У.Рунцэвіч. З бальнічнага сшытка
З бальнічнага сшытка
Дыялог з сабой
У невядомасць шлях ляжыць,
Доўгі шлях праз навальніцы…
Супакойся, трэба жыць,
Шлях пакутны – да бальніцы.
Шлях дзе іншы, можа, ёсць?
На яго хачу прасіцца.
Кудысьці знікла весялосць
Шляхам тым, што да бальніцы.
Шляхам я прайду другім?
Двойчы нельга нарадзіцца!
Наканавана ісці тым,
Тым, што толькі да бальніцы.
А навошта мне той шлях,
Калі лепей будзе дома?
Шлях былы твой па грахах,
Гэты – за грахі, вядома.
* * *
Прысвячэнне доктару Зміцеру Жыгальскаму
Услаўлю Вас за дабрыню,
За працу гэтаксама можна.
Люблю я Вас, я Вас цаню.
Не я адзін: Вас любіць кожны.
Як на апошняй мы мяжы –
Да Вас звяртаемся і Бога,
Вам дзякуем за шчасце жыць,
Каб мы працягвалі дарогу.
Нам не хапае часам слоў,
Каб зграбна выказаць, умела
Нашу сыноўнюю любоў
Да дактароў у халатах белых.
Санітарка
Нячутная, нібы факір
(І калі ж адпачывае?),
Падлогу трэ амаль да дзір,
Палату прыбірае.
Падлога ззяе, нібы шкло,
Чысціню ж ніхто не рушыў.
Утульнасць беражэ, цяпло,
І гэтым лечыць душы.
І так душы кволыя ў нас,
Заўсёды ім патрэбна свежасць.
Ёсць санітарка – ёсць вясна.
…А за вакном шчыруе снежань.
Пацыент
Скажы, кім дагэтуль ты быў? –
Рабочы, пешаход, пакупнік…
А тут нечакана, наўздзіў,
Пацыентам яшчэ нараклі.
За гэта дзякаваць лёсу
І рэгалій больш не прасіць:
Можаш не можаш, кроў з носу –
Пацыента званне нясі!
* * *
Пакіньце заляжалы свой імпэт,
Хутчэй язджайце да сталіцы.
Увекавечце: «Тут ляжаў паэт
У дзіцячай абласной бальніцы!..»
* * *
Палата, бы хорам цара,
Вяльможнага князя святліца…
Ды зразумець даўно ўсім пара –
Гэта бальніца.
Ляжыш, бы на курорце, тут,
Пагодна ці то навальніца.
Лечыць цела тваё ад пакут –
Лечыць бальніца.
Добра тут і ўтульна як!
Тут медсястра – бы сястрыца…
Ды ніадкуль да горла камяк –
Гэта бальніца.
Ведаеш, здароўя тут храм,
Сілы гаючай крыніца…
Ды лепей трымацца нам
Далей ад бальніцы.
Павукатэрапія
Сценаў бялюткасць, белая столь,
Палата, бальнічны ложак…
Ляжу, цела пранізвае боль –
Жыццё дзесьці дало падножку.
І хоць бы павук заварушыў
Над целам маім гаротным –
І тое лягчэй было б на душы,
Лягчэй і не так маркотна.
…У палаце? Які павук!
Швабрай яго, бы рапірай!
Хочацца ад душэўных мук
Павучынай тэрапіі.
Павук бы цела гаіў, душу,
Абярэгам быў, абаронай…
Ахову здароўя прашу
Зняць на павукоў забарону.
Юля
Крок наперад і два крокі назад.
Думкі-думкі, куды павярнулі?
Запавольваеш і крок, і пагляд
Ля паста, дзе красуня Юля.
А на Юлечцы белы халат,
І станік зграбненькі пад халатам…
Крок наперад і два крокі назад…
Самотны вяртаешся ў палату.
Палаты ўтульнасць, белая столь…
І ты, спустошаны светлым мігам,
Разумееш душэўны боль
Пікасо, Петраркі і Грыга…
Сцежкаю роснаю ў думках бяжыш,
Дзе юначыя шалы-гулі…
Рэчаіснасць:
Венецыя, Вена, Парыж –
Не для цябе, а для Юлі.
Фанечка
Нібыта светлая ранічка,
З чыстаю, светлай, спагаднай душой –
Бабулечка, сонейка-Фанечка,
Дабрыню ў свет нясе, супакой.
Словам лагодным, бы дранічкам,
Пачастуе – хворасці адляглі.
Бабулечка, сонейка-Фанечка,
Такая адна на зямлі.
Спагаду знойдзе для кожнага,
На гаротны не гледзячы лёс.
Дапамажы Фанечцы, Божухна,
Хай будзе шлях яе да нябёс.