А. Жураўлёў. РОЗДУМ ПРА ЖЫЦЦЁ
Сур’ёзныя развагі ў сатырычным стылі
Вядома ўсім, што чалавек –
Прыроды лепшае стварэнне.
Ды, зноў жа, немалы і век
Яму прыпаў ад нараджэння.
Але падрос ты на вяршок
І адышоўся сам ад лаўкі,
Жыццё пачне, як незнарок,
Даваць рэцэпты і папраўкі.
Навуку “клянчыць” ты спасціг,
Бацькі ж цукерак не купілі,
Глядзіш, ужо на нейкі міг
Яны твой век падкарацілі.
Пасля, заместа пахвалы,
Цябе лупцуюць ёмкай дзягай
За тыя двойкі і калы,
З якімі і без дзягі блага.
Затым здаваў ты “сапрамат”
Разоў і пяць, і шэсць на тыдзень
Пацеў над тысячамі, брат,
Ды не цаніў выкладчык-злыдзень!
З чаго ж пры “поспеху” такім
Сто год – не менш – Чакаў кватэру?
Спаважны ў клопаце сваім,
Ты і з сябрамі ведаў меру.
І вось кватэра – ты ёй рад!
Ды новы стрэс уцяў каварна:
І шум, і гук – без лішніх звад
Так дзень за днём праходзяць марна.
Жыццё – маліна! Гэта блеф!
У офісе не толькі гейшы.
За штосьці раскрычыцца шэф,
І век твой стане карацейшы.
А ў водпуск летам не пусціў
Цябе начальнік твой чуллівы,
Ды ён таксама адхваціў
Нямала дзён тваіх шчаслівых.
З сям’ёй – пакуль што без прыгод
І з жонкай не было скандалаў,
Ды вось скандал, і пару год
Карова языком злізала!
Яшчэ ёсць тыпы, хто жыўцом
Глыне цябе, калі дастане.
Пайдзі да Уюнова на прыём,
І карацейшым век твой стане.
А Айбаліты-дактары
Пры нораве, як ёсць, капрызным,
Адымуць год, і два, і тры
Сваім дыягназам прыблізным.
А колькі ў чэргах правялі
Мы лепшых дзён, і не лічыце!
У злосці да сяброў жылі,
Была любоў у дэфіцыце.
Сяк-так мінулася паўста,
Ды нешта ўсё ж і засталося
Бяжыць жыццёвая вярста
Шкада, не шмат на ёй збылося.
Сябе за гэта не карай:
Без захаплення, без авацый
І ведай: сам лепш не стварай
Сабе канфліктных сітуацый!
Што ж ходзіш моўчкі, быццам цень,-
То ўсё былога адгалоскі,
Чакае грэшных Судны дзень
І варта помніць: Суд той Боскі!
Пераклад з рускай мовы Віктара Гардзея