З праменьчыкаў святла
У сталічнай бібліятэцы №11 у шэры снежаньскі дзень было ўтульна і цёпла ад праменьчыкаў святла, што бруіліся з чароўнай вітражнай Папараць-кветкі майстра манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Леаніда Лук’янцава (01.04.1953–11.12.2024). Яго памяці прысвячалася літаратурна-мастацкая выстава пісьменніцы і ілюстратара Таццяны Каленік, якая арганізавала сустрэчу паэтаў, сяброў музыкі і слова ў вестыбюлі, дзе да сённяшняга дня захаваўся вітраж мастака.

Зачаравалі арыгінальнасцю графічныя работы і аўтарскія паштоўкі Т. Каленік, што ўпрыгожылі вершы беларускіх класікаў і сучасных паэтаў. Для кожнага паэтычнага твора стваралася свая паштоўка з яе матыўчыкамі і элементамі выцінанкі, што цалкам гарманіруюць са словамі верша.
Таццяна Рыгораўна пазнаёміла прысутных з жыццём і творчасцю мастака, які падарыў гораду і жыхарам мікрараёна Чыжоўка свой шкляны шэдэўр.
З прысвячэннямі выставе і мастаку выступілі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Залесская, Аліна Легастаева, Вольга Норына, Галіна Нупрэйчык, Лізавета Палеес, Вольга Шпакевіч. Шмат цёплых прыгожых радкоў падарылі слухачам сябры літаратурнага аб’яднання “Слова” пры нотна-музычнай бібліятэцы. А бард Алена Маслоўская выканала свае песні і творы на словы вядомых аўтараў.

Любое мастацтва збліжае людзей, упрыгожвае навакольны свет, прыходзіць гармонія, сапраўдная радасць жыцця. Гукі музыкі, вершы, малюнкі… Хочацца, каб часцей яны аздаблялі наша жыццё, абуджалі сумленне, дарылі сапраўдную радасць, ласкавымі праменьчыкамі святла расплаўлялі ільдзінкі ў счарсцвелых людскіх сэрцах.
Прэс-служба МАА СПБ

















