В.Кажура. На хвілінку прыпыніся – ды паслухай-падзівіся
МЯДЗВЕДЗЬ
Ні сцяжынкі, ні дарогі –
Забалелі ў мішкі ногі.
Пушча – тут, а там – пустыр,
Заблудзіцца страшна:
– Б-р-р-р-р!
ВОЎК
Шэры стомлены бядак
Не сагрэецца ніяк.
Падкажыце вы яму,
Як зімой сагрэцца:
– У-у-у!
ЗЯЗЮЛЯ
Пралятала цэлы дзень,
Адпачыць прысела ў цень.
Толькі мулка на суку –
Не заснуць ніяк:
– Ку-ку!
ДЗЯЦЕЛ
Зранку працаю заняты,
Дрэвы лечыць ён заўзята:
Не міне ні ствол, ні сук
І праверыць:
– Тук-тук-тук!
ПЧОЛКА
Гляньце: сонейкавы дзеткі –
Зацвілі на полі кветкі.
Неба сінь, няма дажджу
І шчыруюць пчолкі:
– Жу-у-у-!
ЧМЕЛЬ
Будзе сёння дзеткам свята:
Мёду я сабраў багата,
Што ляцець ледзь-ледзь магу –
Памажыце мне:
– Гу-гу!
ВОЖЫК
Пад кустом прыціхнуў вожык –
Не чуваць спіны і ножак:
Працаваў ён дзень за двух
І стаміўся вельмі:
– У-у-у-х!
САВА
Цемрай ноч лес ахінула,
І жыхарства ўсё паснула.
Ды сава тут: “Не магу
Ноччу спаць ніяк .
У-гу!”
ВЕРАБЕЙ
Па заяўках і без іх
Ён спявае для другіх.
Гэты просценькі матыў
Не мяняе:
– Ціў-ціў-ціў!
ВАРОНА
Выхвалялася варона,
Што між птушак няма роўнай,
Што ў яе вакальны дар.
Рот раскрыла… ды:
– Кар-кар!
АВЕЧКІ
Ой, глядзіце, каля рэчкі
Ў цень схаваліся авечкі,
Ціха гутараць сабе
Пра жыццё-быццё:
– Бе-бе!
КАЦЯНЯТКА
Гаспадар пакінуў хату,
А кату нібыта свята:
З малака вяршкі злізаў,
Аблізнуўся… ды:
– Мяў-мяў!
СІНІЧКІ
Дзве маленькія сінічкі,
Белагрудыя сястрычкі
З кацяняткі сталі кпіць:
– Ты гультай, каток!
Фіць-фіць!
СВІНКА
Свінка – беленькі бачок,
Ды ружовы пятачок,
Хвост кручочкам угару –
Па двары бяжыць:
– Хру-хру!
ЛІСКІ
– Каб далей быць ад бяды,
Замятай хвастом сляды, –
Ліс унука павучаў. –
Хвост – ратунак наш!
Цяў-цяў!
ЖАБКА
Хто бядуе ад знямогі,
Што баляць і ныюць ногі,
Кругам ходзіць галава
Ад спякоты:
– Ква-ква-ква!
КАЧКІ
Па двары паважна ходзяць,
З гаспадыні воч не зводзяць:
– Есці нам даўно пара –
Ці забылася?
Кра-кра!
ПЕВЕНЬ
Певень сёння запазніўся,
Аж спужаўся – прахапіўся
– Годзе спаць вам на баку!
Гэй! Пад’ём!
Ку-ка-рэ-ку!
ЖАРАБЯТКА
Горда шыю выгінае,
Ў полі вецер абганяе.
Не спыніць ніяк яго –
Мчыць, як птушка:
– І-го-го!