Па старонках Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу
Па старонках Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу
Вось і скончылася XXІХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш, якая аб’яднала ўсіх, хто шануе кнігу, хто піша яе і чытае, хто малюе і выдае.
Выстаўка прайшла з 23 па 27 сакавіка 2022 г. Пісьменнікі Мінскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» сталі сведкамі ўрачыстага адкрыцця выстаўкі, старт якой даў нядаўна абраны старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі на з’ездзе СПБ Алесь Карлюкевіч. Пісьменнікі экспанавалі літаратурныя выданні на кніжным стэндзе «Саюз пісьменнікаў Беларусі – Кнігі Беларусі 2021», правялі аўтограф-сесіі, прадставілі насычаную літаратурна-музычную праграму і прэзентацыю кніг сумесна з беларускімі выдавецтвамі і ілюстратарамі.
Унікальны кніжны праект – прэзентацыя распрацаванага ў 2022 годзе вечнага календара «Бацькаўшчына» на аснове архіўных фатаграфій і паштовак з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава – стаў адной з галоўных экспазіцый Цэнтральнага стэнда Рэспублікі Беларусь. Непараўнальная Кацярына Хадасевіч-Лісавая сустрэла маленькіх чытачоў у вобразе казачных персанажаў, якія нібыта сышлі са старонак яе кніг, на пляцоўцы выдавецтва «Звязда».
Яркія падзеі адбываліся на галоўнай сцэне выставы. Пазнавальную праграму «А свет загадкавы і дзівосны…» па кнізе «З легендаў і міфаў. Героі беларускай міфалогіі» (выдавецтва «Народная асвета», 2021 год) прапанаваў Віктар Кажура (г. Вілейка). Алена Стэльмах (г. Дзяржынск) і яе сааўтар фотамастак Уладзіслаў Цыдзік, сябра Мінскага абласнога аддзялення СПБ (г. Мінск), правялі прэзентацыю літаратурна-патрыятычнага праекта «Бачу Беларусь такой» па кнізе «Навасады: Малая Радзіма. Дзяржынскі раён», (выдавецтва «Чатыры чвэрці», 2021 год).
На пляцоўцы ж «Саюз пісьменнікаў Беларусі» была прадстаўлена насычаная праграма Мінскага абласнога аддзялення СПБ, якую падрыхтавалі кіраўнік народнага клуба «Жывіца» пры Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці Ірына Карнаухава і галоўны спецыяліст аддзялення Таццяна Каленік. У гэтай праграме літаратары Міншчыны прэзентавалі свае кніжныя навінкі:
альманах «Сябрына» па выніках працы аднайменнай творчай пляцоўкі Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі ў 2021 годзе, які прадставілі галоўныя спецыялісты аддзялення Таццяна Каленік (укладальнік зборніка) і Таццяна Якаўлевіч;
выданні для дзяцей «Байкальский друг» і «Колючие истории», аўтарам якіх з’яўляецца Ірына Карнаухава (а/г Мачулішчы, Мінскі раён);
зборнікі вершаў Уладзіміра Цануніна «Жорны лёсу», «Пад грукат колаў цягніка» (г. Вілейка);
раман «Последний выстрел в прошлое» Аляксея Шаўцова (г.Мінск) і яго выданне для дзяцей «Новые сказки о старом», а падтрымаць прэзентацыю прыехаў ілюстратар Валянцін Макаранка;
зборнік «Недзе там, за аблокамі» народнага клуба кампазітараў і паэтаў «Жывіца», укладальнікам якога з’яўляецца кіраўнік клуба Ірына Карнаухава.
Свае вершы чыталі: Таццяна Каленік (г.Беразіно), Ірына Карнаухава (а/г Мачулішчы Мінскага раёна), Галіна Нічыпаровіч (в.Магільна, Уздзенскі раён), Галіна Нупрэйчык (Плакса) (г. Клецк), Уладзімір Цанунін (г.Вілейка), Таццяна Цвірака (г. Клецк), Кастусь Цыбульскі (а/г Ждановічы, Мінскі раён), а таксама госці пляцоўкі Алена Брыцкая (г.Барысаў), Святлана Войтава (г.Маладзечна), Марыя Лебядзько (Стаўбцоўскі раён), Анатоль Мяккі (а/г Калодзішчы Мінскага р-на), Анастасія Швядко (г.Мінск).
Граў і спяваў ансамбль сярэднявечнай музыкі «Вір», пад кіраўніцтвам Марыны Лайковай (г.Барысаў). Творы паэтаў Міншчыны, і гэта стала нечакана-мілым падарункам, прагучалі ў выкананні народнага калектыва аўтарскай песні «Элегія» з Вілейкі. Сапраўднае свята падарыў Кастусь Цыбульскі з арт-калектывам «Залаты млын». Ён прадставіў музычна-паэтычнаую імпрэзу па аднайменнай кнізе «Я застаюся тут».
Вяла праграму і падтрымлівала настрой гледачоў шчырай усмешкай Анастасія Швядко. А вось творчы дух на пляцоўцы паэтычнага аўтобуса, які курсіраваў ад Нямігі да выставачнага павільёна «БелЭкспа» і назад, падтрымліваў паэт з Мар’інай Горкі Уладзімір Рунцэвіч. Яго непаўторныя вершы гучаць і радуюць слухачоў у дні Мінскай міжнароднай выставы ўжо не адзін год.
Кіраўніцтва Мінскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» выказвае ўдзячнасць арганізатарам праграм аддзялення Алене Стэльмах і Ірыне Карнаухавай, а таксама ўдзельнікам літаратурна-музычных імпрэз – пісьменнікам Міншчыны і шаноўным гасцям.
ПРЭС-СЛУЖБА МАА СПБ