Вулічная галерэя

Вулічная літаратурна-мастацкая галерэя, прысвечаная 80-годдзю Вялікай Перамогі, чакала свайго пагодлівага дня. А завітаў ён толькі цяпер, у верасні, ды яшчэ й напярэдадні свята беларускага пісьменства. Здзейсніўся маленькі цуд: у Мінску над велазаводскім пасёлкам зазіхацела не толькі доўгачаканае сонца, але і імправізаваны салют з вершаў, абразкоў, малюнкаў. Вулічная галерэя “Паслухайце ж! Калі запальваюць зоркі – значыць – гэта камусьці патрэбна?” адбылася. Яе арганізатарам стала супрацоўніца літаратурнага філіяла адзінай у рэспубліцы нотна-музычнай бібліятэкі, празаік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Каленік.

“Гамоняць нябёсы, гараць феерверкамі,
Шматколерна ззяюць агністымі кветкамі,
Вясёлкава пырскаюць яркімі зоркамі:
Пунсовымі, сінімі, срэбнымі, жоўтымі…”

Галіна Нупрэйчык (Плакса).

Свае маляўнічыя зоркі ў гэты дзень запалілі навучэнцы сталічнай СШ № 40. Цэлы феерверк вершаў, абразкоў, загадак даслалі наведвальнікі бібліятэкі, сябры літаратурнага аб’яднання “Слова”, паэты і казачнікі нашай краіны. Сярод літаратараў Мінскага абласнога аддзялення СПБ – вядомыя аўтары Святлана Быкава, Славамір Даргель, Таццяна Дашкевіч, Таццяна Каленік, Людміла Круглік, Галіна Нупрэйчык (Плакса), Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Таццяна Цвірко, Аляксей Шаўцоў.

“Хоць кажуць часам: “Цудаў не бывае”,
Хіба ж не цуда – феерверк-салют,
Што кветкамі ў нябёсах расцвітае
І россыпам здзіўляе ў святы люд?!”

Таццяна Цвірко.

Прэс-служба МАА СПБ