Малая радзіма сустракала Аркадзя Жураўлёва

У краязнаўчым музеі “Скарбніца Вішнеўскай старонкі”, што працуе ў сярэдняй школе аграгарадка Вішнева Смаргонскага раёна, адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 70-годдзю казачніка, гумарыста і публіцыста – уражэнца гэтых мясцін – Аркадзя Жураўлева. Дзеці з зацікаўленасцю слухалі пісьменніка, задавалі розныя пытанні пра яго творчасць: колькі гадзін працягваецца яго працоўны дзень, які час сутак найлепшы для напісання твораў, што паслужыла штуршком для напісання першых твораў, якія планы на будучае. Былі пытанні і ад настаўнікаў па новых апавяданнях і казках, змешчаных у часопісах “Полымя”, “Вясёлка”, штотыднёвіку “Літаратура і Мастацтва”, тэлеінтэрв’ю ў перадачы “Суразмоўцы”.

Аркадзю Трафімавічу было аб чым расказаць. Бо ён аўтар не толькі пяці кніг: “Я жадаю вам дабра”, “Жывіца”, “Апалонік для дырэктара”, “Цэ-цэ, або Цалуйце цешчу”, “Чароўныя словы”, але і намінаваўся на Нацыянальную літаратурную прэмію, стаў уладальнікам літаратурнай прэміі Мінскага аблвыканкама, мае іншыя літаратурныя ўзнагароды.

Юбіляр чытаў свае вершы, прысвечаныя роднай старонцы, асобныя навелы і абразкі, якія крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Асабліва ажывіліся вучні, калі пісьменнік прадставіў аўдыеверсіі сваіх казак “Як збываюцца мары” і “Чароўныя словы”, што ў свой час гучалі ў “Вячэрняй калыханцы” на Беларускім радыё. Адбыўся шчыры і змястоўны дыялог.

 

Н.І. Тумаш, настаўніца гісторыі Вішнеўскай сярэдняй школы