Вершы ў двары. Адкрыты мікрафон

Ужо другі год запар у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Барысаўскага раёна, па ініцыятыве мясцовага літаратурнага аб’яднання “Актава” (кіраўнік – педагог, член СПБ Марына Лайкова), пад эгідай Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і з удзелам літаратурнага аб’яднання “Майстэрня пісьменніка” пры СПБ (кіраўнік – намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення СПБ Рагнед Малахоўскі) праходзіў фестываль маладых літаратараў “Вершы ў двары. Адкрыты мікрафон”. Сёлета ён адбыўся 20 верасня ў актавай зале ЦТДМ і сабраў не толькі юных літаратараў, але і людзей з розных галін мастацтваў: тэатралаў, мастакоў, музыкантаў. У нязмушанай, нефармальнай абстаноўцы маладыя творцы чыталі свае творы, абменьваліся творчым вопытам. Дадзенае мерапрыемства паказвае, што моладзь не абыякавая да паэтычнага слова.

Слова – не проста інструмент зносін людзей, перадачы вопыту, абмену думкамі і пачуццямі. Слова – гэта пачатак стварэння чагосьці новага, частка творчага працэсу. Але, як ні дзіўна, у сучасным свеце не заўсёды можна сустрэць школу, дзе людзі вучацца валодаць словам. Маецца на ўвазе не сярэдняя агульнаадукацыйная школа: там вывучаюць тэорыю літаратуры і мовы,  а практыка. Менавіта такую школу ўяўляюць сабой літаратурныя аб’яднанні “Актава” і “Майстэрня пісьменніка”.

Перад пачаткам праграмы прадстаўнікі літаб’яднанняў далі інтэрв’ю журналістам газеты “Адзінства”, адзначыўшы, што дзейнасць такіх творчых суполак адыгрывае істотную ролю ў развіцці і рэалізацыі творчага патэнцыялу моладзі, і што падобныя фестывалі важныя для зносін маладых пісьменнікаў паміж сабой і з гледачамі. Максіма Хацкевіча, Паліну Дваранскую,  Аляксандру Жалязнову, Вераніку Лайкову і інш. чытач ужо ведае па публікацыях у рэспубліканскіх выданнях “Літаратура і Мастацтва”, “Маладосць”, “Першацвет”, “Бярозка” і “Нёман”.

Рагнед Малахоўскі і Марына Лайкова падзяліліся поспехамі сваіх навучэнцаў і адзначылі прафарыентацыйныя задачы аб’яднанняў: новаму пакаленню літаратараў неабходна вызначыць сучасныя тэндэнцыі ў літаратуры і імкнуцца заняць сваё месца ў літаратурным працэсе.

Падчас мерапрыемства пачынаючыя паэты і празаікі дзяліліся сваімі творамі. Максім Хацкевіч і Паліна Дваранская прэзентавалі свае дэбютныя кнігі, якія нядаўна выйшлі ў серыі “Бібліятэчка Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі”. Таксама актыўны ўдзел прынялі юныя артысты з тэатральнай студыі “Трыумф”. Праходзіла выстава работ мастакоў-ілюстратараў альманаха “Актава” Васіля і Веранікі Лайковых, Маргарыты Верхаводка  і Маргарыты Марцінчык.

Прэс-служба МАА СПБ