Уладзіміру Ліхадзедаву – 60!

Шасцідзесяцігадовы юбілей адзначае вядомы даследчык-краявед, філакартыст і калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў.

Ён аўтар шматлікіх краязнаўчых праектаў і кніг-альбомаў, такіх як “Ад Полацка да Віцебска”, “Блакада”, “Місія міласэрнасці”, “Полацк. Першая сталіца”, “Полацк. Крыніца ведаў і асветы прамень”, выданняў, якія прысвечаны Слоніму, Навагрудку, іншым куточкам Беларусі. Выданні юбіляра прэзентаваліся ў бібліятэцы Кангрэса ЗША і штаб-кватэры ААН.

Унікальная калекцыя фотаздымкаў і паштовак, якую Уладзімір Аляксеевіч збірае ўжо шмат дзесяцігоддзяў, дапамагае аматарам і даследчыкам айчыннай гісторыі наяве акунуцца ў атмасферу мінулага. Уладзімір Ліхадзедаў – цікавы рэканструктар тэхналогій старажытнага кнігадруку. Ён з дапамогай іншых аматараў гісторыі аднавіў дзеючы друкаваны станок і абсталяванне для вырабу “чэрпанай” паперы, выкарыстаўшы пры гэтым чарцяжы сярэднявечча. На гэтым абсталяванні і па тэхналогіі XVI стагоддзя была ўзноўлена адна з кніг Францыска Скарыны.

Уладзімір Ліхадзедаў з’яўляецца лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, лаўрэатам прэміі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ў галіне літаратуры і мастацтва, адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі і ўзнагародамі замежных краін.

Саюз пісьменнікаў Беларусі шчыра віншуе Уладзіміра Аляксеевіча Ліхадзедава з юбілеем. Жадаем моцнага здароўя, жыццёвага аптымізму, бадзёрага творчага настрою і натхнення на стварэнне новых цікавых праектаў!

 

Прэзідыум,

Мінскае абласное аддзяленне

Саюза пісьменнікаў Беларусі