Дазорныя сцежкі сучаснай літаратуры
У Культурна-дасугавым цэнтры органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь адбылося адметнае свята кнігі. І гэтаму была яркая нагода. У бягучым годзе ў выдавецтве “Адукацыя і выхаванне” выйшла кніга мастацка-дакументальных навел “Судьбой повенчаны с границей”. Яе аўтар – пісьменнік, ветэран органаў пагранічнай службы, палкоўнік у адстаўцы Леанід Крыванос. Выданне прысвечана сённяшнім абаронцам беларускай мяжы, тым хто праявіў высокі прафесіяналізм і мужнасць пад час выканання задач па забеспячэнні пагранічнай бяспекі дзяржавы.
Старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта генерал-маёр Моластаў Канстанцін Генадзьевіч уручыў героям кнігі, якія прыехалі ў сталіцу з самых аддаленых куткоў Беларусі, падарункавыя экземпляры выдання. Сярод іх – і тыя, хто ўжо ў адстаўцы, і тыя, хто працягвае выконваць службовыя абавязкі. Пад час цэрымоніі кіраўнік пагранкамітэта звярнуў увагу прысутных, што “служба па ахове дзяржаўнай мяжы ніколі не была лёгкай і спакойнай, заўсёды давала пагранічнікам магчымасць праявіць мужнасць і гераізм, даказаць сваю беззаветную любоў да Радзімы”. Канстанцін Генадзьевіч таксама адзначыў, што змест кнігі “Судьбой повенчаны с границей” – гэта зацверджаны ў беларускай літаратуры прыклад служэння Айчыне, яе народу. Асабістую падзяку кіраўнік ведамства выказаў аўтару і ўручыў яму Падзяку Старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь за плённую сумесную дзейнасць з органамі пагранічнай службы, аказанне дапамогі ў выкананні задач, ускладзеных на органы пагранічнай службы, па правядзенні дзяржаўнай пагранічнай палітыкі.
У сваю чаргу Леанід Крыванос адзначыў, што сярод тых, хто сёння дастойна носіць зялёную фуражку, шмат жанчын. Гэта своеасаблівая даніна часу. Але гэта ніколькі не ўплывае на надзейнасць пагранічнай службы. Аўтар пажадаў героям навел і ўсім прысутным поспехаў у іх ратнай працы, міру і дабрабыту. А таксама паабяцаў, што будуць напісаны новыя творы на тэму граніцы.
Пасля ўрачыстай часткі адбыўся канцэрт ансамбля пагранічнай службы, дзе гучалі музычныя творы на словы Л. Крываноса.
Прэс-служба
Мінскага абласнога аддзялення
Саюза пісьменнікаў Беларусі