Пісьменнікі Міншчыны на ХХХІ Дні беларускага пісьменства ў Івацэвічах
Share the post "Пісьменнікі Міншчыны на ХХХІ Дні беларускага пісьменства ў Івацэвічах"
31 жніўня – 1 верасня берасцейская зямля гасцінна вітала ўдзельнікаў ХХХІ Дня беларускага пісьменства, якое прайшло ў горадзе Івацэвічы. Актыўны ўдзел у святочных мерапрыемствах прыняла дэлегацыя Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Літаратары наведалі Івацэвіцкі раённы цэнтр культуры, дзе праходзілі навуковыя чытанні Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі. З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся старшыня аддзялення Леанід Крыванос. Пасля навуковых чытанняў там жа ў цэнтры культуры адбылася творчая сустрэча з народным пісьменнікам Беларусі Мікалаем Іванавічам Чаргінцом.
На пляцоўцы “Слова пісьменніка” адбылася літаратурна-музычная імпрэза “Паэтычная ліра Міншчыны”, на якой прэзентаваўся зборнік музычных твораў аддзялення “Радзімы песенныя сцежкі”. Са сваімі вершамі і песнямі перад гасцямі свята выступілі Ірына Карнаухава, Людміла Круглік, Антон Анісовіч, Галіна Нупрэйчык, Кастусь Цыбульскі.
З прэзентацыяй сваіх новых кніг, выдадзеных у выдавецтве “Чатыры чвэрці”, выступілі празаікі і публіцысты Павел Жукаў – з кнігай “Курорт моей мечты”, Рыгор Саланец – з кнігай “Снайпер Маша”.
У літаратурным марафоне “Мая ты родная зямліца”, арганізатарамі якога сталі калегі па Брэсцкаму абласному аддзяленню СПБ, прынялі ўдзел паэты Рагнед Малахоўскі і Людміла Круглік.
На галоўнай сцэне Дня беларускага пісьменства сваімі песнямі радаваў гледачоў паэт-песеннік Кастусь Цыбульскі. Традыцыйна тэатрэлізаваную аўтограф-сесію на стэндах выдавецкага дома “Звязда” і “Белкнігі” правяла вядомая дзіцячая пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая.
Галоўнай жа падзеяй для Міншчыны і калег па пяру стала перамога салігорскага паэта Фёдара Гурыновіча ў рэспубліканскім конкурсе і прысваенне яму ганаровага звання лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі за 2023 год у намінацыі “Паэзія” за кнігу “Паляўнічая паэма”.
Папярэднічала Дню беларускага пісьменства па традыцыі Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў”, у якой прынялі ўдзел паэты з Барысава Марына Лайкова і Максім Хацкевіч.
У пісьменнікаў Міншчыны засталіся найлепшыя ўражанні ад праведзеных дзён на Івацэвіцкай зямлі.
Прэс-служба МАА СПБ