутка збягуцца раўчукі, апырснецца зелянінай бяроза. Яшчэ трохі – і сонца напоіць малачком коцікі вярбы.

Якраз у пару звонкіх каляжоў і прыехаў у Балачанку Якуб Колас. Зайшоушы ў хату Дзяткі, прывітаўся.

Якуб Колас. Прачуў я, што у вас вясна тут з зімой сустракаецца. Вось і заехаў паглядзець, як зімка пазяхаць з уздыхам пачне (пажартаваў).

К.Дзятка (старшыня калгаса). Заўтра саракі (сцепануў плячыма). Свята. Добра было б і мясцовую дзятву спрычыніць да свята (бліснуў бялкамі вачэй у бок жонкі). Трэба і для дзяцей зрабіць нешта карыснае.

Марыя Міхайлаўна Дзятка. У нашых краях пра птушынае свята так кажуць: Сорак саракоў усялякіх птушак ляціць у двары”. Мука-траянка (працягвае) у нас ёсць. Можна печыва зрабіць.

Якуб Колас (падае ідэю). А что калі спячы прысмакі ў выглядзе птушак, што вяртаюцца з выраю?

З раніцы наступнага дня Марыя Міхайлаўна прасеяла муку, зрабіла пасярэдзіне засыпкі паглыбленне, паклаўшы туды некалькі драбкоў тлушчу. А яшчэ па прапанове Канстанціна Міхайлавіча дабавіла ў начыненне бадзюльку солі. Раскатала цеста, верхам шклянкі выразала кружочкі ў выглядзе птушак, папраўляючы абрыс фігурак сцізорыкам. Процвіны справадзіла ў печ з відамі зробленых узораў з цеста. Праз некаторы час пачастункі былі на стале, засланым чырвоным міткалём. Каля кожнай чарушкі ляжалі цукеркі “Беларуская бульба”, прывезеныя Якубам Коласам з Мінска.

Пад абед з’явіліся ў хату запрошаныя загадзя на гэты час дзятва-талака.

Канстанцін Міхайлавіч сядзеў побач з гаспадаром, хваліў печыва гаспадыні.

Дзятка (узняўшыся з табурэта). Адыходзіць зіма, рабяты. Самы час нам паклікаць плісак у госці (адкрывае фортку акна). Ёсць у нас квас. А для шпачка знойдзем клёцкі і малачка.

Якуб Колас (пагукаў). Ляціце птушкі ўсе да нас. Тут і пячэнне, і гарбата, частункаў розных шмат багата. Ёсць і сырніца ў нас.

Дзятва голасна, весела паўтарае зварот Коласа. Тым часам Канстанцін Міхайлавіч расказвае пра лебедзяў, якія ратавалі брата і сястру ад бабы Ягі.

М. Дзятка (прысеўшы нарэшце на лаўку). А я вам пра чаплю раскажу. Жылі сабе на канцы балота жораў, а недалёка – чапля. Высокая, прыгожая, зграбная. Стала сумна жыць жораву, уздумаў ён у сваты ісці да чаплі. Ад варот паварот жораву дала з доўгай шыяй. Без падарунка да яе, бачыш, з’явіўся гракаваты жораў. “У сваты з пустымі рукамі не ходзяць”,- адрэзала суседу.

Дзеці дружна асудзілі паводзіны чаплі.

Анька Жук (дзевяцігадовая дзяўчынка). А ў мяне ў двары журавель ёсць. З выцягнутай шыяй.

Алесь Жаўнерчык (пакруціўшы носам, зморшыўся). Здзівіла. Студню з вочапам – жураўлём называе, Анька-кулямётчыца.

         Якуб Колас. А чаму кулямётчыца?

Алесь Жаўнерчык. Да нас з Пухавіч перасоўку прывозілі, кіно пра Чапаева прывозілі. Там Анька падчас бою белякоў з кулямёта шынкуе. З таго разу Анька за кулямётчыцу сябе выдае. Рагатку зрабіла са шкуратом, каб страляць.

Анька. Вой, вой, смяляка знайшоўся (пачырванела). Забыўся, як ад нашай куратніцы ўцякаў з двара? Толькі і умееш што дукаваць (ледзь не плачучы). А рагатку я на вуліцы знайшла, згубіў нехта (апраўдваецца).

Алесь Жаўнерчык. Трэба мне ваша галашыйка-куратніца  (папярхнуўся цукеркай).

Якуб Колас (заступаецца за дзяўчынку). А вось маці Анькі мне расказвала ўвосень, як я мінулы раз прыязджаў, што Анька маністы кляповыя сабрала, каб хлеб пячы. Добрую справу зрабіла.

         К.Дзятка. Так, так. Лістаноша ў нас ёсць.

         Алесь Корань (вымкнуўся). А я тату дапамог мянтыжыць касу.

Якуб Колас (загнуўшы палец). Паштарка лістаносец у нас ёсць. Ёсць і касец (загнуў другі палец).

Верачка Тумашых. А наша кошка застраміла лапку. Дык я стрэмку тую, тую скалку, сама дастала.

Якуб Колас (загнуўшы наступны палец на руцэ). Вось вам і доктарка. Будзе каму птушак і хатніх жывёл лячыць. Зможаш?

Верачка Тумашык. Пастараюся (паабяцала зачырванеўшыся). У хляве іх (пагледзеўшы ў бок Аленкі Дзярушкі) труска атрусілася. Трусяняткі шчытна адно каля аднаго сядзяць. Скажы, Аленка.

Аленка чамусьці вялікага захаплення ад прыплоду не выказала. Больш бусла хваліла – жоўтыя балеткі ў яго на нагах.

         Анька. Не балеткі гэта, а чаравікі (вярнула птушку ў казку).

Алесь Корань. А вось мой тата кажа, што ёсць птушкі, якія не лятаюць.

Якуб Колас. Ёсць (згаджаецца). З далёкай Афрыкі пехам шыбуе да нас праз Еўропу драч. Ён узлятае тады, калі трэбы пераадолець водную прастрору.

Дзятка К.М. А вось чаплі, сарокі, чыркі мчаць да нас шарэпчамі, совы, качкі, гусі ляцяць ноччу.

Гаспадыня падае ў кубках гарбату.

Якуб Колас (адпіўшы глыток). А ці бачыў хто з вас жар-птушку? Прызнавайцеся!

Антон Ліпніцкі (узнімае руку нібы на ўроку). У нашых краях яна не водзіцца. Таму ніхто і не бачыў яе. Можа, і няма такой увогуле.

Якуб Колас (не згаджаецца). Чаму ж няма. “Вот полночной порой свет раздался над горой. Будто полдни наступают Жары-птицы налетают. Стали бегать и кричать. И пшено с вином клевать. Ножкі красные у всех, а хвосты-то сущий смех. Чай таких у куриц нету. А уж сколько, парень свету. Словно батюшкина печь» (вярнуў дзяцей у свет казкі Яршова, прачытаўшы па памяці).

Алесь Жаўнерчык (парушыўшы цішыню). А праўда, што раней людзі пісалі пісьмы гусінымі пёрамі?

Якуб Колас. І не толькі пісьмы. Усе казкі Пушкіна пра Балду, пра цара Гвідона напісаны гусінымі пёрамі (растлумачыў).

Нечакана ўзнікла спрэчка аб тым, хто першы з выраю прылятае да нас.

         Антон (цвёрда). Шпак.

         Верачка (перак…). Жаўрук.

         Алесь (упэўнена). Ластаўка.

Дзятка К.С. А вось і памыляецеся. Першы госць – грач. Давайце, аднак, паразважаем. Да каго першага завітае каралеўскі птах на дворышча.

Анька (забыўшыся на крыўду). Да Алеся Жарнеўчыка. Ён ужо домік зрабіў, на бярозу ўсцягнуў з братам шпакоўню.

Якуб Колас (пахваліўшы хлопчыка, працягвае яму блакітны цэтлік). Выпісваю табе білет на першы канцэрт саліста.

Дзятка К.С. Між іншым, пкуль гэты вяшчун вясны бавіць час, у лесе трэба, каб вы разам з бацькамі парабілі шпакоўніцы.

Шмат карыснага даведаліся пра птушак дзеці ў гэты дзень. З вуснаў старшыні калгаса пачулі аповед пра ляснога санітара дзятла (спіць, аказваецца, у дупле вертыкальна, абапіраючыся на хвост, каб не зваліцца) і пра зборшчыкаў пуху: галкі, сарокі, удкукаваўшыся на спінах кароў, дзюбамі выскубоўваюць поўсць, назапашваючы такім чынам варсінкі для сваіх гнёздаў.

Праз тыдзень пасля ад’езду Якуба Коласа ў Мінск амаль у кожным двары балачанцау віселі на дрэвах шпакоўніцы. Адкрыліся ў вёсцы і сталоўкі для птушак. На падвешаныя да галля дрэў дошчачкі дзеці клалі развараныя камячкі бульбы, падсыпалі на днішча зярняткі. І святлелі з кожным днём у Балачанцы злегку зацярушаныя далі, у якіх знік з вачэй, нібы растварыўся вясной 1951 года легкавік Якуба Коласа.

Дзея восьмая.

З’ява восьмая.

 Унук Анатоля Дзяткі, вярнуўшыся са школы, паведамляе дзеду радасную навіну.

Паўлік. Дзядуля, я ў аркестр запісаўся (асядлаўшы дзедаў кій і прыхапіўшы са стала лыжку, гоўсае па пакоі).

Кій цяпер у яго замест каня. А лыжка ўжо не лыжка, а сапраўдная кавалерыйская шашка.

-Жах, жах,- узмахваючы шашкай над галавой Паўлік пайшоў у атаку.

Дзед Анатоль (узняўшыся з канапы, выпраставіўшыся па-вайсковаму). Тэрмінова аддаю загад спыніць атаку і адысці на ранейшыя пазіцыі.

Аднак Паўлік і не думае спыняцца. У пяты раз пайшоў у атаку на нябачнага праціўніка.

Дзед Анатоль (аддае новы загад). Конь – агонь! Застынь перада мною, як ліст перед травою.

Атрымаўшы перадышку, Паўлік кладзе лыжку на месца, гладзіць па грыве, па цуглах свайго варанога каня.

Дзед Анатоль. А цяпер раскажы , калі ласка, калі ў вас рэпетыцыя пачынаецца.

         Паўлік. Ужо была (пераводзіць дыханне) на ўроку.

         Дзед Анатоль. Як гэта на ўроку?

Паўлік. А вось так. Прыйшоў да нас Пётр Іванавіч. Задачкі мы рашалі, а потым Косцік у пенал узьмухнуў, за ім я, пасля ўжо і Міколка.

Дзед Анатоль (абурана). Які ж гэта аркестр? Вы ж, лічы, самыя сапраўдныя свавольнікі. Да таго ж Пятра Іванавіча няйначай пакрыўдзілі сваімі паводзінамі.

Паўлік. Не, ён не засердаваў на нас. Да дошкі нас выклікаў і кажа: “Калектыўна сыграйце”.

         Дзед Анатоль. І што ж вы ігралі?

Паўлік. “Кацюшу”. Пётр Іванавіч сам мелодыю падабраў нам, нават дырыжыраваў (прамовіў з гордасцю).

         Дзед Анатоль (пасвятлеўшы ў твары). Калі ж наступная рэпетыцыя?

Паўлік. Другую рэпетыцыю мы часова адклалі. Калі Пётр Іванавіч на наступны ўрок прыйшоў, дык мы з Міколкам каля дошкі стаялі.

Дзед Анатоль (перабіваючы). Нешта я нічога не разумею. Ты ж казаў, што вас, музыкантаў, усіх трое было.

Паўлік (панура). Двое нас засталося. Косцік перад урокам сеў за парту, скардзіцца пачаў, што шчокі баляць.

         Дзед Анатоль (спачувальна). Распалася трыо.

Паўлік (з гораччу). Распалася. А ўсё з-за Косціка. Мы ж для Пятра Іванавіча хацелі сыграць. Дзяўчынкі прасілі Косціка, каб дапамог нам.

         Дзед Анатоль. А Косцік што?

Паўлік. Адмовіўся. Сваё даказваў, што шчокі не вытрымаюць перагрузкі. А ў цябе пенал быў, калі ты ў школу хадзіў? (падсеў да дзеда на канапу).

Дзед Анатоль (задумаўшыся). Пенал быў, толькі не пласмасавы, як у вас цяпер, а драўляны. Мне яго дзядзька Колас падарыў.

         Паўлік (здзіўленна). Драўляны? Такога пенала я не бачыў.

         Дзед Анатоль. У пенале там ямінка ёсць. Я туды сцірку клаў.

Паўлік (убок). Любіць пахваліцца дзед. Выдумляе пра пенал. І пра Коласа выдумляе. Дзе ён мог бачыць яго? Пётр Іванавіч казаў, што пісьменнік у Мінску жыў увесь час.

Дзед Анатоль. Гэта не зусім, унучак, так. Пенал Якуб Колас мне ў нашай хаце падарыў. Ён з намі, малымі, рукаўся пры сустрэчы, нібы з дарослымі.

Прыгадаўшы гады маленства, Анатоль Пятровіч сціх. Затым, узняўшыся з канапы, накіроўваецца да бабулінага куфэрка, дастае адтуль драўляны пенал у высахшых чарнільных плямінках.

Дзед Анатоль (падыходзячы да стала, дзе сядзіць з задачнікам Паўлік). Гэта сямейная рэліквія, Паўлік. Я даўно чакаў гэтай хвіліны. Дару табе (працягвае драўляны пенал унуку).

Паўлік, паабедаўшы, узяўшы задачнік, бярэцца за выкананне хатняга задання. Трэба вылічыць суму лікаў 4+4+4+4 і замяніць складанне множаннем (зачытвае ўслых).

Паўлік (адарваўшыся ад задачніка). Дзед, а ты, калі ў школе вучыўся добра задачкі рашаў?

Дзед Анатоль. Як табе сказаць. Я ў дзяцінстве хацеў звездачотам стаць. І пра гэты свой план Марыі Дзмітрыўне расказаў. Яна настаўніцай была. Мы тады ў Вусці жылі перад ад’ездам сюды, у Балачанку.

         Паўлік. І што ж табе параіла?

Дзед Анатоль. Жонка Коласа выслухала мяне, параіла. Зоркі, малыя, вялікія, пералічыць веды патрэбны і цярпенне. Я табе дапамагу, паабяцала. Але толькі пры адной умове. Ты павінен выканаць тры мае заданні.

         Паулік. Тры заданні. Як у казцы ўсё.

Дзед Анатоль. Дык слухай. Першае заданне будзе не з лёгкіх, другое больш складанае. А вось пра трэцяе ты сам здагадаешся, калі будуць выкананы два папярэднія, растлумачыла мне.

         Паўлік. Цікава.. А далей што было?

Дзед Анатоль. Ну прыношу я ў хату Язэпа Рымашэўскага гладыш з малаком назаўтра. Марыя Дзмітрыўна і кажа: “Давай падлічым мой доўг”. У збанку два літры малака. Два, адказваю, а яна: “Літра малака колькі каштуе? Здаецца 17 капеек”. Дастае грошы з кашалька. Я, прызнацца, збянтэжыўся. Маці мне пра грошы нічога не казала. А яна, вяртаючы спарожнены гладыш, мне гаворыць: “Калі будзе магчымась, прынясі заўтра малака на літар больш. Сыночкі мае прыязджаюць”. Абяцаю я прынесці больш малака. Нават нашу карову хвалю: добра Маліна наша доіцца. Марыя Дзмітрыеўна ўсміхаецца і кладзе мне ў гладыш папяровы рубель. А што з рублём тым рабіць? Узяла тут мяне, Паўлік, спакуса марсянуць, як кажа мая мама, у краму ў Балачанку. Цётка Соня адважыць мне цукерак-падушачак. Дастаю са збанка рубель, размышляю. Ісці ці не ісці за цукеркамі? Перасіліў сябе. У краму нельга. Рэшту Марыі Дмітрыўне вярнуць трэба.

         Паўлік. Табе трэба было са 100 капеек сагнаць трыццаць чатыры..

Дзед Анатоль. Іду я па вуліцы, слухай, і прыкідваю, колькі трэба капеек сагнаць з рубля, каб з Марыяй Дзмітрыўнай разлічыцца.

         Паўлік. Дык гэта было, відаць, яе першае заданне.

Дзед Анатоль. Дык вось паслухай. Назаўтра запрашае Марыя Дзмітрыўна мяне да стала: “Не ўпраўляюся я адна, – кажа. Прынёс дзядзька Колас лясныя дары. Дапамажы разабрацца з імі”, – і паглядае на мяне ласкава. Пералічыў я колькачць грыбных гарушак. А чацвёртай гарушцы больш баравікоў, кажу. А ў астатніх пароўну. Бярэ яна тыя два баравікі і асобна ад астатніх адклала на ўскрайчык стала. “Мы іх потым улічым. Згодзен?” Чакала яна мяне ў пятніцу. Але я не з’явіўся. Малако маці аднесла.

         Паўлік. Ты, відаць, захварэў?

Дзед Анатоль. Не. Бабуля твая, Галіна Яфрэмаўна, патлумачыла жонцы Коласа. Маўляў муж з мястэчка прывёз Анатолю задачнік. Дык вось сядзіць хлапец і задачкі тыя развязвае. Раней, бывала, і дамоў яго не загоніш, кажа Марыі Дзмітрыўне. А цяпер з хаты не выцягнеш.

         Паўлік. Марыя Дзмітрыўна пакрыўдзілася на цябе?

Дзед Анатоль. Наадварот, супакоіла маці: Мусіць, даводзіць, Анатоль адчуў, што хутка лета канчаецца, у школу ж хутка. Маці мая ў адказ ёй: такі сур’ёзны, такі сур’ёзны Анатолька мой. Не падступіцца да яго.

         Паўлік. Дык ты не разгадаў сакрэт Марыі Дзмітрыўны?

Дзед Анатоль. Разгадаў пасля. Першы сакрэт такі быў: вельмі хацелася маёй настаўніцы, каб не памыліўся. Для кантролю рубель паклала ў спарожнены гладыш. Рупіла, каб лічыць навучыўся. Затое другое заданне я выканаў “на выдатна”. То была задачка з двума вядомымі. Марыя Дзмітрыеўна знарок адклала ў бок два баравікі, каб я іх далучыў да агульнага здабытку. А каб атрымаць той папярэдні здабытак, трэба было ведаць законы множання.

Паўлік. А трэцяе заданне. Памятаеш, Марыя Дзмітрыеўна казала, што ты сам здагадаешся пра сакрэт.

Дзед Анатоль. Ты, відаць, сам здагадаўся пра тую тайну. Дык вось. З таго яе жадання, каб засеў Анатоль за падручнікі і стаў твой дзед церабіць шлях у навуку. Выўчыўся, бухгалтарам стаў бегам часу.

Дзея дзевятая.

З’ява дзевятая.

(месца дзеяння – Балачанка-Вусце)

 Матэрыял чытаецца артыстам размоўнага жанру.

 Я хачу прыгадаць

Нашы дні былыя,

Вусце, луг, сенажаць

I дубы старыя.

 

Залатыя пяскі

Беразянскіх пустак,

Хвайнякоў паяскі,

Што пралеглі з густам.

 

I дарог абрусы

У шаўковай ткані,

Чабары, верасы

На глухой паляне.

 

Як мне дораг час той,

Той зямлі ўкрасы,

Дзе хадзілі з табой

Мы ў грыбныя часы.

 

Эх, вярнуцца б нам зноў

К родным пералазам,

Ды між рэчак, дубоў

Зноў прайсціся разам.

 

Аб табе, сваім дню,

I аб Беларусі

Я гадаю і сню,

Мілая Маруся.

Баравічок быў невялікі. Адна назва, што баравічок. Грыбнік не падрэзаў яго. Пашкадаваў. Прысеў на кукішкі, падушачкай пальцаў злёгку дакрануўся да крамянага парасончыка.

Якуб Колас (заўважыў). Ды, брат, вільготны ўвесь. Зямля-парадзіха выштурхнула цябе на сонца, на свет. Жыві, малеча (сказаў грыбнік і выпрастаўся).

Цяпер увагу Канстанціна Міхайлавіча прыцягнула кветка… Бухматая, быццам адліта з лёгкага металу, яна ўпрыгожва- ла лапік зямлі.

Колас (заплюшчыў вочы). Прывід! Няўжо гваздзік? Тут, у лесе? Неверагодна…

Грыбоў больш не збіраў. Шукаў гваздзікі. Радуючыся знаходцы, ступіў на нізкі масток (Балачанка ўпадае тут у Свіслач), прысеў, апусціў руку з кветкамі ў рачную ваду. Каб жа не завялі дачасна. Будзе ў хаце свята, будзе.

Ужо за ракой ён патрапіў на пянёк і на хвіліну прысеў, каб крыху адпачыць. I каля пянька рос гваздзік. Але ён не далучыў яго да букета. Не крануў кветку. Адшукае жонка. Ён прывядзе яе сюды і скажа: Ты знойдзеш тут тое, што любіш… “Холадна, холадна”, ― будзе казаць Марыі Дзмітрыеўне, калі яна пачне аддаляцца ад пянька. Ён абавязкова пры- вядзе яе сюды, і лес закружыць іх.

Колас падняўся, пайшоў берагам Свіслачы да вёсачкі з пяці хат, атуленай лясамі. Хораша на хутары. I працуецца добра. За кароткі час ён пераклаў на беларускую мову шмат вершаў Тараса Шаўчэнкі. Падахвоціла да гэтай справы жонка.

I з гаспадарамі пасябравала сям’я Коласа.

Аўдоля Рымашэўская (расказвала на вёсцы). Мы адвялі ім палову хаты. Няхай адпачываюць. Хаця, бачу, няма калі Марусі прысесці. Дзень каля прымуса круціцца. Мужчынам паесці трэба, абсціраць. Не гарадская яна. З нашых будзе.

Марыя Дзмітрыеўна раскрыла жонцы Язэпа кулінарныя сакрэты, звязала яе мужу світэр на зіму. Ніткі з Мінска прывезла. Часам садзіла Аўдолю каля сябе, вучыла вязаць.

Якуб Колас (паджартоўваў). Колькі на грабёнку набралі, жанчыны, пяцёлак, покуль я грыбы збіраў?

У сям’і Язэпа Рымашэўскага Марыю Дзмітрыеўну палюбілі. Неяк жонка папрасіла, каб Аўдоля прынесла яблыкаў з садка. Тая прынесла. Марыя Дзмітрыеўна парабіла ў яблыках адтулінкі, засыпала цукрам, паставіла ў печ.

Язэп (хваліў). Смакацішча.

Сам жа бег у варыўню за бярозавікам. Колас бярозавік любіў.

Якуб Колас (раіў гаспадару). Толькі ячменю сушанага трэба даць яшчэ з вясны.

Гаспадар навучыў сыноў паэта лавіць рыбу. А то, бывала, прасціну возьме і на раку з Данілкам, Міхасём, Юркам. Міхася з Юркам па баках паставіць на адлегласці, каб заганялі рыбу, а сам — з Данілам, трымаючы з абодвух канцоў прасціну ў вадзе.

Марыя Дзмітрыеўна такі спосаб лоўлі не прызнавала. Ёсць вуды, кручкі бацька ў Мінску ў краме падабраў. Ніткі гаспадар навашчыў. Што трэба? Сядзь на муражок і лаві з берага.

Марыя Дзмітрыеўна (казала сынам). Будзе табе плотка, будзе і пячкур.

 Колас у душы пагаджаўся з жонкай, якая баялася, каб у дзяцей не ўзнікла прага лёгкай нажывы.

У чэрвені прыехаў Купала. Ён адразу звярнуў увагу на кветкі ў шклянцы на стале.

Іван Дамінікавіч (усміхнуўся). Каласічкова работа. Шануе ён цябе, калі кветкі дорыць (да Марыі Дзмітрыеўны). Але адкуль тут белыя гваздзікі, пані? (узяў паэт гуллівы тон).

Марыя Дзмітрыеўна (адказала, прыбіраючы посуд са стала). Гэта, Яначка, тайна мужа.

Госць аб нечым шаптаўся са сваім сябрам. Марыя Дзмітрыеўна не перашкаджала размове. Ведала: Канстанцін Міхайлавіч у Вусці працуе над п’есай “У пушчах Палесся”. Аддаць яе ў тэатр трэба першага жніўня. Відаць, у мужа была неабходнасць параіцца з Купалам адносна зместу твора.

Ацаніў Купала і пераклады сябра вершаў Шаўчэнкі на беларускую мову.

Якуб Колас (падахвоціў). Зрабі і ты пераклады з паэзіі Кабзара. А тады нашу сумесную працу перададзім у выдавецтва.

Купала, пагасцяваўшы ў Вусці, паехаў у Ляўкі на дачу.

Янка Купала (сказаў на развітанне Марыі Дзмітрыеўне). Ён падарыў табе ўсё наваколле з кветкамі, лясамі, сонцам. Я ў Ляўках адшукаю для сваёй Уладкі гваздзікі. Усе распадкі абыду, а кветкі знайду.

Пасля провадаў госця Колас з жонкай падаліся да ракі слухаць салоўку, які шчыраваў у вербалозах да рання.

А потым была вайна. Нялёгка складвалася жыццё ў Ташкенце. Колас пакутаваў ад таго, што фашыст топча Беларусь. Ад таго, што не піша сын Юрка з фронту (апошняе пісьмо бацькам было датавана 20-м верасня 1941 года).

У 1945 годзе Канстанціна Міхайлавіча зноў пацягнула ў Вусце. Да тых даваенных сцяжынак.

Якуб Колас (да сына). Паедзеш са мной, Даніла.

Па дарозе маўчаў, гледзячы праз акно легкавушкі на знявечаныя лясы, груды жалезнага лому. Машыну загадаў спыніць насупраць грудка.

Якуб Колас (папрасіў вадзіцеля і сына). Я хутка. За мной не ідзіце. Маруся! (страсянуў раптам лес водгалас адчаю і болю).

“Я-я-я”, ― адазвалася рэха.

Федзя (выказаў непакой). Бацьку, відаць, нядобрыцца. Ідзём хутчэй да яго.

Вадзіцель паляпаў па баках пінжака ― шукаў папяросы. Пачак быў у легкавіку. Дацягнуўся праз вакенца легкавушкі да “Беламора”. Нервова чыркнуў сярнічкай, прышпіліў папяросу да агеньчыка.

Даніла (папрасіў). Не трэба, Федзя, не смалі.

I адвярнуўся ўбок, каб вадзіцель не бачыў яго вільготных вачэй.

Фёдар засунуў папяросу ў карабок.

Даніла (ціха). Бацька ехаў сюды, каб дагукацца маці.

А на грудку, прыхінуўшыся да бярозы, плакаў паэт.

І толькі мне адно сягоння горка:

Няма таго, з кім думкі я дзяліў,

З кім тут стаяў, з кім я шчаслівы быў.

Пагасла ты, яснюсенькая зорка.

 (“На руінах прошласці”).

Да легкавушкі вярнуўся Колас праз гадзіну, трымаючы ў руцэ букецік летніх гваздзікоў. Даніла ўсё паглядаў на бацьку, на твары якога ляжала пячатка смутку і болю. У гэты ж дзень кветкі паклалі на пліту на вайсковых могілках у Мінску. Вусцянскія гваздзікі на пліце. Як сімвал чысціні іх кахання.

І ўжо там па прыездзе ў Мінск з Вусця Канстанціна Міхайлавіча не пакідаў пякучы боль успамінаў. Прыгадаў развітальны вечар з узбекскімі літаратарамі перад ад’ездам з Ташкента.

Узбекскія пісьменнікі падаравалі яму куфар, паклаўшы ў яго набор у хустачцы пахучага базыліку (рэйхану), які нагадваў  Канстанціну Міхайлавічу пах гваздік, знойдзеных ім на Вусцянскім грудку. Трапяткое пачуццё ўдзячнасці захаваў ён і артыстам Віцебскага драматычнага тэатра, якія па прыезду ў Вусце ў 1937 годзе пад адкрытым небам зладзілі пастаноўку “У пушчах Палесся” па матывах ягонай аповесці “Дрыгва”.

Спектакль быў паказаны ў Маскве на Дэкадзе мастацтва Беларусі. Крынічнай светлай радасцю быў прыезд у Вусце і Янкі Купалы.

Усяйве зор паўставала перад ім Вусце сёння, выказанае ў ягоных паэтычных руках.

І весела мне робіцца, калі

Я ў мыслях зноў

Прайдуся па зямлі,

Дзе туліцца закінутае Вусце.