Адкрыцці маладосці і шматграннасць вопыту сталі тэмай сустрэчы ў Барысаве
Share the post "Адкрыцці маладосці і шматграннасць вопыту сталі тэмай сустрэчы ў Барысаве"
30 кастрычніка ў Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя І.Х. Каладзеева прайшла рэгіянальная сустрэча-абмеркаванне праблематыкі сучасных літаратурных зносін на Міншчыне. Удзел у круглым стале, які праходзіў пад назвай “Сучасная літаратура: адкрыцці маладосці і шматграннасць вопыту” прынялі старшыня абласной пісьменніцкай арганізацыі Леанід Крыванос, яго намеснік – рэдактар аддзела паэзіі штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва” Рагнед Малахоўскі, дырэктар установы Алена Капыток, мясцовыя члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, прадстаўнікі аматарскіх літаратурных аб’яднанняў “Натхненне” і “Актава” горада Барысава, супрацоўнікі бібліятэчнай сеткі раёна.

Аб стане літаратурнага працэсу на Міншчыне і яго асаблівасцях перад прысутнымі выступіў Леанід Крыванос. Ён расказаў пра дзейнасць аддзялення, асабліва падкрэсліў пераемнасць пакаленняў (класіка – сучаснасць), адзначыў, што ў мінулым годзе творы трох дзіцячых пісьменнікаў: Кацярыны-Хадасевіч Лісавой з Мінскага раёна, Святланы Быкава з Заслаўя і Генадзя Аўласенкі з Чэрвеня ўвайшлі ў падручнікі для дадатковага чытання школьнікаў розных класаў. Таксама пісьменнік адказаў на шматлікія пытанні прысутных.


Свае думкі наконт узаемадзеяння вопытных пісьменнікаў з літаратурнай моладдзю выказаў Рагнед Малахоўскі. Ён расказаў пра сваю работу з моладдзю ў СПБ. Творчымі набыткамі падзяліўся краязнаўца і публіцыст Аляксандр Медзяльцоў, прэзентаваў аўтарскія выданні. Пра работу з маладымі талентамі ў літаб’яднанні “Актава” расказала паэтэса і дзіцячая пісьменніца Марына Лайкова, якая разам са сваімі выхаванцамі прадставіла некалькі музычных і паэтычных імпрэз. З удзельнікамі літаб’яднання “Натхненне” прысутных пазнаёміла яго кіраўнік Алена Брыцкая. Адбыўся змястоўны дыялог і абмен думкамі, у якім таксама прынялі ўдзел празаік Алена Раманава і іншыя аматары мастацкага слова. Вынікі сустрэчы падвяла празаік Алена Капыток, якая расказала і пра свой уласны шлях у літаратуру, пра змест новай кнігі “Любить нельзя забыть”, што нядаўна выйшла ў выдавецкім доме “Звязда”, падзялілася творчымі планамі.

Удзельнікі круглага стала прыйшлі да думкі, што такія сустрэчы жыццёва неабходныя для павышэння якасці літаратурнага працэсу, і дамовіліся праводзіць іх штоквартальна.
Прэс-служба МАА СПБ

















