«Слаўная кампанія: рэANIMAцыя». Месяц да завяршэння збору заявак
Да завяршэння першага этапу конкурса «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя» (http://zviazda.by/be/news/20180423/1524487850-reanimacyya-instrukcyya-ab-paradku-arganizacyi-i-pravyadzennya), прысвечанага беларускім пісьменнікам ХІХ стагоддзя, застаецца роўна трыццаць дзён: збор заявак ад удзельнікаў завершыцца 24 чэрвеня.
За месяц, які прамінуў з дня абвяшчэння конкурсу (23 красавіка) на адрас арганізатараў паступіла 21 заяўка. Зводная табліца колькасці ўдзельнікаў конкурсу (пададзеных заявак) адпаведна персонам з прапанаванага спісу выглядае сёння так:
Вікенцій Равінскі
|
2
|
Ян Баршчэўскі
|
2
|
Ян Чачот
|
1
|
Франц Савіч
|
2
|
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
|
3
|
Уладзіслаў Сыракомля
|
2
|
Вінцэсь Каратынскі
|
—
|
Пранціш Вуль
|
2
|
Кастусь Каліноўскі
|
1
|
Альгерд Абуховіч
|
1
|
Францішак Багушэвіч
|
1
|
Эліза Ажэшка
|
1
|
Зоф’я Манькоўская
|
1
|
Янка Лучына
|
2
|
Такім чынам, самым запатрабаваным героем будучых біяграфій пакуль што з’яўляецца Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Не пададзена яшчэ ніводнай заяўкі на напісанне біяграфіі Вінцэся Каратынскага. Арганізатары конкурсу чакаюць не толькі запаўнення пустой пазіцыі, але і павелічэння колькасці ўдзельнікаў адносна кожнай асобы са спісу — з мэтай стварэння здаровай творчай канкурэнцыі.
Нагадваем патэнцыйным удзельнікам, маладым і сталым, хто мае ў кумірах асобу з ХІХ стагоддзя і гатовы напісаць яе біяграфію памерам ад 40 000 да 80 000 знакаў з прабеламі пры ўмове ахопу ўсяго жыццёвага і творчага шляху, што
- заяўкі на ўдзел у конкурсе прымаюцца да 24 чэрвеня,
- прыём работ вядзецца з 1 мая да 31 кастрычніка.
Удзельнікам пры падачы заяўкі высылаюцца “ключы” — рэкамендаваная літаратура, якая датычыць усіх або часткі пісьменнікаў; анталогіі, хрэстаматыі і зборнікі тэкстаў; падрачнікі і дапаможнікі; спіс крыніц, з якімі варта пазнаёміцца, каб адчуць рэаліі і каларыт эпохі. Арганізатары конкурсу — рэдакцыя часопіса “Маладосць” і кафедра гісторыі беларускай літаратуры БДУ (пры інфармацыйнай падтрымцы Нацыянальнага інстытута адукацыі) — бяруць пад свой патранат кожнага ўдзельніка і гатовы аказваць кансультатыўную і метадычную падтрымку на працягу ўсёй работы над творам. Рэкамендуецца таксама чытаць “Маладосць”, дзе з майскага нумара друкуюцца артыкулы ў падтрымку конкурсу.
Конкурс «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя» прымеркаваны да Году малой радзімы і прысвечаны 65-годдзю часопіса «Маладосць». Пераможцамі будуць лічыцца аўтары чатырох найлепшых тэкстаў, адабраных журы. Кожны пераможца атрымае Дыплом і матэрыяльнае ўзнагароджанне ад Выдавецкага дома «Звязда» і іншых фундатараў. Лепшыя конкурсныя творы будуць апублікаваны ў часопісе “Маладосць” на працягу 2019 года. Па выніках конкурсу прадугледжваецца выданне кнігі лепшых гісторыка-біяграфічных твораў, прысвечаных беларускім пісьменнікам ХІХ стагоддзя.
Чакаем новых заявак.
Зычым натхнення!
“М”ы