Культурная падзея ў жыцці літаратараў Міншчыны

24 красавіка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ва ўрачыстай абстаноўцы адкрылася выстава, прысвечаная творчасці вядомай дзіцячай пісьменніцы з Мінскага абласнога аддзялення СПБ Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. На мерапрыемстве прысутнічалі сама віноўніца падзеі, прыхільнікі яе казачных і фантастычных гісторый, родныя і блізкія, калегі з абласнога і сталічнага аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі, педагогі Ждановічскай сярэдняй школы Мінскага раёна, дзе аўтар працуе настаўніцай, супрацоўнікі дзіцячых бібліятэк.  З прывітальным словам да прысутных звярнуўся дырэктар музея Сяргей Усік. Цёплыя словы ў адрас Кацярыны Хадасевіч-Лісавой сказалі старшыня гарадской пісьменніцкай арганізацыі, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Міхась Пазнякоў і старшыня абласнога аддзялення СПБ Леанід Крыванос.

Прагучала шмат слоў удзячнасці ад кнігалюбаў, калег па пяру і наведвальнікаў музея. Пасля афіцыйнай часткі адбылася экскурсія па выставачнай экспазіцыі.

Адкрыццё выставы стала яшчэ і своеасаблівым святочным падарункам Кацярыне Станіславаўне. Бо ў гэты дзень пісьменніцы споўнілася 45-гадоў.

Прэс-служба МАА СПБ