Т.Атрошанка. Вершы

Не я

У начы — дзявочы твар
І, здаецца, тыя ж рысы…
Ты пазнаў мае абрысы?
То не я, то цень-махляр…
У начы — дзявочы твар.
Кажаш ты, такія ж вочы?
Так жа лёгка ў ранне крочыць,
Нібы я, саткана з мар?
У начы знаёмы твар
І празрысты смеху россып?
Ты не вер…
Табе здалося…
То не я…
То подых хмар…

Двубой

Я хаджу, як заўсёды, белай,
І няроўны вяду двубой —
Я у сэрца трапляю смела,
А ты меч адкідаеш свой…
І з усмешкай скідаеш латы
З непакорнай маёй душы…
Мілы вораг ты мой закляты!
Ты у ёй тут заўсёды жыў!
Адступае мой полк знямелы,
Я іду праз фігурак строй,
Апынаюся каралевай,
Калі крочу побач з табой…

***

Чаму птушкі імкнуць у аблокі?
Не стрымаць іх ніякай сілай…
Як той птах, трапяткі і лёгкі,
Я хачу безнадзейна ў вырай…
Не стрымаць іх ніякай сілай,
Калі вабіць палёту слодыч,
Я хачу безнадзейна ў вырай,
Каб з табой быць заўсёды побач…

Крокі

Крокі…
Адзін за адным…
Ля дома майго,
За домам маім —
Лёгкія крокі
Гучаць недалёка…
Крокі
Не могуць маўчаць —
Нібыта крычаць
У горкім адчаі,
Што пульс не змяшчае —
Забыць і не знаць…
Крокі…
Адзін за адным…
Ад сэрца да сэрца —
Ці сон, ці здаецца?
Імгненне смяецца:
Каханне ці дым?

Я хварэю зімой

Я хварэю зімой,
Калі гулка і пуста ў душы —
Там гуляюць вятры,
Там і сонца не свеціць, не грэе…
Я хварэю зімой,
Калі смех застывае ў цішы…
Я хварэю зімой —
Ну а сонца?
Чым сонца хварэе?
Я хварэю зімой,
Калі неба ад снегу дрыжыць,
Калі зоры маўчаць,
Калі твар да вясны не старэе…
Я хварэю зімой,
Калі пульс не спяшаецца жыць,
Я хварэю зімой…
А зіма?
Чым вясной захварэе?..

***

Світае…
Хутка дзень…
Глядзіць
Ружовы позірк небакраю…
Ён ні хвіліны не чакае —
Спяшае ранне пабудзіць…
Так, хутка дзень…
Ужо світае…

Для адзінай

Моцны вецер ломіць вецце,
Гоніць пыл з сямі дарог,
Ён кахання не прыкмеціў,
Што прысела на парог…
Яно шэрымі вачыма
Паглядала ўдалячынь —
Недзе той, хто за плячыма,
Хто не помніць ні аб чым…
Плакаў вецер, кідаў смецце,
Ды, напэўна, ведаў Бог,
Для чаго быў лішнім трэці,
Што каханне так бярог,
Для чаго зрываў ён зоры —
І, напэўна, тым грашыў:
Будаваў ён Зорны Горад
Для адзінай у душы…

Мастачка

Я малюю твой сум,
Як малюю усмешку —
Прафесійны мастак
Ці запэцканы грэшнік…
Каляроваю пастай
Самоты і болю
Я малюю цябе
З абразоў, што пад столлю…
Я малюю твой боль,
Як малюю адхланне,
Называю табой
Свой малюнак расстання,
Я малюю твой боль,
Што трымае за плечы, —
Забіраю з сабой,
Каб парваць і скамечыць…

Каханне

За дзверы — хутка…
Да цябе…
Ключы і словы —
Забываю…
Пароль адвечны —
Так ці не? —
Як заклінанне паўтараю…
Блукаю… Доўга… Не паспець…
Ну, вось і ты… Мяне шукаеш…
З табой… Адным… Хачу… Ляцець…
Кахаю я…
І ты… кахаеш…

***

Ты — мой адчай,
Мой боль і страта,
Нібы за кратамі душа…
Я, нібы вой, надзену латы,
Перахрысціўшыся спярша,
І адыду туды, дзе памяць,
Дзе паліць вусны подых твой,
Сама сябе не стану славіць,
Я прайграю апошні бой…
Я не хачу твайго вяртання,
Вось так, адна, сваёй рукой
Сама
Заб’ю
Сваё
Каханне,
Калі ты побач не са мной…

“Созвучие”