Паэтычны марафон «ВОСЕНЬСКАЯ ПРЭЛЮДЫЯ…»
Паэтычны марафон «ВОСЕНЬСКАЯ ПРЭЛЮДЫЯ…»
ад ТАЦЦЯНЫ ЦВІРКА з горада Клецка.
* * *
Ах, восень, зноў пра густы дбаеш,
Тваіх адценняў модных не злічыць!
Штогод сваёй руплівасцю здзіўляеш,
Сваім жаданнем радасць падарыць.
Натомішся, завітвай на гарбату,
Я пернікаў салодкіх напяку.
Пагутарым. Асвенцім маю хату,
Бо … колькі таго шчасця на вяку?
ЛІСТАПАД
На яркім парасоніку
Спусціўся лістапад.
Сыпнула лена* сонейка
Праменьчыкаў на сад.
Вісіць ігруша позняя,
Як кропелька-бурштын.
Ласунак маме-Восені
Малодшы дорыць сын.
Расшчодрыўся-разнежыўся,
Замкнуў дажджы ў далонь.
І раніцай заснежыў сам
Рабінавы агонь.
Дазволіў ветру золкаму
віхры ліхія ўзняць,
Што нават сосны з ёлкамі,
Абняўшыся, дрыжаць.
Люблю цябе, мой лістапад,
Якім бы ты ні быў!
Ты мне шмат год таму назад
Дачушку падарыў!
——————————————
*(лена – лянотна, ляніва)
РАЗВІТАННЕ
«Сысці па-ангельску?» – зусім не пра іх –
Артыстаў, рамантыкаў, франтаў.
Вярнуліся вераснем познім шпакі.
У сад свой. Да хаткі. Мігранты
Купілі білеты, сабралі багаж,
На карце маршрут ухвалілі.
Ды сэрцу птушынаму мілы пейзаж
Забыць не змаглі. Разбудзілі
Душэўнаю песняй сваёй цішыню
Туманна-самотнага ранку.
Я сон недагледжаны ўміг праганю,
Пайду развітацца. На ганку
Прысяду. Па звычцы цудоўнай людской,
Як водзіцца ў нас: «На дарожку».
Ліюцца шпачыныя трэлі ракой,
І думкі канцэрт растрывожыў.
Прыжмурыўшы вочкі, забыўшы на ўсё,
Спявае шпачок – перасмешнік.
Гадае, напэўна, ці стане жыццё
Сюрпрызнічаць. Лёсе-замежнік
ці будзе іспыты свае рыхтаваць
сямейству птушынаму зноўку…
«Свіі-іць! Свііць! Цёх-цё-цё! (як умее спяваць!)
Пакручвае чорнай галоўкай.
Шаўковымі крыльцамі хатку абняў,
(Расстанне аздобіў фальцэтам).
І ледзь яе, родную, утаймаваў,
Здалося, ірвалася следам!
Апошні віраж вакол сада: “Бывай!”
Пасыпаў сад яблыкі-слёзы.
Шпачкі! Ваш палёт будзе ўдалым няхай!
Бяліце ім сцежку, нябёсы!
БЕСПАРАСОННАЯ
Бурштынавыя слёзы позняй восені
Паранілі мяне беспарасонную.
Не, не змяню я да яе адносіны –
Люблю непрадказальна-неўгамонную!
З кудзеркамі лімоннымі і лысую,
У строях залатых і эратычную.
І золкую, і сонечна-іскрыстую.
Лагодную, тужліва-драматычную.
Малінавы адвар у жоўтым кубачку
Разбавіў шэрасць вечара плакучага.
У цішыню захутаюся трубачкай
І прапацею вершамі гаючымі.
…Знайшла для вершаў важкую прычыну!
Наўмысна заўтра парасон пакіну.
***
Напэўна, восень на мігрэнь хварэе
Ці дэпрэсіўны вірус падхапіла.
Ці проста па-жаночы ўжо старэе,
Губляючы жыцця і духу сілы.
Бо кожны дзень дажджамі ціха плача,
І прагна іх на смак спрабуе. Мабыць,
Сама сябе згрызае за няўдачы,
За след свой хваравіты, чэзлы, слабы.
Туманным зрокам сцеражэ наўколле,
Перакуліла вёдры з фарбай шэрай,
Навобмацак праменьчык сонца ловіць,
А раніцою рассыпае шэрань.
Балесна на спачын пад дуб лажыцца,
Тужлівы маналог на памяць шэпча.
І сніць руканне з зімкаю-сястрыцай…
Крухмальны снег пяшчотна ўкрые плечы.
ВОСЕНЬСКІ НАСТРОЙ
Шэры змрок за акном,
На гадзінніку – восем.
Хтосьці паліць касцёр –
Пацягнула дымком…
Восень!
Шэры змрок на душы.
На жыцці – сорак восем.
Шмат задач, шмат праблем –
Ці змагу іх рашыць?
Восень.
На нябёсы зірну –
Сярод шэрані – просінь.
Сшытак, ручку вазьму,
Ціха Музе шапну:
“Восень”!


















