Шануючы геній Караткевіча
Літаратары Мінскага абласнога аддзялення СПБ прынялі актыўны ўдзел у святкаванні 95-й гадавіны з дня нараджэння заснавальніка сучаснай беларускай гістарычнай прыгодніцкай літаратуры Уладзіміра Караткевіча.
25 лістапада намеснік старшыні аддзялення Рагнед Малахоўскі і маладая паэтэса Паліна Дваранская прысутнічалі ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры на адкрыцці выставы “Вясна ўвосень”. Экспазіцыя раскрывае творчы свет У. Караткевіча і яго жыццёвы шлях праз зварот да казачнай прозы, а таксама прадстаўляе багатую выяўленчую спадчыну класіка.
У дзень нараджэння Уладзіміра Сямёнавіча – 26 лістапада – старшыня аддзялення Леанід Крыванос разам з супрацоўнікамі прынялі ўдзел ва ўскладанні кветак да магілы пісьменніка на Усходніх могілках сталіцы. Завяршэннем урачыстых мерапрыемстваў стала правядзенне музеем круглага стала “Феномен даследчыцкай зацікаўленасці і чытацкага шанавання: да 95-годдзя Уладзіміра Караткевіча”. У ім удзельнічалі кіраўніцтва і супрацоўнікі музейнай установы, навукоўцы і даследчыкі творчасці У. Караткевіча, у тым ліку Пятро Жаўняровіч, кандыдат філалагічных навук Мікола Трус, галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова” Наталля Шапран, з боку пісьменнікаў Міншчыны – Леанід Крыванос, кандыдат філасофскіх навук і заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Зіновій Прыгодзіч, кандыдат філалагічных навук Міхась Кенька.
Удзельнікі мерапрыемства ў сваіх дакладах і выступленнях адзначылі магутны ўклад Уладзіміра Караткевіча ў развіццё сучаснай беларускай літаратуры, значэнне творчай спадчыны пісьменніка ў далейшым развіцці культуры краіны.




Прэс-служба МАА СПБ
Фота Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры



















