Паэтычны марафон «ВОСЕНЬСКАЯ ПРЭЛЮДЫЯ…»

«Восеньская  прэлюдыя»

ад  Віктара САБАЛЕЎСКАГА  з  Узды.

 

* * *

Будзе восень залатая
Сваім золатам гарэць.
Я з ахвотай сустракаю
На лістоце зноўку медзь.
Павуцінне ледзь гайдае
Лёгкі ветрык ля рабін.
За пагорак адлятае
Жураўліны сумны клін.
На душы – нібыта ў маі,
Хоць зусім не цёплы дождж.
Месяц зоркі запрашае
На гулянку на ўсю ноч.
І я з імі пагуляю,
І прыпомню, што было.
Радуй, восень залатая,
Нас каханнем і цяплом.

* * *

Асенняй пазалоты
Цудоўны каларыт.
Ляцяць лісты, бы ноты,
Мелодый – дэфіцыт.
У шэрым небе птушкі
Адно мацней крычаць.
А сонца зноў вяснушкі
Па дрэвах рассыпаць
Пачне у поўдзень дзесьці,
Праз колькі каб хвілін
За хмару ціха сесці
На доўгі свой спачын.
Над астрай апусціўся
На нітачцы павук –
На колер спакусіўся,
Як кавалер-хлапчук.
Расы з лістка нап’ецца
За плотам птушаня…
Маё ў спакоі сэрца,
Ды толькі мне штодня
Чагосьці не хапае.
Хутчэй жа падары
І ў верасні, і ў маі
Кахання каларыт!

* * *

Восень лісце падмяце
У двары дзетсада.
Цягніком год праляцеў
Зноў да лістапада.
Хмары чорныя ў вакно
Ціха пазіраюць,
Зачакаліся даўно
Ці … больш не чакаюць?
Клён галінкай варухне –
Бы дубцом па ране.
Там усё, як да мяне,
Ды няма спаткання…

* * *

У кастрычніцкай пазалоце
Між барвовых кляновых лісткоў
Я хачу, як калісьці, знаходзіць
Светлы колер тваіх валасоў.
Павуціннем бабіна лета
Хай зачэпіць цябе і мяне,
Моцна-моцна звяжа пры гэтым –
Не хапае такіх путаў мне.
Каб смяялася – вочы у вочы,
Каб залівісты звонкі твой смех
Спакушаў і удзень, і уночы
На святы і салодкі грэх.
Тваім дотыкам рук сагрэты,
Я прайду і праз холад пакут…
Дзе ты, дзе ты, бабіна лета?
Дзе ты, дзе ты, мой восеньскі цуд?

* * *

Адлятаюць у вырай буслы,
Жураўлі прамільгнулі над гаем,
Іх знаёмае добра “курлы”
На палеткі расой ападае.
Птушак будзе мне так не хапаць,
Быццам штосьці згубіў назаўсёды.
Я ўжо восенню буду чакаць
Іх вяртання вясной у край родны.
Чуе кліч развітальны мой слых,
Песні сумныя з неба зноў льюцца.
Адлятаюць мае ўжо буслы,
Мары побач з табой застаюцца.

* * *

А дождж ідзе —
Марудны, лёгкі, ціхі.
Ён — нібы сон,
Мяне бярэ ў палон.
А дождж ідзе.
I дрэмле парк прыціхлы,
Раскрыўшы лап
Зялёны парасон.
Маўчаць дубы,
Прыняўшы душ прыемны
Распачалі
Дзівосны птушкі хор.
Маўчаць дубы.
Бярозкі-каралеўны
Вітаюць шэптам
Здзіўлены прастор.
Спявае дождж
Адвечны гімн прыродзе,
І на душы
Становіцца лягчэй.
Спявае дождж,
А разам з ім прыходзіць
Жаданне бачыць
Дождж такі яшчэ.
БУКЕТ
Ападае кляновы лісток,
Я за ім праз акно назіраю.
Напішы колькі слоў. Я чакаю.
Ападае апошні лісток.
Сабяру я апошні букет
I у марах табе падарую.
Для цябе фарбы ўсе сабяру я,
Няхай будзе на памяць букет.
Ён мне сонейкам будзе свяціць,
Ён усмешку тваю нагадае…
Як шкада, што лісток ападае,
Хоць і сонейкам будзе свяціць.
ТЫ І ВОСЕНЬ
Зноў пакрыта павуцінай
Па-за садам неба просінь,
І прыціхла арабіна.
Сумна. Ціха. Ты і восень.
Ападае ліст барвовы.
Адзіноты сэрца просіць.
У абнове каляровай
Гэтак рана – ты і восень.
Мне прыемна цябе бачыць
Ля прыціхшых сумных сосен.
Хоць і зранку хмары плачуць,
Побач будзьце – ты і восень.
Павуціну ў рукі возьмеш
З адмысловых станкоў-кросен,
Строй прыгожы сабе зробіш.
Як цудоўна: ты і восень!
Ў адзіноце загадаю,
Каб паболей мар збылося,
Каб заўсёды ў родным краі
Сябравалі ты і восень.
ЗА ПЯЦЬ ХВІЛІН ДА ЗІМЫ
Вісіць туман ці дождж цярушыць –
Для нас няважна гэта, мусіць,
Бо не сустрэліся мы
За пяць хвілін да зімы.
Разбойнік-вецер смецце носіць,
Паміж будынкаў ён галосіць.
У скрыпкі сумны смык
За пяць хвілін да зімы.
Блішчаць рэкламныя вітрыны.
Нас не чакаюць магазіны.
Зноў паасобку мы
За пяць хвілін да зімы.
Але зіма ўсё ж наступае.
Свае даўгі і мы вяртаем
І будзем разам мы
Сустракаць прыход зімы!

ПРЭС-СЛУЖБА МАА СПБ