Сярод новых кніг. Пра што раскажуць помнікі?
Кніга “Минск помнит: вечная память и слава героям» убачыла свет летам гэтага года у выдавецтве “Беларусь”. Яе аўтар – журналіст, пісьменнік, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” Алена Харашэвіч. Пісьменніца ўпэўнена, што вельмі важна захаваць для будучых пакаленняў гістарычную памяць, якая аб’ядноўвае нас з мінулым, выхоўвае пачуццё патрыятызму, любові да сваёй Радзімы.
Мемарыялы, абеліскі, памятныя знакі, манументы воінскай славы… Гэтыя маўклівыя сведкі захоўваюць гісторыю дзяржавы, расказваюць новым пакаленням аб баявых і працоўных подзвігах, здзейсненых іх прадзедамі, дзядамі, бацькамі… Алена Харашэвіч зрабіла вельмі добрую і працаёмкую справу: яна не толькі сабрала, сістэматызавала ўвесь матэрыял аб памятных месцах сталіцы, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, але і адфатаграфавала ўсе гэтыя мясціны.
Кніга падзелена на тры раздзелы: абеліскі, манументы; воінскія захаванні; вуліцы, названыя імёнамі герояў вайны.
Асаблівую цікаўнасць уяўляюць воінскія захаванні абаронцаў радзімы і ахвяр Вялікай Айчыннай. Можа таму, што менш вядомыя? І менш трапляюцца на вочы? Таму што размяшчаюцца часцей не ў людных месцах, а на могілках. Алена Іванаўна наведала ўсе старыя могілкі Мінска, на якіх ёсць захаванні часоў вайны. Напрыклад, на Козыраўскіх могілках устаноўлена стэла загінуўшым падпольшчыкам Сенько, бацьку і двум яго сынам. Адзін з сыноў загінуў у баі, а бацьку разам з другім сынам немцы пасля катаванняў павесілі.
На Кальварыйскіх могілках ёсць цэлыя ўчасткі з індывідуальнымі магіламі часоў вайны, з імёнамі і без, брацкімі магіламі, стэлай загінуўшым невядомым савецкім воінам і цэлы мемарыял у выглядзе раскрытай кнігі з граніту. Там пахаваныя і тыя, хто загінуў пры абароне Мінска ў 1941 годзе, і тыя, хто вызваляў горад у 1944 годзе. Многія з іх для нас застаюцца безымённымі: “Имя твое неизвестно, подвиг твой бессмертен».
На Усходніх могілках у 1955 годзе на месцы брацкай магілы ўстаноўлена мармуровая стэла з надпісам: “Здесь похоронены воины, павшие за освобождение Минска 1941 – 1944». На мармуровых плітах высечаны імёны загінулых воінаў і ўдзельнікаў супраціўлення. Але не ўсіх. Са 190 чалавек вядомы імёны толькі 156.
Стэла з цэменту і граніту ў 1988 годзе была ўстаноўлена на месцы брацкай магілы на могілках былой вёскі Чырвоная Слабада (вул. Машынабудаўнікоў). Там пахаваны тры дзяўчыны-зенітчыцы (прозвішчы іх высечаны на помніку), загінуўшыя ў баях пры вызваленні Мінска.
На ваенных могілках (вул. Казлова) ёсць мемарыял загінуўшым савецкім воінам, удзельнікам супраціўлення і мірным жыхарам, а таксама стэла з імёнамі загінуўшых воінаў і партызан.
У апошнім раздзеле кнігі можна даведацца пра ўсіх герояў, у гонар якіх названы вуліцы Мінска, прачытаць пра тое, якія подзвігі яны здзейснілі і дзе схілілі галовы ў барацьбе за сваю краіну.
Сярод мемарыялаў, абеліскаў і манументаў, несумненна, выдзяляецца Нацыянальны мемарыяльны комплекс “Храм-помнік у гонар Усіх святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужыл” (вул. Усіхсвятская). Гэты храм-помнік узводзіўся сумеснымі намаганнямі беларускага народа, дзяржавы і праваслаўнай царквы. Ён служыць адной з крыніц не толькі ведаў пра ваенныя падзеі, але і фарміравання гістарычнай памяці і нацыянальнай самасвядомасці, павагі да гісторыі Айчыны, беражлівых адносін да яе гісторыка-культурнай спадчыны.
…Кніга “Минск помнит: вечная память и слава героям» сведчыць аб тым, што ў памятных месцах, беражліва захоўваемых беларускім народам, заключана яго сіла, яго адзінства, дух Перамогі і любоў да роднага краю.
Нэлі МЕЛЬНІЧЭНКА

















