Тыдзень роднай мовы адзначылі пісьменнікі Міншчыны

Творчай асветніцкай актыўнасцю адзначыліся літаратары Мінскага абласнога аддзялення СПБ падчас святкавання Тыдня роднай мовы.

У Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук у складзе дэлегацыі ад Саюза пісьменнікаў Беларусі, якую ўзначаліла Алена Стэльмах, з акадэмічнымі вучонымі-мовазнаўцамі сустрэліся Зіновій Прыгодзіч, Рагнед Малахоўскі, Леанід Крыванос. Вялася размова пра навуковыя даследаванні ў галіне беларускага мовазнаўства. Пісьменнікі наведалі Музей старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы.

На тэлеканале “Беларусь 3” выступіла з інтэрв’ю вядомая дзіцячая пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая.

У Янавіцкай сярэдняй школе Клецкага раёна ладзілася літаратурная гасцёўня “З любоўю да роднага слова”, у якой прыняла ўдзел мясцовая пісьменніца Галіна Нупрэйчык. Яна чытала вершы пра родную мову, бацькоўскі край, дзяліліся з вучнямі і настаўнікамі творамі, напісанымі да васьмідзесяцігоддзя Вялікай Перамогі.

У Кухціцкім дзіцячым садзе Уздзенскага раёна перад маленькімі слухачамі выступіла Таццяна Цехнебедзіна (Гай). Аўтар чытала вершы і казкі, праводзіла віктарыну з загадкамі, якія дзеці з задавальненнем адгадвалі.

У сярэдняй школе № 101 горада Мінска адбылася сустрэча з паэтам Рагнедам Малахоўскім. Ён прэзентаваў сваю новую кнігу “Шлях слязы”, чытаў вершы, расказваў пра стан беларускай мовы ў грамадстве, адказваў на шматлікія пытанні.

У вёсцы Пратасевічы Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці з вучнямі старэйшых класаў сустрэлася Лёля Багдановіч. Яна прэзентавала новую кнігу “Зорныя карункі”, шчодра дзялілася сваёй творчасцю і літаратурнымі планамі.

Прэс-служба МАА СПБ