Г. Аўласенка. Прыгоды Васі Лайдачкіна
Кот без ботаў
Жыў на свеце хлопчык Вася Лайдачкiн. І любіў ён ленавацца. А выконваць хатнія заданні, чысціць зубы і займацца спортам — не. І здарылася з ім страшнае: настаўніца беларускай мовы паставіла двойку… Так пачынаецца кніга Генадзя Аўласенкі «Прыгоды Васі Лайдачкіна» (выдавецтва «Беларусь», 2015).
…Каб не атрымаць наганяй ад бацькоў, хлопчык вырваў з дзённіка ліст і схаваў яго ў кніжцы з казкамі. І толькі прылёг адпачыць, як будзіць яго кот у ботах. Аказваецца, Двойка збегла са старонкі і ўчыніла разгром у чароўнай краіне казак. Рабіць няма чаго — трэба выпраўляцца ў падарожжа і прыструніць бунтарскую Двойку.
У краіне казак тым часам дзеецца хаос. Тры парасяці ганяюць па лесе ваўка, Карлсан ператварыўся ў графа Дракулу, а славуты кот застаўся без ботаў.
На шчасце, на выдранай старонцы знайшлася яшчэ Васьмёрка па фізкультуры і Сямёрка па музыцы. Яны становяцца вернымі памочнікамі Васі і дапамагаюць адужаць усе нягоды. Аднак з Двойкай па беларускай мове не ў стане зладзіць нават яны. З Двойкай Вася мусіць управіцца сам…
У краіне шкодных звычак з дапамогай Здаровага Ладу Жыцця Вася пераможа ляноту да водных працэдур і чысткi зубоў, цягу да салодкага, гульні ў камп’ютар да позняй ночы і зарачэцца дакранацца да цыгарэт. Кніга падыдзе дзецям малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту для самастойнага чытання.
Ілья ІВАНОЎ
http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/09/38-2015.pdf