Літаратурны марафон да 80-годдзя Хатынскай трагедыі «Званоў перазвон». Алена РАЗУМОЎСКАЯ. Прыязджайце нізка пакланіцца

Кадр 1

Нялёгка пачынаць свой аповед-успамін. Рука пачынае дрыжаць, не ўтрымаць спакойна пальцы на клавіатуры.1987 год.Мне чатырнаццаць. Я вучуся ў сёмым класе.Зранку ў школе навіна – ў суботу едзем на экскурсію ў Хатынь.Гэта другая экскурсійная паездка нашага класа.Першая была ў Вялікі тэатр оперы і балета ў Мінску і музей Вялікай Айчыннай вайны.
Урок гісторыі. Я яшчэ слаба ўяўляла, што гэта за вёска Хатынь. Вырасла ў горадзе ў пасляваенныя гады. Класны кіраўнік Святлана Емельянаўна казала, што гэта спаленая вёска разам з яе жыхарамі ў гады вайны. Навошта? Ці трэба дзяўчынцы адчуць гэты боль?Кажуць: ніколі не забудзем!.. Але я не бачыла гэтага гора. І ўсё-ткі – еду. Хачу сваімі вачыма пабачыць, што такое вайна, якія няшчасці і боль прыносіць яна людзям.
Дарога ў Хатынь была нядоўгай. І вось перада мной паўстала жудасная карціна. Званы, бярозы, коміны, імёны загінуўшых…шмат імёнаў. Па скуры быццам пабеглі мурашы. Мне стала горача. Дзеці…маленькія і падлеткі…а яны ў чым вінаватыя?! Кветкі, цацкі каля пліт. Яны ніколі ўжо не будуць гуляць з гэтымі цацкамі і ніколі не ўбачаць блакітнае неба і сонца. Не засталося ніводнай цэлай хаты.
Трагедыя Хатыні паказвае і ахвяр іншых знішчаных вёсак. Я нарадзілася і доўгі час працавала ў горадзе Беразіно, але хачу ўспомніць і вёскі Бярэзінскага раёна. Яны таксама не адрадзіліся пасля вайны. Гэта вёскі Уцешына,Тоўсціца, Баравіно, Клешчыцы, Войцехава. З іх, вёскі Чырвоная (спаленая 14.10.1942г. Загінула 86 жыхароў. Расправу ўчыніў карацельны батальён Дзірлевангера) і Баравіно. А людзі хацелі жыць, працаваць, гадаваць дзетак.
Ледзь крочыла я па сцяжынам памяці. Вочы сталі вільготнымі. Я ўявіла сабе жудасную карціну смерці людзей, якіх спалілі жывымі, як галасілі дзеці, як растрэльвалі іх бацькоў.Мне стала страшна. На момант я закрыла рукамі вушы. Захацелася бегчы з гэтага месца як мага далей, але ногі мяне не слухаліся.
Трагедыя беларускага народа. Што мне дапамагло асэнсаваць яе? Мае адчуванні і ўражанні прывялі да высновы, што я буду рабіць усе дзеля таго, каб пра Хатынь ведаў увесь свет. Я хачу мірнага неба, без слёз і пакут.
Кадр 2

Мне 55. У саставе групы работнікаў Салігорскай бібліятэкі і аб’яднаннем “Музыка ветра” зноў трымаем экскурсійны курс у Хатынь. Праз шмат гадоў хачу аднавіць і асэнсаваць у памяці трагедыю мінулай вайны. Каб потым расказаць пра ўбачанае дзецям і ўнукам. Якія пачуцці зараз ахопліваюць мяне? – Боль, перасцярога, хваляванне! Я і зараз лічу, што кожнаму з нас неабходна наведаць гэта скорбнае месца, прапусціць гэтыя пакуты праз сябе і зрабіць усё магчымае і не магчымае, каб жыць у спакоі.
Чытаю назвы загінўшых вёсак і ком застрае ў горле. У Хатыні 26 хат знішчана карнікамі. Хочацца маўчаць, схіліўшы ніц голаў. Вельмі ўражвае постаць чалавека з хлопчыкам на руках. Чытаю: “Няскораны”. Гэта назва скульптуры Іосіфа Камінскага. Падыходжу да вечнага агню. Ціск, нібы метраном, грукае ў вісок… памятаць, памятаць, памятаць. Мяне ўражваюць па-ранейшаму і архітэктура, і гучанне званоў, і скульптуры. Вобраз загінуўшай вёскі аказвае моцнае ўздзеянне на наведвальнікаў, галосіць пра трагедыю народа.
І праз шмат год неабходна раскрываць праўдзівыя факты гісторыі генацыда беларускага народа, фарміраваць ў падрастаючага пакалення пачуццё патрыятызма. Па кроплях збіраецца памяць…
Зараз мне 59. Я працую ў ДУК Салігорскі краязнаўчы музей кіраўніком літаратурнага аб’яднання “Верас”. З’яўляюся сааўтарам зборніка вершаў “Запалім зорку памяці”. Традыцыйнымі сталі ўдзел ў гарадскіх мерапрыемствах: выставы да Дня Перамогі і Дня вызвалення Беларусі, Дня абаронцаў Айчыны. Неаднаразова праводзіліся мерапрыемствы памяці ахвяр генацыда з вучнямі школ і гімназій. На працягу года працавала перасовачная выстава “Рэха вайны”, за асабістыя сродкі выдадзены мультымедыйны альбом з аднаіменнай назвай.Удзельнікі аб’яднання наведалі мемарыяльны комплекс Трасцянец, дзе нацыстамі быў створаны канцэнтрацыйны лагер і “Яма”, месца растрэлу мірных жыхароў. Ладзіліся экспедыцыі ў г.п. Старобін і вёскі Пагост Салігорскага раёна па месцах захараненняў загінуўшых ахвяр Халахоста. Наведалі Барысаўскі краязнаўчы музей імя І. Х. Каладзеева.
Творцы пішуць вершы, прысвечаныя памяці загінуўшых у вайне і яе героям.Колькі будзем жыць, будзем памятаць і захоўваць мір на сваёй зямлі.
Мне хочацца крычаць на ўвесь голас: Людзі! Беражыце нашу прыгожую Беларусь! Прыязджайце ў Хатынь нізка пакланіцца!