ТАЛЕНТ — ГЭТА ПРАЦА І ПРАЦАЗДОЛЬНАСЦЬ

«Дзіўная і незвычайная ўзнікае сувязь слоў у сказе пры фасфарычнай успышцы рыфмы», — пісаў В. Аксёнаў у кнізе «Пошукі жанру». «Лірычны верш — гэта заўсёды валявы акт, заклінанне, “змова”, насланнё, чарадзейства», — падкрэсліваў тэарэтык літаратуры Р. Д. Гачаў у кнізе «Змястоўнасць мастацкіх форм. Эпас. Лірыка. Тэатр». Стварэнне мастацкай рэчы — гэта заўсёды яркі ўчынак, загадка і адгадка адначасна. Споведзь уласнага сэрца. Трывога разбуджанага пачуцця. Голас чалавечага сумлення. Тэмы могуць быць самыя незвычайныя, пішуць пра самае рознае, сёння, як і ранней, пра буйнае і дробнае.

На першым пасля з’езда пасяджэнні Прэзідыума ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» зацверджаны новы, абноўлены на 90% склад прыёмнай камісіі. Патрабаванні самыя строгія. Творчасць кожнага мастака вывучаецца асобна. Заяў на прыём у ГА «СПБ» надзвычай шмат. На апошнім пасяджэнні Прэзідыума ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» прыняты ў члены Саюза пісьменнікаў новыя творцы.

Таццяна Цвірко, дызайнер аднаго з прадпрыемстваў, паэтэса. Аўтар зборніка лірыкі з паэтычнай назвай «Ясачка долі маёй». Лірыка яе па-жаноцку шчымлівая, кранальная. Ёсць у вершах напружанасць да трагедыйнасці, шчырасць і спавядальнасць. Тая споведзь, што называецца, калі слова — толькі сродак самараскрыцця, а ў сэрцы яшчэ шмат нявыказанага.

Краязнаўца Уладзіслаў Цыдзік з кнігай «Зачараваны Беларуссю» зладзіў не адну сотню прэзентацый, аб’ехаў большую частку роднага краю, зазіраючы ў самыя аддаленыя куточкі. Не адзін дзесятак кніг мае на сваім рахунку Уладзімір Ліхадзедаў. Кнігі краязнаўчага характару, пра нашых сучаснікаў і выдатных людзей мінулага, пра нашы пасяленні, гарады і мястэчкі, архітэктуру.

 Казлоўскі Руслан Канстанцінавіч — вядомы ў Гродне літаратуразнаўца, празаік, выкладчык універсітэта. У НАН Беларусі працуе літаратуразнаўца Людміла Вераб’ёва, аўтар кнігі «Душа слова». Даследчыца імкнецца паказаць кардыяграму чалавечых адчуванняў праз сілу слова. У паэтычным зборніку Кацярыны Роўда «Водар белага наліву» — пошукі нашай сучасніцы свайго месца ў агульным «суработніцтве», жаданне прынесці людзям як мага больш карысці, а шлях гэты яна бачыць у адным — сцвярджэнне маралі, якую выпрацаваў стагоддзямі беларускі народ, замацаванне ў нашай паўсядзённасці шчырасці і справядлівасці. Паэтцы 29 гадоў, яна бібліятэкар.

Прынята ў СПБ празаік Алена Харашэвіч. Марына Наследнікава (Пашук) працуе ў выдавецтве СвятаЕлізавецінскага манастыра, лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусіь па падтрымцы таленавітай моладзі. Таццяна Гулевіч (Прышчэпава) выдатна заявіла пра сябе ў дзіцячай паэзіі, што выявілася, напрыклад, у кнізе «Апельсінавы настрой». З Віцебшчыны прынята ў Саюз пісьменнікаў Святлана Гарбачова (Якубоўская). Выступае ў прозе і паэзіі, яе кнігі на беларускай мове «Палітра лёсу» і «Вясёлкавыя сны» заваявалі прызнанне шматлікіх чытачоў.

Большасць прынятых у члены ГА «СПБ» пішуць па-беларуску, ёсць і тыя, што пішуць на рускай мове. Многія, каго прынялі ў Саюз пісьменнікаў, яшчэ зусім маладыя, творчы патэнцыял іх толькі-толькі разгортваецца.

Уладзімір НАВУМОВІЧ,

старшыня прыёмнай камісіі Саюза пісьменнікаў Беларусі

“ЛіМ” №15-2017