Адбылася прэзентацыя кнігі “У іх жыцці была вайна”

Напярэдадні Дня Незалежнасці нашай краіны ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася прэзентацыя зборніка “У іх жыцці была вайна”. Гэта кніга – вынік сумеснай працы Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і музейнай установы.

У зборніку змешчаны асобныя паэтычныя, празаічныя і публіцыстычныя творы пісьменнікаў аддзялення – ветэранаў Вялікай Айчыннай і “дзяцей вайны”. Сярод іх ветэраны: вядомы паэт і дзіцячы пісьменнік з Любаншчыны Іван Муравейка; генерал-лейтэнант у адстаўцы, празаік і публіцыст Юрый Іваноў; празаік Васіль Гурскі. Падлеткам сустрэла вайну празаік і публіцыст Галіна Васілеўская, а публіцыст Мікалай Гурын юнаком правёў два гады ў канцлагеры ў Германіі. Не паспелі пайсці ў школу да пачатку фашысцкай агрэсіі публіцыст Барыс Далгатовіч; празаік Анатоль Смалянка; паэты Марыя Шакун, Яўген Зялкоўскі і Міхаіл Сазончык. Немаўлятамі сустрэлі той ліхі і крывавы час будучыя празаікі Дзмітрый Вінаградаў, Іван Галубовіч, Зіновій Прыгодзіч і Валянціна Шытыка; краязнаўца Браніслаў Зубкоўскі; паэты Мікалай Кулецкі, Уладзімір Ласенка, Васілій Медунецкі, Ала Лапошыч і Эльвіра Ярчак.

Праект прымеркаваны да 80-годдзя Вялікай Перамогі. Пад час мерапрыемства перад аўдыторыяй выступілі дырэктар музея Сяргей Усік, старшыня абласной пісьменніцкай арганізацыі Леанід Крыванос, іншыя ўдзельнікі праекта. Асаблівую цікавасць выклікала прамова аднаго з аўтараў кнігі – паэтэсы з Валожына Шакун Марыі Антонаўны. Яна падзялілася ўспамінамі пра жахлівыя часы Вялікай Айчыннай, цяжкасці пасляваеннага жыцця, расказала пра свой літаратурны шлях, чытала вершы. А спявачка Алеся Сівохіна ўпрыгожыла прэзентацыю выкананнем песень пад гітару.

Кожны прысутны, сярод якіх былі аматары сучаснай літаратуры, падлеткі, якія адпачываюць у выхаваўча-аздараўленчым лагеры “Дружба” пасёлка Энергетыкаў Дзяржынскага раёна, у падарунак і на памяць атрымалі па экземпляру кнігі.

Прэс-служба МАА СПБ