Міншчына адсвяткавала дзень Вялікай Перамогі

На працягу мінулага тыдня пісьменнікі Мінскага абласнога аддзялення СПБ прынялі актыўны ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных 80-годдзю перамогі над фашысцкай Германіяй.

6 мая ў цэнтральным офісе “Беларусбанка” у аўтарскім выкананні гучалі патрыятычныя песні вядомага паэта-песенніка Кастуся Цыбульскага. Трэба адзначыць, што ён працаваў і ў складзе журы рэспубліканскага конкурса “Факел памяці”, арганізаваным установай. А 7 мая Канстанцін Пятровіч выступіў у сталічнай СШ № 32, у яго выкананні прагучала аўтарская песня “Салдат Перамогі”.

8 мая кіраўніцтва аддзялення разам з супрацоўнікамі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры прыняло ўдзел ва ўшанаванні памяці пісьменнікаў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – пахаваных на сталічных Маскоўскіх могілках. Ад паэта Рагнеда Малахоўскага гучалі вершы-прысвячэнні старэйшым калегам і класікам айчыннай літаратуры.

9 мая на пляцоўцы каля Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі прайшоў раённы конкурс юных чытальнікаў і ўзнагароджанне пераможцаў 10-га раённага паэтычнага конкурсу “Перамога ў сэрцы кожнага з нас”. Актыўны ўдзел у гэтых мерапрыемствах прынялі старшыня аддзялення Леанід Крыванос, паэты Людміла Круглік і Антон Анісовіч. У гэты ж дзень у Барысаве ў Лядзішчанскім цэнтры для ветэранаў і ваенаслужачых узброеных сіл выступіла паэтэса і бард Марына Лайкова.

Раённыя бібліятэкі арганізавалі выставы кніг сучасных літаратараў Міншчыны, прысвечаных тэме вайны. Так каля Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі працавала “Сцяна памяці”, дзе былі прадстаўлены кнігі Васіля Гурскага “Цяжкая дарога”, Юрыя Іванова “Моим оружием был Т-34”, Рыгора Саланца “Снайпер Маша”. Уздзенская цэнтральная раённая бібліятэка імя П. Труса стала адной з асноўных пляцовак свята. На тэматычнай выстаўцы адно з цэнтральных месцаў заняла новая кніга Дзмітрыя Вінаградава “Звёзды и люди”, дзе сабраны творы пра гераізм партызанаў, франтавікоў і падпольшчыкаў, ураджэнцаў Уздзеншчыны.

Пісьменнікі Міншчыны таксама прынялі актыўны ўдзел у святкаванні Дня Дзяржаўнага герба, Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.

Прэс-служба МАА СПБ