Запрашаем далучыцца!
28 чэрвеня а 12-й гадзіне на Вайсковых могілках Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ладзіць Жальбіны з нагоды 83-й гадавіны смерці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.
У музеі Песняра захоўваецца спецпаведамленне, дзе пазначана, што 28 чэрвеня 1942 года ў 22 гадзіны 30 хвілін “упаў у лесвічны пралёт і разбіўся насмерць народны паэт Беларусі Янка Купала”. Пахаванне адбылося 1 ліпеня 1942 года ў Маскве. Прах паэта вярнулі на Радзіму толькі ў 1962 і перазахавалі на Вайсковых могілках у Мінску.
Сучаснікі Янкі Купалы, якім пашчасціла сустракацца і сябраваць з паэтам, захавалі пра яго самую светлую памяць. Для ўсіх наступных пакаленняў жыве слова Песняра, поўнае любові да Бацькаўшчыны і беларускага народа.
У знак удзячнай памяці творцы, які ахвярна служыў адраджэнню незалежнай Беларусі, запрашаем ускласці кветкі на яго магілу, паслухаць вершы-прысвячэнні Янку Купалу ад беларускіх паэтаў, членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Запрашаем усіх далучыцца да мерапрыемстваў па ўшанаванні памяці першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.

















