В.Гіруць-Русакевіч. Да Дня беларускага пісьменства

Свята Роднага Слова

Звонам у нябеснай сіні
І ў нашчадкаў сэрцах:
Кірыла і Еўфрасіння,
Францыск, Сімяон…
адзавецца
Велічна і ўдзячна.
Думы і душы абудзіць
Імя кожнае гэта,
Як і Сымоне Будны,
Анастасія-Рагнеда…

Наша святая спадчына,
Між пакаленняў новых,
Дзякаваць Богу, не страчана –
Звонам плыве іх Слова
Над старажытным Туравам,
Полацкам, Навагрудкам,
Па-над Нясвіжам і Пінскам,
Оршай, Заслаўем, Мсціславам,
Над Камянцом і Мірам,
Шкловам, па-над Паставамі,
Барысавам і Смаргонню,
Над Хойнікамі і Быхавам,
Ганцаўшчынай, Глыбокім,
Над Шчучынам …
Слова шчырага,
Роднага ад калыскі,
Мудрага і святога,
Светлага , слаўнага, блізкага
Ўспомнім ізноў вытокі
Сёння і ў Рагачове,
Дзе ўсе хвалу складаем
І аддаем пашану
Удзячна і малітоўна
Беларускага краю
Асветнікам,
Роднаму Слову.

У Заслаўі

Званы царквы ў вышыні
неслі славу,
І хор з малітвай
паўтараў за імі
Імя Рагнеды сына –
Ізяслава,
Імя яе – асветніцы-княгіні.

І разышліся хмары
над Заслаўем,
То свята асвяціць
спяшала сонца:
Людскую памяць, славу
продкаў слаўных
І Слова роднага
вялікасць і бясконцасць.
Не гаварыце:
мова вымірае!
І не хавайце і
не адпявайце.
На ёй гаворым,
думаем,
спяваем,
То не аплакваць –
шанаваць давайце.
Зноў веліч Свята нашага
пацвердзіць:

Нам не на згубу дадзенае
Слова!
Што памірае мова родная,
не верце:
У палатне жыцця яна –
аснова.
І покуль я і ты
па той аснове
Упарта тчом жыцця свайго
дарогу,
Жыць будзе наша Слова,
наша мова,
Падораная нам аднойчы Богам.

Сляды-радочкі

Нібы сляды па першапутку,
Парыпваючы ледзьве чутна,
Па белым аркушы паперы
Прабег радочак верша першы.
За ім яшчэ нашэпча сэрца –
Радочакаў ланцужок не рвецца,
Вядомых думкаю, душою…
Усявышні, дзякуй за такое
Балюча-ўзвышанае шчасце –
Душу адкрыць так смела насцеж
І гаварыць на мове сэрца.
За веру, што ўжо не сатрэцца,
Што нешта ўсё ж змагу пакінуць,
Што між віхур жыцця не згінуць
Між іншых і мае слядочкі –
На белым аркушы радочкі.

* * *
З табой няпроста, без цябе – ўдвая…
Душу трывожыць-студзіць адзінота.
І проста немагчыма аніяк
Спатканне наша адпісаць на потым.

Так холадна, хоць спёка на двары,
Душы, неацяплёнае увагай.
Хоць слоўца прашапчы-прагавары,
Сагрэй, спатоль акрыленасцю смагу.

З табой – святочным стане будні дзень,
А без цябе і ў свята – шэры будзень.
І калі лёс у згодзе не звядзе,
То і мяне сапраўднай ўжо не будзе…

Я запалю вакна свайго маяк,
У ночкі папрашу для нас саюза…
Адкрыты дзверы і душа мая –
Заходзь…
паэзіі акрыленая Муза!

Кніга

О, Кніга, Светлая Вялікасць!
З табой пазнаю свет вялікі
І радасць, і трывогу, й слёзы,
І фантастычныя дзівосы,
І даўніны сівой паданні…
Табе мая душа аддана,
Табе — сапраўднай, папяровай —
Не моднай электронна-новай.
Бяру я Кнігу ў рукі скарбам,
Удыхаю пах друкарскай фарбы
(Ці даўніны глыбокай пылу)…
Дарадчык добры, дружа мілы,
О, Кніга, мудрасці крыніца!
Табою нельга наталіцца.
Дарослым і малым ты — светач,
Настаўнік мудры і адвечны.

Чытайце Кнігу, беражыце!
Ў ёй безліч ведаў і адкрыццяў.
Жыццё і свет з ёй адкрывайце,
Дабру вучыцеся. Чытайце!

Мова

Наша мова для нас святая,
бо яна нам ад Бога даная…
Францішак Багушэвіч

Усе мовы ад Бога –
я іх паважаю,
ды Слова другога
сабе не жадаю.
І я сваёй мове
не здраджу ніколі,
яна ж бо – аснова
мая й мая доля.

І я сваю мову
ніколі не зганю.
Яна – скажу зноў я –
душы маёй пані.
І я сваю мову
нідзе не забуду –
без роднага Слова,
скажыце, кім буду?

Бо родная мова –
ад мамы і таты.
Забыць бацькоў словы –
ці ж гэта не здрада?
Чароўная мова
маёй Беларусі–
ільнянай асновай
у белым абрусе.

Я гэтай асновай сваёй
ганаруся!

* * *
Белае поле зярняткамі літараў
І мне засяваці выпала
І апрацоўваць рытмамі,
рыфмамі,
Каб словы-калоссі выспелі
Гукамі роднай такое мовы,
Спрадвеку дадзенай Богам!
І каб не ссушыла нядоля
ніколі
Зернейкі Слова святога.

Дожджыка слёзы і сонейка
будуць
Няхай над маім тым полем…
Каб ураджай свой магла
дарыць людзям –
На шчасце,
на радасць,
на долю.

Белае поле зярняткамі літараў
Зноў засяваці выпала…
Дай жа мне сілы такой Усявышні –
Кожнае слоўца выспеліць.