Б.Мацюк. Наследаванне М.Багдановічу

***

 Мастак – праз пакуты і гора, –

Адораны словам жывым:

Каханне, надзея і вера – ад сэрца,

Смяецца – скрозь лёс і стагоддзі – смяецца.

І рэха спявае аб ім.

Мастак! Ён бязмежнае мора.

Актава

Скажы, калі цяжка будзе:

Я боль забяру сабе твой,

Хай нехта зусім забудзе –

Мы разам – да скону з табой;

Смяюцца класічна суддзі,

Душа высцілае сувой –

Сусвету каханне трэба –

Нас разам з’яднала неба.

Рандо

Неба ў дрыгву апранецца;

Месяц сарвецца на дах;

Зорка са шляху саб’ецца;

Вецер, набыўшы размах,

З енкам уніз пранясецца;

Волі аб’яўлены шах;

Лёс уладарыць імкнецца,

Ды не жыве ў ланцугах

Сэрца.

Смехам знішчаецца жах.

Думка жыве, не здаецца,

Шчасце гарыць у вачах,

Крылы расправіўшы, рвецца

Моцы і годнасці птах –

Голасна песня ліецца

Сэрца.

Рандэль

Нам час памылкі не прабачыць:

Жыццё бяжыць хутчэй за час

І боль, як закранае нас,

Вакол сябе пакут не бачыць.

Бо лёс аднойчы ўсё адзначыць:

Ты памыліўся шмат, не раз –

Нам час памылкі не прабачыць,

Жыццё бяжыць хутчэй за час.

Ціхутка ён табе зазначыць:

– Змяняе колер свой атлас.

Пусты, на жаль, праўдзівы сказ…

Ды свет ужо не перайначыць –

Нам час памылкі не прабачыць.

Санет

У чырвані восень-кабета

У горад прыходзіць ізноў –

Шукае таемнасць і схоў

Апошняга водгуку лета.

Нібыта зямная камета

Гукаецца рэха вятроў,

Губляецца ў шчырасці сноў

Збянтэжаны месяц-манета.

А восень не зведала сум,

І марна зліваецца ў шум

Прыгожая гутарка зораў.

Жыве ў штучным свеце надум.

А вецер ляціць над прасторам,

Нясіліць і восень, і глум.