Алесь Карлюкевіч
Карлюкевіч Аляксандр Мікалаевіч нарадзіўся 6 студзеня 1964 года ў в. Зацітава Слабада, Пухавіцкага раёна, Мінская вобласці. беларускі публіцыст, краязнаўца, літаратуразнаўца, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” (2006).
Нарадзіўся 6 студзеня 1964 года ў вёсцы Зацітава Слабада Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Бацька працаваў у калгасе, маці была настаўніцай малодшых класаў. Пачатковую школу скончыў у вёсцы, а сярэднюю — у Пухавічах. Любіў урокі беларускай літаратуры і гісторыі, зацікавіўся краязнаўчай дзейнасцю, пачаў пісаць у газеты.
У 1981–1995 гг. А. М. Карлюкевіч служыў ва Узброеных Сілах СССР і Рэспублікі Беларусь, звольніўся ў званні падпалкоўніка. У 1985 г. скончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча, служыў у ваенных шматтыражках ва Узбекістане, Туркменістане, на Кубе, у мінскай газеце «Во славу Родины».
Пасля звальнення ў адстаўку А. М. Карлюкевіч працаваў у газетах «Культура» (1995), «Звязда» (1995–1998), «Чырвоная змена» (1998–2002), «Советская Белоруссия» (2002–2006). У 2002 г. скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У 2006–2011 гг. — дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы «Літаратура і Мастацтва». Адначасова ў 2009–2011 гг. з’яўляўся галоўным рэдактарам штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва».
З 2011 г. А. М. Карлюкевіч назначаны галоўным рэдактарам газеты «Звязда». З 2012 г. — дырэктар і галоўны рэдактар выдавецкага дома «Звязда». З 2016 г. быў на пасадзе намесніка міністра інфармацыі. З 2017 па 2020 гг. – міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Цяпер – дырэктар выдавецтва “Беларусь”. Старшыня ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.
Аўтар краязнаўчых, літаратуразнаўчых і публіцыстычных кніг «Літаратурная карта Пухаўшчыны» (1998), «Далёкія і блізкія суродзічы» (1999), «Ігуменскі блакнот» (2000), «Рэкі і азёры ў паэзіі Рыгора Барадуліна» (2000), «І векавечны толькі край» (2000), «Ад зямлі, якая нарадзіла ці натхняе» (2001), «Былое маё ажывае» (2002), «Блонь» (2007, у сааўтарстве з Б. Зубкоўскім), «Зацітава Слабада» (2007), «Сцежкамі Ігуменшчыны» (2008), «Старонкі радзімазнаўства: Мясціны. Асобы. Краязнаўчыя нарысы» (2013), «Братэрства» (2014), «Краязнаўчы рэсурс у вывучэнні беларускай літаратуры» (2015), «Роднымі сцяжынкамі» (2019), «Ігуменскі павет (Падарожжа па родным краі)» (2020), «Навагрудчына. Літаратурнае гняздо Беларусі» (2023), «Наш Президент» (2025, у суаўтарстве з А. Радзьковым, Н. Эйсмант, У. Пярцовым).
Аўтар кніг для дзяцей «Прыгоды Шубуршуна» (2013), «Новыя прыгоды Шубуршуна» (2014), «Прыгоды Максімкі на Бацькаўшчыне і ў розных краінах свету» (2014), «Як васількі на сваю крыўду забыліся» (2015), «Як Шубуршун мурашоў-чужынцаў выратаваў» (2016), «Шубуршун и его друзья» (2017) і інш.
Даследуе сучасную беларускую літаратуру і яе сувязі з туркменскай, узбекскай, рускай літаратурамі, прысутнасць беларускай літаратуры ў свеце. Выйшлі кнігі «Літаратурнае пабрацімства: Беларусь ― Туркменістан» (2016), «Урокі сяброўства. Беларуская літаратура ў свеце» (2017) і інш.
Лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» (2006) і прэміі «Звёзды Содружества» (2014).