Віншуем з Днём народнага адзінства!
Віншуем з Днём народнага адзінства!
Уладзімір ЦАНУНІН
Мы – адзіны народ
Сотні войн перажыў наш народ за вякі.
Не забыць нам такога ніколі.
У адзінстве са зброяй ішлі землякі
Бараніць свае хаты і волю.
І заўжды пераможцамі ў бітвах былі,
Бо ядналіся думкай адною.
Шмат варожых касцей засталося ў зямлі
Паміж Бугам і хуткай Дзвіною.
Хай запомніць навечна захопнікаў зброд:
Нам ніколі не жыць пад прымусам.
Мы – адзіны, свабодны і горды народ.
Нездарма нас завуць – беларусы.
Лідзія ГАРДЫНЕЦ
Вёска Аўгустова, 17 верасня 1939
Паводле ўспамінаў маіх бацькоў
Верасня сонечны дзень,
Што ён з сабою нясе?
Скача руплівы прамень
Па саламянай страсе.
Шэрых туманаў жальбу,
Слёзы плакучых бяроз
Як ветравей той труху
Ранішні жэўжык абтрос.
Гуртам мужчыны стаяць
Ля Міхасёвых варот.
Бабы не ўцямяць ніяк,
Што тут сёння за сход?
Трэба кароў выганяць —
Сонца на дзень перайшло.
Бульбу ісці ўжо капаць,
Але не спяшае ніхто:
— Ну дачакайся, сынок!
Гладзіць хлопчыну стары:
— Збегай хутчэй у садок,
Яблыкаў кош набяры!
Колькі ж было ўжо гібець,
Мову і тую ў турму.
Хіба ж не можам мы мець
Крыж свой і веру сваю?
Трэба як след прывітаць.
Вось і збываюцца сны.
Будзем гасцей частаваць —
Бабы, рыхтуйце сталы!
Зноў верасовы разліў.
Слова забылі «прыгнёт».
Лёс мой таксама змяніў
Трыццаць дзявяты той год.
Праўдаю не саграшу,
Хоць у той час не жылa.
Вершы на мове пішу —
Той, што матуля дала.
Леанід КРЫВАНОС
Да Дня народнага адзінства
Восень.
Верасень.
Песень
Словы – святочным абрусам.
Былыя ўсходнія крэсы
Спяваюць – мы беларусы!
Восень.
Верасень.
Песняй
Падзеленай колісь Радзімы –
Рэха… гулкае рэха:
Мы – народ адзіны!
Восень.
Верасень.
Песень
Чуецца хор шматгалосны.
Прыгожы народ – беларусаў
Гісторыі выткалі кросны.
Восень.
Верасень.
Песень
Гоман жыццесцвярджальны:
Сямнаццаты дзень верасня
Для Белай Русі – яднальны.
Марыя ШАКУН
Толькі разам
Краіна ў нас ёсць
адна на усіх,
Мы дзеці яе,
а яна – наша маці,
І кожны з сяброў,
знаёмых тваіх
Хацеў бы жыць мірна
у роднае хаце.
Любі, беражы
і ў сэрцы хавай
Куточак бацькоўскі,
дзе свет ты пабачыў.
Ніколі нікому
ты не аддавай
Зямельку, што ў спадчыну
час нам прызначыў.
Мы будзем ў адзінстве,
еднасці жыць,
Тады зразумеем,
трэба і можна
Радзіме і людзям
шчыра служыць.
Мы – сіла, народ.
Мы непераможныя.
Рагнед МАЛАХОЎСКІ
У Дзень народнага адзінства
Узняты сцяг наш урачыста.
Эпоха – новага світанку.
У Дзень Народнага Адзінства
Мы зазірнем у вочы Танку.
Адзін народ. Адна краіна.
Лёс – ва ўзаемадапамозе.
Навекі разам быць павінны.
Не дрэмле вораг на парозе.
Мы ўсе – зямлі любімай дзеці.
Сябры, бацькі, браты і сёстры.
І хоць віруе зло на свеце,
Бароніць Бог Радзімы вёрсты.
Хай сонца ззяе прамяніста
Ў душы, на працы, над Айчынай.
У Дзень Народнага Адзінства –
Адчуць сябе сям’ёй адзінай.
Наталля ЖЫЗНЕЎСКАЯ
Бацькоўскі наказ
Я – дачушка бацькоў, Васіля і Марусі,
Яны ў згодзе з сумленнем жыццё пражылі.
І гісторыяй продкаў сваіх ганаруся,
Што ніколі не здрадзілі роднай зямлі.
Ні дажджы, ні завеі, ні нават спякота,
Чым палохае зверху прырода падчас,
Не зацягнуць мяне з галавою ў балота,
Не зламаюць і веры ў бязлітасны час.
Так вучылі заўжды мяне маці і тата –
Быць навекі адданай старонцы сваёй.
Тут мае карані і бацькоўская хата,
Саграваюць цяплом на зямельцы святой.
Наталля ЖЫЛЕВІЧ
Адна ў нас зямелька
Суквецце народаў
у нашай краіне.
Тут рускі жыве,
армянін, украінец,
А побач – габрэі,
літоўцы, татары.
Ў нас розныя вочы,
ў нас розныя твары,
І розныя песні,
і розныя фарбы,
Традыцыі розныя,
розныя скарбы.
Адметная мова
і вера у Бога –
Адзін толькі шлях,
і адна ў нас дарога.
Адзін на ўсіх ранак
і спеў салаўіны,
Упэўнена, смела
наперад глядзім мы.
Адны карані
і адвечная памяць
Яднаюць навекі
народ мой і славяць.
Адзін у нас гонар,
адна ў нас гісторыя,
Лугі і палеткі
красой непаўторныя.
І сонца адно
ўсіх нас грэе ласкава.
Адна ў нас краіна,
адна ў нас дзяржава.
Адна ў нас зямелька,
адно ў нас і неба –
Другога не будзе,
другога не трэба!