Аляксандр Быкаў

Быкаў Аляксандр Генадзевіч нарадзіўся 7 верасня 1954 года ў горадзе Барысаў. Там жа ў СШ № 11 атрымаў сярэднюю адукацыю, закончыў прафтэхвучылішча.  У гэтым жа горадзе пачалася яго працоўная і творчая біяграфія: працаваў на фанерна-запалкавай фабрыцы, у шматтыражнай газеце “Трыбуна наватара” завода БАТЭ.

У арміі быў механікам-вадзіцелем плаваючага транспарцёра, навыкі работы на якім спатрэбіліся ў хуткім часе, каб ратаваць сельскагаспадарчыя угоддзі падчас буйнога падтаплення ў Столінскім раёне  Брэстскай вобласці. За гэта атрымаў медаль “За працоўную адзнаку”(1974).

Першы верш Быкава А.Г. з’явіўся ў 1976 годзе ў барысаўскай аб’яднанай газеце “Камуністычная праца”. Прага да ведаў прывяла яго ва ўніверсітэт (БДУ) – завочна вучыўся на факультэце журналістыкі, які паспяхова закончыў ў 1985 годзе.. Нейкі час узначальваў гарадское літаратурнае аб’яднанне.

З сям’ёй на Мядзельшчыну пераехаў у 1985 годзе. Працаваў загадчыкам аддзела эканомікі ў раённай газеце “Нарачанская зара”.  Друкаваўся ў часопісах “Полымя”, “Вожык”, штотыднёвіку “ЛІМ”, іншых рэспубліканскіх выданнях.

Член двух творчых саюзаў: Беларускага саюза журналістаў (1996), Саюза пісьменнікаў Беларусі (2010).

Аўтар паэтычных зборнікаў “Целую руки женщины моей” (1990), “Кветка папараць” (2005), “Пад небам бусліным” (2007), “За межы круга” (2013), “І тым не менш…” (2016), “Барысаўскі тракт” (2019), зборніка прозы “Кропка сінгулярнасці” (2024). Спрабаваў сябе ў “малых” жанравых формах – замалёўках, вершаваных гумарыстычных пародыях (“Бабуліны макі” (2015), “Пегас на сотках” (2017). Лаўрэат літаратурнай прэміі Мінскага аблвыканкама (2021), рэспубліканскай літаратурнай прэміі “Залаты Купідон” у намінацыі “паэзія” (2014).

Шмат гадоў прапагандаваў здаровы лад жыцця – займаўся марафонскім бегам, рэгулярна ўдзельнічаў у спаборніцтвах.

Памёр 7 лістапада 2024 года. Пахаваны ў г. Мядзел.