Пісьменнікі Міншчыны на “Цімкавіцкіх вытоках – 2025”
21 чэрвеня дэлегацыя Мінскага абласнога аддзялення СПБ ў складзе старшыні аддзялення Леаніда Крываноса, намесніка старшыні Рагнеда Малахоўскага, вядомага літаратуразнаўцы, кандыдата філалагічных навук Міхася Кенькі і дзіцячай пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой наведала літаратурна-музычнае свята «Цімкавіцкія вытокі», якое чацвёрты год запар ладзіцца ў аграгарадку Цімкавічы Капыльскага раёна. Гэта малая радзіма класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага. Сёлетняе свята прымеркавана да 125-годдзя з дня яго нараджэння. Арганізатарамі фестывалю выступілі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Капыльскі райвыканкам. Прысвячалася мерапрыемства і 80-годдзю Вялікай Перамогі.
Падчас адкрыцця мерапрыемстваў на галоўнай сцэне з прывітальным словам выступілі намеснік старшыні Капыльскага райвыканкама Ірына Юха, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік і старшыня абласной пісьменніцкай арганізацыі Леанід Крыванос. Леанід Міхайлавіч падарыў Цімкавіцкай сельскай бібліятэцы некалькі экземпляраў альманаха “Граніца літаратурная” з творамі пісьменнікаў аддзялення. У канцэртнай праграме з чытаннем сваіх вершаў выступілі Рагнед Малахоўскі, пачынаючыя паэтэсы Паліна Дваранская і Аляксандра Жалязнова. Аўтограф-сесію з прэзентацыяй новых кніг ладзіла Кацярына Хадасевіч-Лісавая.
У музеі Кузьмы Чорнага прайшоў навуковы круглы стол, прысвечаны яго творчасці, у якім таксама прынялі ўдзел пісьменнікі Міншчыны, а Міхась Кенька выступіў са спецыяльным тэматычным дакладам.
Прэс-служба МАА СПБ






















