Драма на кантрастах (агляд чэрвеньскіх часопісаў на старонках “ЛіМа”)
Share the post "Драма на кантрастах (агляд чэрвеньскіх часопісаў на старонках “ЛіМа”)"
Драма на кантрастах
“Полымя”
Выдатна. Наўрад ці справядлівае выказванне, што кепскае забываецца. Прынамсі, ваеннае рэха гучыць у сучаснай літаратуры па-ранейшаму выразна. У № 4 «Полымі» тры такія творы, і найперш трэба адзначыць апавяданне Васіля Макарэвіча «Сын». Сярод блока мастацкіх тэкстаў нумара яго вылучае аўтарскае ўменне «чытаць у душах». Галоўныя героі апавядання — жанчыны, яны застаюцца безыменнымі, але яркія апісанні знешнасці, псіхалагічна абгрунтаваныя іх учынкі робяць вобразы запамінальнымі, выразнымі (у процівагу прозе, дзе герояў можна адрозніць хіба па імені). Кароткае апавяданне дзякуючы сцісласці, якая не ператвараецца ў сухую канстатацыю, апісвае і ваенную вёску, і становішча Мінска пасля вызвалення, і жыццё людзей пасля вайны (інвалід на Камароўцы — вобраз жудасны і аб’ёмны; караценькія партрэты гараджан, якія не адцягваюць на сябе ўвагу, але даюць уяўленне пра час і інш.). Без просталінейнай маралі Васіль Макарэвіч паказвае, што і ў звярыных умовах людзі застаюцца падуладныя пачуццю роднасці, захоўваюць любоў да блізкага. Штопраўда, фінал апавядання бачыцца крыху сентыментальным і прадказальным. Аднак гераіня заслугоўвае гэтае шчасце — хоць бы і ўяўнае.
Сумніўна. У працяг ваеннай тэмы — аповед-быль Міколы Гіля «Дурны Язэп». Сюжэт гэтай былі драматычны і мог бы стацца ўдалай асновай для п’есы ці навелы: мужчына адмаўляецца стаць мужам іншай дзеля ўратавання свайго жыцця, застаецца верны жонцы, якой не здраджваў ані ў думках, і, насуперак чытацкім чаканням, гіне. Жонка ведае пра гэта, яе раздзіраюць супрацьлеглыя пачуцці: радасць, што муж так кахаў яе, і шкадаванне, што не ўратаваўся. Тут і драма вайны, і чалавечыя жарсці, і бязлітасны лёс. Усё магло б быць — але аўтар чамусь абраў форму паэтычную. У выніку атрымаў міні-паэму (насамрэч, жанр цяжкавызначальны), якая ад паэзіі ўзяла толькі форму. Твор так і не стаў творам паэтычным, вобразна-яркім, пачуццёвым — і ў той жа час не змог раскрыцца як празаічны, з псіхалагічнымі нюансамі, магчымымі нечаканасцямі ў сюжэце. А шкада. Драма глыбокая.
На суд чытача. Віктар Шніп працягвае друкаваць дзённікі. Самі па сабе ўспаміны застаюцца непадсуднай уласнасцю аўтара. Але надрукаваныя, яны аўтаматычна пераходзяць у шэраг мастацкага тэксту. І чытач узбройваецца крытыкай. Так, каштоўныя нечаканыя асацыяцыі, якія агучвае Віктар Шніп, паназіраўшы за будзённасцю. Парадоксы, анекдатычныя сітуацыі, у якіх заключаныя трапныя штрышкі да чалавечых партрэтаў. З іншага боку, падрабязныя апісанні паездак на малую радзіму, ці гістарычныя звесткі пра той ці іншы помнік культуры, ці ўражанне ад выстаўкі і інш. — гэта можа быць і не дужа цікава чытачу. Ці сапраўды з песні слова не выкінеш? Ці варта апрацоўваць дзённікі перад публікацыяй, гледзячы на іх не як на занатоўкі, але з перспектывай, як на цэласны мастацкі тэкст?.. Пытанні адкрытыя.
“Нёман”
Выдатна: навелы Уладзіміра Сцяпана. Гэты пісьменнік вельмі лірычны, але не баіцца кантрастаў і рэзкасці (у сэнсе — не правакатыўнасці, а непасрэднасці). Адна з характэрных рыс прозы Уладзіміра Сцяпана — псіхалагізм, які мяжуе з натуралізмам. Хлопчык сядзіць у бальніцы побач з цяжка хворым настаўнікам (навела «Трава, што рэжа рукі») — не толькі напружаны і спалоханы, але і зацікаўлены тым, што бачыць амаль нябожчыка. Прыкідвае, каму застануцца фарбы, пэндзлі і кніжкі настаўніка, але гэтыя думкі не робяць хлапчука адмоўным персанажам. Жывому — жыць… У навеле, дзе апісаны адзін з апошніх вечароў у дзедавай хаце, герой разважае, ці варта наведаць месца, дзе стаяла сядзіба, — і замест шчымлівых слоў заканчвае твор катэгарычным «Навошта?». Шчырасць у дачыненні да чытача заўсёды дорага каштуе…
Сумніўна: паэзія. Пяты нумар прапануе знаёмства з творчасцю Міколы Шабовіча, Валерыя Максімовіча і Рагнеда Малахоўскага. З пункту гледжання крытычнага чытача бракуе паэтычных адкрыццяў, глыбіні і цікавых тэм. З пункту гледжання аўтараў (напэўна) надрукаваныя вершы— больш ці менш дасціпны напамін пра адметную падзею ці ідэю, з якім прыемна будзе пазнаёміцца іншым. Паэзія Валерыя Максімовіча вяртае ў эпохі рамантызму і адраджэння: перажыванні героя маюць касмічны маштаб, дый сам ён жыве ў свеце мора, гор і стыхій. Атрымліваецца велічна, але заўважна, што паэту бракуе асцярожнага, клапатлівага стаўлення да слова.
У вершах Рагнеда Малахоўскага апынаюцца побач, здаецца, выпадковыя вобразы, якія часта дысануюць і правакатыўна не спалучаюцца між сабой. Абнадзейвае адзінае лагічнае — «ідэя». «Мары», «рыфмы», «вобразы» — усё гэта ёсць у падборцы, але без «ідэі» было б непераканаўча!
На суд чытача: нататкі партызан. Пагодзімся з рэдакцыяй часопіса: успаміны Паўла Мельнікава і дзённікавыя запісы пісьменніка Пятра Валкадаева каштоўныя для сучаснікаў, бо «перадаюць атмасферу першых дзён вайны, партызанскага жыцця, утрымліваюць ацэнку падзей іх непасрэднымі ўдзельнікамі». Людзі, якія набліжалі перамогу, былі надзвычай рознымі, пра што яскрава сведчаць апублікаваныя тэксты. Нататкі дапамагаюць уявіць абліччы партызан і зацікавяць тых, хто займаецца ваеннай тэмай.
“Маладосць”
Выдатна. Такую адзнаку хочацца паставіць усяму раздзелу крытыкі майскага нумара «Маладосці». Тут і глыбокая аналітыка творчасці Элізы Ажэшкі, прычым не толькі літаратурнай (Мікалай Хмяльніцкі распавядае і пра вядомую беларускую пісьменніцу, і пра яскравую грамадскую дзяячку, у якой сённяшнім феміністкам ёсць чаму павучыцца), і вельмі ўдалая рэцэнзія на кнігу Таццяны Сівец «Разняволенасць», і падрабязны агляд творчасці лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі па літаратуры за апошнія дзесяцігоддзі. Прычым усе з пералічаных матэрыялаў вельмі цікавыя і захапляльныя — не адарвацца!
Сумніўна. Проза маладога пісьменніка Яўгена Казарцава падалася неадназначнай. Тое, што аўтар любіць творчасць Таццяны Талстой і Уладзіміра Набокава, нельга не заўважыць па яго стылі, але гэта іграе з Яўгенам злы жарт — апавяданне можна сабраць па кавалачках: вось гэта частачка ад Талстой, а гэта з Набокава, тут крыху Бродскага, а вось гэты абзац вельмі Даўлатаўскі. І цалкам нібыта прыгожа, і чытаецца лёгка, нават месцамі кранае і чапляе, але па выніку ў галаве круціцца невымоўнае пытанне: «А аўтар хто?», бо Яўгена Казарцава ў тэксце заўважыць цяжка.
На суд чытача хацелася б пакінуць нізку вершаў Анхелы Эспіносы Руіс «Цень твайго ценю». Гэта беларуская паэтэса іспанскага паходжання ўжо нарабіла нямала шуму ў літаратурным асяроддзі нашай краіны. Хтосьці ўзносіць на Алімп гэтую маладую дзяўчынку ўжо толькі за тое, што яна дасканала вывучыла беларускую мову. Хтосьці параўноўвае літаратурны талент Анхелы з вершамі Максіма Багдановіча. Адным словам, водгукі процілеглыя. Але адно можна сказаць дакладна: дзяўчына не без таленту, а яе цікавасць да беларускай мовы, літаратуры і гісторыі выклікае павагу. Хочацца, каб і нашы суайчыннікі з такім жа імпэтам вывучалі не толькі замежныя мовы і культуры, але і сваю. Што да вершаў Анхелы Эспіносы Руіс, то яны вартыя ўвагі. Чытайце — высновы зробіце самі!