ПАЛАЖЭННЕ аб парадку правядзення Рэспубліканскага конкурсу ”Нацыянальная літаратурная прэмія“
Share the post "ПАЛАЖЭННЕ аб парадку правядзення Рэспубліканскага конкурсу ”Нацыянальная літаратурная прэмія“"
ЗАЦВЕРДЖАНА
Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
20.06.2018 № 468
ПАЛАЖЭННЕ
аб парадку правядзення
Рэспубліканскага конкурсу
”Нацыянальная літаратурная прэмія“
1. Дадзеным Палажэннем вызначаецца парадак правядзення Рэспублiканскага конкурсу ”Нацыянальная лiтаратурная прэмiя“ (далей – конкурс).
2. Конкурс праводзiцца штогод у мэтах падтрымкi развiцця беларускай мастацкай лiтаратуры i творчасцi пiсьменнiкаў Рэспублiкi Беларусь, стымулявання стварэння iмi новых высокамастацкiх твораў у галiне паэзii, прозы, драматургii, публiцыстыкi, лiтаратурнай крытыкi i лiтаратуразнаўства для дарослых, дзяцей i юнацтва, папулярызацыi кнiгi i чытання ў грамадстве.
3. Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Мiнiстэрства iнфармацыi, Мiнiстэрства культуры, Мiнiстэрства адукацыi i грамадскае аб’яднанне ”Саюз пiсьменнiкаў Беларусi“.
4. Для падрыхтоўкi i правядзення конкурсу ствараецца арганiзацыйны камiтэт па падрыхтоўцы і правядзенні конкурсу (далей – арганізацыйны камітэт), якi фармiруецца з прадстаўнiкоў дзяржаўных органаў i зацiкаўленых арганiзацый. Склад арганiзацыйнага камiтэта конкурсу зацвярджаецца Мiнiстэрствам iнфармацыi. Арганiзацыйны камiтэт:
вырашае пытаннi арганiзацыйнага i матэрыяльна-тэхнiчнага забеспячэння арганізацыі і правядзення конкурсу;
зацвярджае склад экспертнай камiсii i журы;
вырашае iншыя пытаннi, якiя ўзнiкаюць у працэсе арганізацыі i правядзення конкурсу.
5. Экспертная камісія ствараецца ў складзе да 11 чалавек, журы – у складзе да 9 чалавек.
У склад экспертнай камiсii і журы могуць уваходзiць прадстаўнiкi органаў дзяржаўнага кiравання, творчых саюзаў, арганiзацый, якiя ажыццяўляюць выдавецкую дзейнасць (далей – выдавецкія арганiзацыі), кнiгагандлёвых арганiзацый, юрыдычных асоб, на якiя ўскладзены функцыi рэдакцыi сродкаў масавай iнфармацыi (далей – рэдакцыі СМI), арганiзацый культуры, устаноў адукацыi i навуковых арганiзацый, якiя ажыццяўляюць дзейнасць у галiне мастацкай лiтаратуры i лiтаратуразнаўства.
У склад журы не могуць уваходзiць аўтары твораў, якiя ўдзельнiчаюць у конкурсе.
Экспертную камiсiю і журы ўзначальваюць старшыні, якiя вырашаюць усе пытаннi іх работы ў адпаведнасцi з дадзеным Палажэннем.
6. Арганiзацыйнае i матэрыяльна-тэхнiчнае забеспячэнне дзейнасцi экспертнай камiсii i журы конкурсу ажыццяўляе Мiнiстэрства iнфармацыi.
7. Выплату грашовых прэмiй ажыццяўляюць:
Мiнiстэрства iнфармацыi – у намiнацыях ”Лепшы твор (зборнiк твораў) паэзii“, ”Лепшы твор публiцыстыкi“, ”Лепшы твор лiтаратурнай крытыкi i лiтаратуразнаўства“;
Мiнiстэрства культуры – у намiнацыях ”Лепшы твор драматургii“, ”Лепшы дэбют“ (першая публiкацыя цi выданне аўтара ў жанрах паэзii, прозы, публiцыстыкi);
Мiнiстэрства адукацыi – у намiнацыях ”Лепшы твор прозы“, ”Лепшы твор для дзяцей i юнацтва“.
Арганiзацыйнае забеспячэнне дыпломамi, прызамi – сiмваламi конкурсу, падрыхтоўку i правядзенне цырымонii ўзнагароджання ажыццяўляе Мiнiстэрства iнфармацыi.
8. Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца грамадзяне Рэспублiкi Беларусь, замежныя грамадзяне i асобы без грамадзянства, якiя пастаянна пражываюць на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, а таксама аўтарскiя калектывы ў складзе не больш за чатыры чалавекi – аўтары арыгінальных твораў мастацкай лiтаратуры ў жанрах паэзii, прозы, публiцыстыкi, драматургii, лiтаратурнай крытыкi i лiтаратуразнаўства на беларускай або рускай мове, упершыню выпушчаных у свет выдавецкiмi арганiзацыямi Рэспублiкi Беларусь у выглядзе асобных выданняў i (цi) апублiкаваных у сродках масавай iнфармацыi (далей – СМI) лiтаратурна-мастацкай накiраванасцi з 1 студзеня да 31 снежня года, якi папярэднiчае году правядзення конкурсу, атрымаўшых грамадскае прызнанне.
Крытэрыямi, якiя сведчаць аб грамадскiм прызнаннi твораў, з’яўляюцца:
колькасць i змест артыкулаў, рэцэнзiй, водгукаў у СМI, на iнтэрнэтрэсурсах (інфармацыю прадстаўляе аўтар);
аб’ёмы продажу экзэмпляраў выдання твора праз кнiгагандлёвую сетку (інфармацыю прадстаўляе Мiнiстэрства iнфармацыi);
запатрабаванасць кнiг з прадстаўленымі на конкурс творамі ў публiчных бiблiятэках (інфармацыю прадстаўляе Мiнiстэрства культуры); колькасць пiсьмовых водгукаў чытачоў (інфармацыю прадстаўляе аўтар);
паказы спектакляў, пастаўленых па творы драматургii, якi прадстаўлены на конкурс (інфармацыю прадстаўляе пры наяўнасці Мiнiстэрства культуры);
пераклады твора на iншыя мовы свету (інфармацыю прадстаўляе аўтар).
9. Конкурс праводзiцца па намiнацыях з прысуджэннем дыпломаў, прызоў – сiмвалаў конкурсу, а таксама грашовых прэмiй у наступных памерах:
”Лепшы твор (зборнiк твораў) паэзii“ – 100 базавых велiчынь;
”Лепшы твор прозы“ – 100 базавых велiчынь;
”Лепшы твор драматургii“ – 100 базавых велiчынь;
”Лепшы твор публiцыстыкi“ – 100 базавых велiчынь;
”Лепшы дэбют“ (першая публiкацыя цi выданне аўтара ў жанрах паэзii, прозы, публiцыстыкi) – 50 базавых велiчынь;
”Лепшы твор для дзяцей i юнацтва“ – 100 базавых велiчынь;
”Лепшы твор лiтаратурнай крытыкi i лiтаратуразнаўства“ – 100 базавых велiчынь.
10. Адзiн аўтар (аўтарскі калектыў) можа прымаць удзел у конкурсе не больш чым у адной намiнацыi.
У намiнацыi ”Лепшы твор (зборнiк твораў) паэзii“ дапускаецца ўдзел зборнiка твораў аднаго аўтара.
Удзел у конкурсе твораў аўтараў, якiя памерлi на момант падачы заяўкi (акрамя асоб, што ўваходзiлi ў склад аўтарскага калектыву па падрыхтоўцы твора), не дапускаецца.
11. У выпадку, калi пераможцам конкурсу з’яўляецца аўтарскi калектыў, яму ўручаецца адзiн дыплом i прыз – сiмвал конкурсу, а грашовая прэмiя дзелiцца ў роўных долях памiж усiмi членамi аўтарскага калектыву.
Доля грашовай прэміі, прадугледжаная для асобы, што ўваходзіла ў склад аўтарскага калектыву, але памерла на момант падачы заяўкі, атрымліваецца ў спадчыну ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам.
12. Заяўкi на ўдзел у конкурсе (далей – заяўкі) прымаюцца Мiнiстэрствам iнфармацыi да 1 красавіка года, у якiм праводзiцца конкурс, ад фiзiчных асоб – аўтараў твораў або iх афiцыйных прадстаўнiкоў, а таксама ад творчых саюзаў, выдавецкiх арганiзацый, рэдакцый СМI, арганiзацый культуры, устаноў адукацыi i навуковых арганiзацый, якiя ажыццяўляюць дзейнасць у галiне мастацкай лiтаратуры i лiтаратуразнаўства.
13. Да заяўкi дадаюцца наступныя дакументы:
лiст-хадайнiцтва аб вылучэннi для ўдзелу ў конкурсе;
iнфармацыя аб аўтары i творы, якi прадстаўлены на конкурс;
два экзэмпляры друкаванага выдання або СМI, у якіх апублiкаваны твор, прадстаўлены на конкурс.
14. Заяўкi, якiя прадстаўлены з парушэннем патрабаванняў, устаноўленых у пунктах 8, 12 і 13 дадзенага Палажэння, не прымаюцца.
15. Заяўкi перадаюцца Мiнiстэрствам iнфармацыi ў экспертную камiсiю.
Спіс дапушчаных да ўдзелу ў конкурсе твораў публікуецца Міністэрствам інфармацыі ў газеце ”Літаратура і мастацтва“ і размяшчаецца на сайце Міністэрства інфармацыі ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт.
16. Экспертная камiсiя разглядае прадстаўленыя на конкурс творы з улiкам iх адпаведнасцi крытэрыям, прадугледжаным у пункце 8 дадзенага Палажэння, знаёміцца з іх зместам і ажыццяўляе фармiраванне пералiку твораў, якiя вылучаны для ўдзелу ў фiнале конкурсу.
Пасяджэнне экспертнай камiсii лiчыцца правамоцным, калi на iм прысутнiчае не менш за дзве трэцi агульнай колькасці яе членаў. Аўтары твораў, якія ўдзельнiчаюць у конкурсе і ўваходзяць у склад экспертнай камiсii, не маюць права галасаваць за свае творы.
Рашэннi экспертнай камiсii прымаюцца адкрытым галасаваннем простай большасцю галасоў членаў камiсii, якiя прысутнiчалi на пасяджэннi. У спрэчных выпадках рашаючым з’яўляецца голас старшынi экспертнай камiсii.
Пры неабходнасцi экспертная камiсiя мае права запатрабаваць у юрыдычных i фiзiчных асоб, якiя вылучылі аўтараў і іх творы на саiсканне прэмii, дадатковыя звесткi аб гэтых аўтарах i iх творах, неабходныя для прыняцця абгрунтаванага рашэння наконт уключэння ў пералiк твораў, што вылучаны для ўдзелу ў фiнале конкурсу.
Спіс твораў, якія вылучаны для ўдзелу ў фінале конкурсу, публікуецца ў газеце ”Літаратура і мастацтва“ і размяшчаецца на сайце Міністэрства інфармацыі ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт для ўсеагульнага абмеркавання.
17. Азнаямленне журы з творамі, адабранымі экспертнай камісіяй для ўдзелу ў фінале конкурсу, ажыццяўляецца з 15 чэрвеня па 15 ліпеня года, у якiм праводзiцца конкурс.
Пасяджэнне журы, на якiм вызначаюцца пераможцы конкурсу, праводзiцца ў трэцяй дэкадзе ліпеня года, у якiм праводзiцца конкурс. Пасяджэнне з’яўляецца правамоцным, калi на iм прысутнiчае не менш за дзве трэцi ад агульнай колькасці членаў журы.
Пераможцы ў намiнацыях вызначаюцца шляхам галасавання (па рашэннi журы – адкрытым цi тайным) простай большасцю галасоў членаў журы, якiя прысутнiчалi на пасяджэннi. У выпадку, калi два цi больш творы набралі аднолькавую колькасць галасоў, пераможцам прызнаецца твор, за якi аддаў голас старшыня журы.
Рашэнне журы з’яўляецца канчатковым i не падлягае перагляду. Вынікі конкурсу абвяшчаюцца не пазней за 6 жніўня.
18. Падвядзенне вынiкаў галасавання ажыццяўляе падлiковая камiсiя, склад якой вызначаецца старшынёй журы з ліку членаў журы на пасяджэнні. Па вынiках работы падлiковая камiсiя складае пратакол, якi падпiсваюць старшыня журы i члены падлiковай камiсii.
19. Узнагароджанне пераможцаў конкурсу праводзiцца ва ўрачыстай абстаноўцы ў час святкавання Дня беларускага пiсьменства.
20. Выдаткi, звязаныя з вырабам дыпломаў i прызоў – сiмвалаў конкурсу, выплатай грашовых прэмiй, а таксама падрыхтоўкай i правядзеннем цырымонii ўзнагароджання, ажыццяўляюцца за кошт сродкаў рэспублiканскага бюджэту, прадугледжаных дзяржаўным органам – арганізатарам конкурсу на правядзенне цэнтралiзаваных мерапрыемстваў, iншых крынiц, не забароненых заканадаўствам.
Выдаткi, звязаныя з удзелам членаў экспертнай камiсii, журы конкурсу ў рабоце гэтых камiсiі i журы, аўтараў, вылучаных юрыдычнымi i фiзiчнымi асобамi для ўдзелу ў конкурсе, у цырымонii ўзнагароджання пераможцаў конкурсу (уключаючы праезд, харчаванне i пражыванне), аплачваюцца за кошт сродкаў арганiзацый, у якiх працуюць цi вучацца названыя асобы (у тым лiку грамадскiх аб’яднанняў, членамi якiх яны з’яўляюцца), а таксама iншых крынiц, не забароненых заканадаўствам.