Лета сышло, але засталіся добрыя кнігі
У Мінскім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі падведзены папярэднія вынікі ўдзелу літаратараў Міншчыны ў рэспубліканскай акцыі “Лета з добрай кнігай”. У гэтым годзе пісьменніцкай увагай былі ахоплены месцы летняга адпачынку школьнікаў у Уздзенскім, Дзяржынскім, Барысаўскім, Мядзельскім, Валожынскім і Мінскім раёнах.
З дзеткамі аздараўленчых летніх лагераў “Буравеснік”, “Сонейка” (Нёманская сярэдняя школа) дзіцячага лагера з дзённым прабываннем “Мурашнік” (Ліцвянская базавая школа) у Уздзенскім раёне сустрэлася дзіцячая пісьменніца Галіна Нічыпаровіч. А уздзенскі паэт і публіцыст Віктар Сабалеўскі стаў госцем вучняў сярэдняй школы №2 райцэнтра.
У Ждановічскай сельскай бібліятэцы Мінскага раёна адбылася творчая сустрэча з адпачываючымі ў летнім лагеры мясцовымі школьнікамі паэтэсы, дзіцячай пісьменніцы Ірыны Карнаухавай. У іншы раз пісьменніца завітала ў Барысаўскую цэнтральную раённую бібліятэку імя І. Каладзеева, дзе падзялілася сваімі творчымі здабыткамі з адпачываючымі выхаваўчага-аздараўленча лагера “Чайка”.
Паэтэсу з Валожыншчыны Наталлю Жызнеўскую сардэчна віталі дзеці з выхаваўча-аздараўленчага лагера “Сонейка” Дорскай сярэдняй школы і выхаваўча-аздараўленчага лагера “Дружба” Сівіцкай базавай школы Валожынскага раёна.
Аздараўленчы лагер “Зялёны бор”, што пад Заслаўем у Мінскім раёне, запрасіў на сустрэчу з юнымі спартсменамі, якія адпачывалі там у перыяд летніх канікул, дзіцячую пісьменніцу Таццяну Каленік. Адбылася цікавая размова, прысвечаная 80-годдзю Вялікай Перамогі.
Па запрашэнні кіраўніцтва абласной пісьменніцкай арганізацыі гасцямі прэзентацыі новага калектыўнага зборніка, прысвечанага творчасці пісьменнікаў аддзялення – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і “дзяцей вайны”, “У іх жыцці была вайна” сталі падлеткі, якія адпачывалі ў выхаваўча-аздараўленчым лагеры “Дружба” пасёлка Энергетыкаў Дзяржынскага раёна. Мерапрыемства адбылося ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Удзел у ім прынялі кіраўнік аддзялення Леанід Крыванос і яго намеснік Рагнед Малахоўскі, паэтэсы Наталля Жылевіч і Марыя Шакун з Валожына.
Традыцыйна, у ліпені прадстаўнічая дэлегацыя літаратараў Мінскага абласнога аддзялення СПБ наведала Нацыянальны дзіцячы аздараўленча-адукацыйны цэнтр “Зубраня”. Сустракалі гасцей тэатралізаваным прадстаўленнем школьнікі старэйшых класаў, якія заканчвалі сваю змену. У сваю чаргу пісьменнікі Міншчыны ўручылі дырэктару ўстановы Асмалоўскай Таццяне Вітальеўне падборку кніг для бібліятэкі цэнтра. А пасля перад дзецьмі розных узроставых груп выступілі пісьменнікі.
Старшыня аддзялення Леанід Крыванос прэзентаваў калектыўны зборнік “У іх жыцці была вайна” і альманах “Граніца літаратурная”, якія пабачылі свет у гэтым годзе і прысвечаныя 80-годдзю Вялікай Перамогі. Гучалі вершы на патрыятычную тэму. Намеснік старшыні Рагнед Малахоўскі зацікавіў слухачоў сваім новым зборнікам вершаў “Дзе рачулка Нарачанка…”. Аўдыторыя ахвотна слухала аўтарскія песні паэта Уладзіміра Цануніна, а вучні пачатковых класаў уважліва сачылі за тэатралізаваным дзействам-прэзентацыяй дзіцячага пісьменніка Сяргея Клімковіча. Шмат цікавых пытанняў задавалі дзеткі пісьменніцам Ірыне Карнаухавай і Тамары Бярэзінай. Публіцыст Павел Жукаў расказаў падлеткам аб напісанні сваёй кнігі “Курорт моей мечты”, якая прысвечана Нарачанскаму краю.
Вельмі важна, што ўдзельнікамі гэтых сустрэч сталі дзеткі, якія ў асноўным жывуць у вясковай мясцовасці.
Прэс-служба МАА СПБ