Паэтычны марафон “ВОСЕНЬСКАЯ ПРЭЛЮДЫЯ…”

Паэтычны марафон

“ВОСЕНЬСКАЯ ПРЭЛЮДЫЯ…”

працягвае паэтэса  і пісьменніца з Клецка

Галіна Нупрэйчык (Плакса)

***

Яшчэ ў смагардавай сукенцы
Бярозка стройная.
Гарэзе-верасню красуню
Не засмуціць.
Галінкі-косы лашчыць сонца…
Ах восень ранняя,
Не паспяшай карункі кроны
Пазалаціць!

***

Асін барвовы ўбор –
Рубінаў сплаў каштоўны.
Бярозавай тугой
Сцяжынкі замяло.
Скрозь восеньскі ажур
Пасыпаліся промні,
Ды ўжо запал не той –
Халоднае святло.
***
Пяшчотай апякло
Кастрычніка дыханне.
Ад вогнішчаў-кастроў
Вачэй не адарваць.
Па коле ўсё пайшло.
Ізноў вясна настане…
Хвілін, гадзін, гадоў
Ніколі не дагнаць.

Дняпро

Стамлёнае сонца гайдаецца
На хвалях-арэлях Дняпра.
Кастрычнік-мастак увіхаецца.
Стаіць залатая пара.
 ***
Асіны і клёны барвовыя,
Бярозы – як свечак агні.
Яліны – заўсёды як новыя –
На хвалі глядзяць з вышыні.
***
Абрывісты бераг разрэзаны –
Карой карані абраслі.
А ўнізе сцюдзёная срэбная
Крынічка бяжыць з-пад зямлі.
 ***
Імгненне заранкай у вечнасці
Застыла ў самотнай красе.
Спакойна,
упэўнена,
велічна
Дняпро свае воды нясе.

Позняя пяшчота

Верасень сказаў: “Да пабачэння” –
І паслаў барвовы ліст кляновы
Ён вяргіні ў казачным адзенні –
Юнай феі ў белым і ружовым.
 ***
Вочы сарамліва апусціла,
Сонечнай увагі не спазнала.
Вэлюмам празрыстым твар закрыла,
Прыгажосцю ўсіх зачаравала.
 ***
На пялёстках – ці раса, ці слёзы
Радасці кароткай ці самоты.
І чаканне першага марозу.
І кахання позняга пяшчота.

Восень

Жоўты лісток развітаўся з галінкай.
Вецер-гарэза валтузіцца з ім.
Кружыцца ціха над мокрай сцяжынкай
Сум успамінаў аб леце былым.
 ***
Яблык галоўкаю дрэву ківае:
“Сонца я ўволю напіўся, бывай”.
Сыты гарбуз на мяжы загарае,
Бульба прыспешвае: “Ў кошык збірай”.
 ***
Золата ў косы бярозка ўплятае –
Люба глядзець, як царыца сама.
Восень працуе, спачыну не мае.
Часу красой любавацца няма.

Прэс-служба МАА ГА СПБ