Да Дэкады рускай кнігі: свята мастацкага перакладу

13 сакавіка ў межах Дэкады рускай кнігі ў Валожынскім раённым цэнтры культуры адбылася творчая вечарына паэтэсы, перакладчыцы Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Зінаіды Гасціловіч.

У выкананні мясцовых прыхільнікаў мастацкага слова са сцэны гучалі арыгінальныя творы класікаў рускай літаратуры А.Пушкіна, М.Лермантава, І.Крылова, М.Някрасава, С.Ясеніна, а таксама вядомых расійскіх аўтараў савецкага часу. А Зінаіда Геранімаўна агучвала іх на беларускай мове. Гледачы з зацікаўленасцю праслухалі песню «Отговорила роща золотая» на словы Сяргея Ясеніна і іншыя музычныя творы, глядзелі ўрыўкі з мультфільмаў па казках Аляксандра Пушкіна ў перакладзе Зінаіды Гасціловіч. Па байках Івана Крылова адбылася цэлая віктарына, у якой прынялі ўдзел усе госці вычарыны.

Павіншаваць майстра перакладу прыехалі калегі па пісьменніцкаму саюзу, у тым ліку старшыня аддзялення Леанід Крыванос, сакратар секцыі мастацкага перакладу СПБ Рагнед Малахоўскі, паэтэсы Тамара Бярэзіна з Маладзечна, Наталля Жызнеўская з Валожынскага раёна, Марыя Шакун і Аксана Мітрошчанкава з Валожына. Шчырыя словы падтрымкі прагучалі ад кіраўніка народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Наталлі Жылевіч і іншых удзельнікаў калектыву.

Мерапрыемства стала яркай культурнай з’явай у літаратурным жыцці Міншчыны.

 

Прэс-служба МАА СПБ