Сярод новых кніг. Жыццё… Паласа белая, паласа чорная…
Далёка не фантастычныя, і тым больш не дэтэктыўныя сюжэты аповесцей і апавяданняў Леаніда Крываноса, сабраныя ў кнігу пад назвай “Ку-ку, мой мальчик”, не жадаюць адпускаць чытача, які наважыўся іх пачытаць…
Звычайныя жыццёвыя гісторыі трымаюць у тонусе, не даючы магчымасці адкласці кніжку ўбок – такое не часта здараецца.
Аўтар знайшоў нетрывіяльныя сюжеты з жыцця звычайных людзей, здолеў пераўтварыць іх у гісторыі, якія кранаюць душу, таму што маглі здарыцца з кожным чалавекам, яго родным, блізкім, знаёмым. Ды, мабыць, і здараліся… Бо жыццё – менавіта, такая паласатая рэч: гора і радасць суседнічаюць увесь час. Галоўнае – здолець не пераўтварыць яго ў суцэльную чорную паласу.
Савецкім людзям давялося жыць ва ўмовах складаных сацыяльна-палітычных трансфармацый, якія, несумненна, адбіліся на лёсах. Творы аўтара адрозніваюцца гістарычнай праўдзівасцю апісаных падзей.
Аповесць «Акафист всем скорбящим» адносіць чытача ў часы ўстанаўлення савецкага ладу ў беларускай вёсцы, утварэння калгасаў і барацьбы з рэлігіяй, «опіумам для народа». Большасці нашых бабуль і дзядуль давялося прайсці праз забарону веры, якую яны ўвабралі з матчыным малаком. І гэта было нялёгка.
«Раньше думал, что путь мой в покоянном служении Господу нашему. А как нравы теперешние возобладали после семнадцатого года, с той поры места себе не нахожу. Монастырь наш давным-давно разогнали. Настоятель сгинул в застенках, царствие ему небесное, а братия разбрелась кто куда…» – гэтыя словы айца Нікадзіма, які блукае «по святым местам в молитвах за отечество». У вёсцы Глухі Ток сустрэў ён тых, хто таксама працягвае жыць з верай у Бога. І прасілі яны іераманаха здзейсніць рэлігійныя абрады: хрышчэнне, споведзь, малітву…
Не ўсё жыццё айцец Нікадзім быў манахам. Менавіта тут, у Глухім Току, здарылася з ім бяда: пасля смерці жонкі думаў, што і дачку згубіў, не дагледзеў зп’яну, і яна патанула. «Бродяжничал долго. Пока дорога в монастырь не привела. Это и спасло меня…» – свайго роду споведзь атрымалася ў айца Нікадзіма перад аднавяскоўкай Ефрасінняй.
Тут, у вёсцы, даведаўся ён аб тым, што дачка яго не патанула, а выгадавалі яе хутарцы, адчуўшы пры гэтым і палягчэнне, і горыч. «Однако больно-то как в груди…» – І зразумеў айцец Нікадзім, што прыйшоў канец яго зямным пакутам.
Але ўлады не хацелі пакінуць у спакоі манаха. За тое, што праводзіў службу ў вёсцы, здзяйсняў рэлігійныя абрады…
Айцец Нікадзім спрабаваў казаць, што «вера в Бога всегда была объединяющей духовной основой общества». Аднак тады яго ніхто не чуў. Добра, што прыйшоў час, калі адносіны да рэлігіі змяніліся.
Аповесць «Прощеное воскресенье» – аб узаемаадносінах паміж людьмі. Тэма жыццёвая. Ва ўсе часы. І сёння актуальная не меней. Дарэчы, і рэлігійная тэма крыху праступае, як быццам у працяг папярэдняй аповесці.
«Сейчас Масленица начинается, а в конце её по церковному календарю – прощеное воскресенье. Есть такой у верующих день, когда друг у дружки прощения просят. Так вот, почему бы не попробовать подвести примирение к этому. И повод будет, и искренность, надеюсь, заодно», – настаўляе сябра-кіраўнік Юрэвіча.
У аповесці «Прощеное воскресенье» інтрыгуючы сюжэт, у якім героі, муж і жонка, становяцца ахвярамі абставін і чыіхсьці козней, а магчыма, і асабістых амбіцый. Таму што, бывае, здаецца, што зрабі ты па-іншаму і жыццё ў цябе склалася б інакш, лепей… Але ў выніку спозненных шкадаванняў і пакут можна паламаць дальнейшы лёс не толькі сабе, але і іншым.
Яшчэ на адно апавяданне хочацца звярнуць увагу чытача, менавіта яно дало назву гэтаму матэрыялу. І зноў праводзіцца паралель з папярэднім творам аўтара: параўноўваецца «Инвамир» з «Демаршем» обывателя». Вельмі важна ў складаных выпадках, трагічных абставінах не страчваць веру ў сябе. Віктар пасля страшэннай аварыі застаўся жыць, але назаўсёды быў прыкаваны да інваліднай каляскі. У пору было ўпасці ў адчай… Але ён зрабіў наадварот і «сумел устоять в период крушения надежд… не ожесточился, не ополчился на жизнь…» У яго жыцці пасля аварыі было шмат чаго – і шчаслівыя імгненні, і надзённыя клопаты, і здрада. Але ён працягвае жыць: працуе эканамістам у фірме, няхай нядоўга, але пазнаў «таинство любви». І працягвае верыць і шукаць чалавека, які стане яго спадарожнікам у гэтым няпростым жыцці.
Несумненна, усе людзі розныя, і ўчынкі іх адрозніваюцца. Але чалавек павінны заставацца чалавекам у любых абставінах.
У заканчэнні хочацца звярнуць увагу на тое, якімі яркімі атрымоўваюцца ў Леаніда Крываноса вобразы галоўных герояў яго твораў. Айцец Нікадзім, чыноўнік Вадзім Юрэвіч, цясляр Рыгор Цыплакоў, ці па простаму Цыля, інвалід Віктар… Пасля прачытання аповесці ці апавядання знаёмства з галоўным героем аказваецца настолькі поўным, быццам знаёмы з ім асабіста і нават доўгі час. Таму творы Леаніда Крываноса застаюцца ў памяці надоўга.
Нэлі МЕЛЬНІЧЭНКА

















