Пад ціхія акорды лістапада

Літаратурна-музычная імпрэза з удзелам пісьменнікаў Міншчыны,, якая адбылася ў філіяле сталічнай бібліятэкі № 3 імя У. Маякоўскага, мела адпаведную пары года назву: “Пад ціхія акорды лістапада”. Здавалася, мелодыя ўтульнага восеньскага вечара суправаджае падзеі, якія праходзілі ў пакоях бібліятэкі. На гэты раз яе наведвальнікі пазнаёміліся з творчасцю членаў Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Ірынай Карнаухавай і Таццянай Дашкевіч.
Лёгка і пяшчотна, як ніколі раней, гучалі ў асяроддзі зацікаўленых гледачоў вершы ў выкананні аўтара Ірыны Аляксандраўны Карнаухавай. Паэтэса, дзіцячая пісьменніца, член Беларускага саюза музычных дзеячаў, нязменная гаспадыня народнага клуба паэтаў і кампазітараў “Жывіца” распавяла пра свой творчы шлях, пра літаратурныя зборнікі, якія павінны выйсці ў хуткім часе, пра новыя праекты клуба.
Згадала Ірына Аляксандраўна і цікавыя факты з жыцця і творчасці празаіка, журналіста, былога намесніка старшыні Мінскага абласнога аддзялення СПБ Анатоля Уладзіміравіча Смалянкі, які роўна дзесяць гадоў таму пакінуў гэты свет, і паэта Уладзіміра Міхайлавіча Рунцэвіча, якога не стала зусім нядаўна. У памяць творцаў у бібліятэцы арганізавана літаратурная выстава. На ёй прадстаўлены біяграфічныя звесткі аб аўтарах, успаміны калег па пяры, падборка кніг Анатоля Смалянкі з фонда Мінскага абласнога аддзялення СПБ, паэтычныя зборнікі Уладзіміра Рунцэвіча, а таксама графічныя замалёўкі да іх.
Здзівіла шматграннасцю Таццяна Дашкевіч. Паэтка, дзіцячая пісьменніца, сцэнарыст, аўтар-выканаўца песень, рэдактар аднаго з любімейшых чытачамі часопісаў “Нёман”… Шчырыя эмоцыі ў прысутных выклікалі спевы пад гітару, паведамленне аб супрацоўніцтве ганаровай госці з вядомым расійскім спеваком Дзмітрыем Малікавым, работа з дзіцячымі калектывамі, супраца з дзіцячай праграмай “Маячок” пры Свята-Елісавецінскім манастыры, яе неабыякавае стаўленне да лёсаў дзяцей вайны.
На імпрэзе была прэзентавана новая кніга-помнік “Ніколі не забудзем” (выдавецтва “Мастацкая літаратура”) Таццяны Дашкевіч. У гэтае выданне ўвайшлі фотаматэрыялы і ўспаміны дарослых, на чыё дзяцінства прыпала вайна, запісаныя і апрацаваныя пісьменніцай. Нават сапраўдныя друкарскія старонкі пашчасціла пагартаць і пабачыць на свае вочы чытачам. Варта нагадаць, што ў бібліятэцы другі месяц працуе выстава, прысвечаная творчасці пісьменнікаў Міншчыны, на якой прадстаўлены шматлікія кнігі, калектыўныя зборнікі, публіцыстыка, перыядычныя выданні, ў якіх друкуюцца аўтары, у тым ліку і фаліянт “Ніколі не забудзем”, які зусім нядаўна паступіў у фонд бібліятэкі. Прыемна, што выстава папоўнілася падарункамі ад пісьменнікаў Мінскага абласнога аддзялення СПБ: кнігамі, кампакт-дыскамі, фатаграфіямі, вершамі-рукапісамі і інш.
Арганізавала і правяла сустрэчу член МАА СПБ Таццяна Каленік.
Яна Журавей