С. Быкава. Вершы

Карані

Карані вы мае, карані…

Вы трымаеце дрэва рода.

І ні больш, і ні меньш, ані –

Вы падмурак майго народа.

Продкі нашы – бацькі, дзяды!

Засталіся нам вашы гоні

І шляхі, на якіх сляды

Ад мінулых часоў – у сёння.

Кожны з вас каранём урос

У глыбіні зямелькі мілай.

І на тых каранях узрос

Беларускі народ-асілак.

 

Мясціна любая

 Здаецца мне: я некалі жыла,

І бачыла не раз бярозку тую,

На гэтым самым месцы я была…

Інакш чаму так гэты край люблю я?

Чаму зямелькі чую кожны ўздых

І ціхі шэпт бярозавага гаю?

Чаму, калі ад’едуся ад іх,

Зямля мая мяне назад гукае?

У сэрцы кожны берагу куток:

І возера, і лес, і ў лузе зёлкі.

Заслаўшчына – душы маёй выток

Пад чыстым небам з фарбамі вясёлкі!

 

Памірае вёска…

(верш нарадзіўся пасля паездкі

ў красавіку 2015 года на радзіму

бацькоў у вёску Гай Магілёўскай

вобласці)

 

Памірае вёска… Ўзняўшы голле

У нямым адчаі да нябёс,

Дрэвы заімшэлыя паволі

Дажываюць свой здзічэлы лёс.

І ляжыць на іх ствалах камлістых

Паламаны і струхнелы плот.

Вецер шамаціць апалым лісцем,

Ды мышэй цікуе шэры кот.

Сіратліва пазіраюць вочы

Перакошаных, у дол уросшых хат.

Ні дзіцячы смех, ні спеў дзявочы

Не абудзяць мёртвы сон прысад.

Пасялілася ў вёсцы ліха,

Ні на дзень, ці тыдзень, а навек.

І канае вёска ціха-ціха,

Памірае, нібы чалавек…

Думкі ўслых

***

У духоўнасці – моц,

                          у свядомасці – сіла,

З імі кожны народ –

                          неадольны асілак.

Пазбаўляюць яны

                          ад сляпога нявецтва,

Каб з’ядналіся ўсе,

                          каб жыло Чалавецтва!

Кахаю…

«Кахаю…» – гэта дзіва-слова.

Яго прамовіўшы услых,

Мы пачынаем жыць нанова,

Нібыта робім першы ўздых

Народжанага немаўляці,

Якое ўпотай ад усіх

Жыло дасюль пад сэрцам маці.

«Кахаю!» – робім смелы крок

З нябыту вечнага чакання

Туды, дзе чысты б’е выток

Жыцця, зямнога існавання,

Каб выпіць за глытком глыток

Напой пяшчоты і кахання.

«Кахаць» сугучна слову «жыць».

Як давядзецца мне стаміцца,

Ці праз пустэчу шлях ляжыць,

Я прыпаду да той крыніцы,

Што невычэрпнай век бяжыць,

Каб зноў жывой вады напіцца

І смагу сэрца наталіць.

   

Люблю…

 Не, не памерла, ты, маё каханне!

У сэрцы – чысціня і цеплыня,

Нібы ў далонях сонечнага рання,

Сагрэўшыся, вуркоча кацяня.

Каханне датыкаецца ласкава

Праменьчыкам, ці ветрыка рукой,

Гудзе чмялём у лузе над атавай,

Ці жаўруком спявае нада мной.

Так хораша на сэрцы – невыказна…

«Жыві заўжды!» – каханне я малю.

І раптам адчуваю я выразна:

Я не кахаю…

                  Я ўвесь свет люблю!..

 

Развітальнае

Яшчэ ўчора надвячоркам ад зямлі

Караблі майго кахання адплылі.

Можа іх чакае недзе лепшы край?

Дай жа, лёс, мне спадзяванне, сілы дай.

Прагучала на спатканні слова «не»,

І растаяла надзея, нібы ў сне.

Мары ў хмарах пахаваўшы, дзень пагас,

Ён ніколі ўжо не стрэне разам нас.

Шчасце ў вырай адляцела – стыне сінь.

Сонца ў лютым не сагрэе – не прасі.

Сэрца падае на дол, на камяні.

Ты святло майго кахання памяні…

 

Ужо і яшчэ…

 Яшчэ не згасла сонца, але ўжо

З-за хмаркі сведка ночы пазірае,

Кладуцца цені, нібы ад крыжоў –

Дзень адгарэў і ціха памірае.

Яшчэ раса не ўпала на траву,

Але ўжо ёй насычана паветра.

Яшчэ цябе я з далечы заву,

Ды вечнасць адмярае кіламетры.

Ўжо восень робіць цяжкі, сумны ўздых

І шамаціць апалым, жоўтым лісцем.

А я яшчэ стаю на крыжавых,

Яшчэ вясну чакаю, як калісьці.

Жывая сувязь

 Жыццё вясновае бруіцца:

Цвіце чаромха ля крыніцы,

Навокал розныя кузуркі

Факстроты танчаць і мазуркі.

Бярозкі, нібыта паненкі,

Надзелі новыя сукенкі,

А вецер-зух па наваколлі

У пругкім гойдаецца голлі.

Пан-маладзік бадзёра крочыць

Па небе да каханкі-ночы,

А калі золак чырванее,

Ад смутку ён зусім бляднее…

Жывое ўсё вакол, жывое,

І ткуцца сувязей сувоі.

Вясной мацнее сувязь тая

І каранямі абрастае.

* * *

Жар-птушкі залацістае крыло

Павольна дол зялёны накрывае.

Усё, што адзвінела, адцвіло,

Пад тым крылом паціху засынае.

Над лесам разліваецца спакой,

Пакінулі яго чароды птушак.

Ціхуткі ветрык недзе за ракой

Лісточак жоўты на дубку пагушкаў.

І ён зляцеў і лёг на карані

Бацькоў-дубоў шматвекавых, вялізных.

А ветрык не задумаўся ані,

Што пеў ён не на свяце, а на трызне.

Лісток заснуў навек паміж дубоў,

Пад шэпт іх векавога запавету,

Пакінуўшы пяшчотную любоў

Да сонца, да дубоў, жыцця і лета…

 

Восеньскім вечарам

 На захадзе нябёсаў сінь

Агнём пунсовым занялася,

Як засцярога-напамін

Аб змрочным, непазбежным часе.

Нібы самотныя званы,

Звіняць ціхутка ў лузе золкі.

Сумуюць, ссохлыя, яны

Па яркіх колерах вясёлкі.

Чарнее ворывам зямля

У восеньскай, пажоўклай раме.

Заціхла ўсё. Заціхла й я

Пад небам восені, бы ў храме…

Мелодыя раніцы

Летняе возера. Раніца.

Ноч адышла ў небыццё.

Зноў на зары абуджаецца

Воднай стыхіі жыццё.

Рыба ў затоне купаецца,

Ходзяць кругі па вадзе.

Ветрык ў чароце хаваецца,

Спіць у яго барадзе.

Шэпты русальчыны, ведзьміны

Ў ранішняй сціхлі цішы.

Ціха дрыжаць усярэдзіне

Чулыя струны душы.

Нібы да іх дакранаецца

Нехта ласкавай рукой…

Льецца мелодыя раніцы,

Водгукам – ціш ды спакой.

Не  бяры  чужога!

 Сонца свеціць угары,

Птушачкі спяваюць,

Вера з Юляй у двары

З цацкамі гуляюць.

Толькі спудзіў цішыню

Крык і гвалт знянацку:

Не падзеляць у гульні

Дзве сяброўкі цацку.

Умяшалася матуля

(Сварка з-за нічога):

«Ты аддай сабачку Юлі,

Нельга браць чужога!»

…Падрасла дзяўчынка Вера –

Лепш няма красуні!

І адбіла кавалера

У сяброўкі Юлі.

І адразу – пад вянец,

Толькі шчасця – дулю!

Ходзіць ціхенька хлапец

Да сяброўкі Юлі.

Да матулі Вера – ў роў,

Трэба ёй падмога.

Паўтарыла маці зноў:

«Нельга браць чужога!»