Паэтычны марафон «ВОСЕНЬСКАЯ ПРЭЛЮДЫЯ…»
Паэтычны марафон «ВОСЕНЬСКАЯ ПРЭЛЮДЫЯ…»
Восень, якую любіць
Зінаіда ГАСЦІЛОВІЧ,
паэтэса з в.Подберазь Валожынскага раёна
Вальс пад дажджом
Жоўтая восень у вальсе плыве,
Вецер зрывае ўспаміны мае
Там, за акном, вальс пад дажджом.
Ён у жыццё маё ўвайшоў –
Вальс пад дажджом.
Пад дажджом вальс плыве,
Кружыць вальс, кліча – заве
Нас дваіх, толькі нас.
Мы з табой танцуем зноў.
Ты вярнуўся, ты прыйшоў –
Гэта самы шчаслівы мой час.
Нашы далоні – восені песні.
Вальсам каханне хай уваскрэсне.
Слёзы і дождж там, за акном,
Гэта да нас успамінам прыйшоў
Вальс пад дажджом.
Жоўтая восень сэрцы кранае,
Вальсам каханне нас паяднае.
Там, за акном, мы пад дажджом.
Ты да мяне назаўсёды прыйшоў
Вальсам-дажджом.
***
Хутка ўжо зацвітуць верасы
І зялёнкі ў дажджах схаваюцца,
У чаканні асенняй красы
Арабіны долу схіляюцца.
Ўдалячынь паплывуць журавы,
Развітання з радзімай просячы,
Над карункамі соннай травы
Свой самотны напеў праносячы.
Неўзабаве й марозная просінь
Серабром упрыгожыць зямлю.
Ты яшчэ не прыйшла, мая восень,
А цябе я ўжо шчыра люблю.
Жураўліная восень
Восень, жураўліная восень
Сее сум, нібы плач на палі…
Гэта просяць, журавы ў небе просяць
Развітання у роднай зямлі.
Восень, жураўліная восень,
Іней белы крануўся травы…
Ты паслухай у туманаў як просяць
Адляцець на зіму журавы.
Восень, жураўліная восень,
Не сагрэе нас болей цяплом…
І чакаць іх, журавы шчыра просяць,
Развітальна махаюць крылом.


















